Міхал Лынькоў
Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў
Калі б хто запытаў Мішку:
- Што ты любіш больш за ўсё на свеце?
Ён адразу б сказаў, каб умеў гаварыць:
- Што люблю? Маліну люблю... Мёд люблю... Цецеруковыя яйкі люблю...
- А яшчэ што?
- І яшчэ маліну.
Дужа любіў Мішка маліну і праз гэтую маліну вялікія непрыемнасці меў, і ўсякія праз яе няшчасці з ім здараліся і пакуты. Але цярпеў, крыўды зносіў і знявагі.
Вось і сягоння напалі на яго няўдачы. Ішоў пануры, нізка схіліўшы галаву, хістаўся троху з боку на бок і час ад часу вурчаў паціху, пад нос. Тады спынялася матка на якую хвіліну і пагрозліва касіла вокам і выскаляла зубы. Мішка таксама спыняўся, кідаў вурчаць і, схіліўшы да самай зямлі галаву, хітра сачыў за маткай, а ці не дасць часам яшчэ па загрыўку. Сачыў і быў гатовы адразу ж кінуцца наўцёкі, падалей ад матчыных пачастункаў. Ну як жа тут не быць панурым і сумным.
А пачалося ўсё раніцой. Яшчэ не паднялося сонца, яшчэ клубіўся туман над палянамі, як заварушылася Мішкава матка, грузна ўзнялася на пярэднія лапы. Потым, зяхнуўшы, стала на ўсе чатыры, шумна атрэслася ад моху, ад сухога лісця і падалася наверх з цёмнай бярлогі. Бачыў Мішка, як стаяла яна на краі бярлогі і, выцягнуўшы галаву, удыхала трапяткой і гарачай наздрыной свежае паветра раніцы, потым павяла кругом галавой і замерла на якую хвіліну - прыслухалася. Аднекуль здалёк прыляталі глухія гукі балабонаў - відаць, пасвіліся на балоце коні. Ціха пранесліся над палянай качкі, пралапацеў крыллямі цецярук - аж аблізнулася матка, уздыхнула. Тады Мішку зрабілася сумна. Мо таму, што ў бярлозе, пад вялікім яловым вываратнем, было цемнавата, мо таму, што без маткі рабілася холадна і няўтульна. І Мішка паціху заскуголіў. Матка вярнулася назад, узяла Мішку зубамі за карак і паставіла на ногі. І Мішка ведаў, што гэта значыць: «Уставай, лодар, лежабока, час ужо па снеданне ісці!» Ён паспрабаваў жартаваць, упірацца, забіраўся па карэннях аж пад самы верх бярлогі. Але, атрымаўшы некалькі лёгкіх кухталёў, пайшоў паслухмяна з бярлогі.
Наверсе было халаднавата, стаяла раса, і Мішка асцярожна пераступаў з нагі на нагу, зябка атрасаючы лапы ад сцюдзёных кропель вады, стараўся патрапіць у матчыны сляды, каб лішне не замачыцца. Але ўрэшце гэта яму надакучыла, і ён кінуўся з усіх чатырох ног, абагнаў матку і пабег што было сілы па кустах, па алешніку, спалохаўшы некалькі птушак, якія вылецелі з густой травы проста з-пад Мішкавага носа. Мішку хацелася сагрэцца, пабязуліць. Але ці разумее ж гэта матка. Яна, як заўсёды. Вось дагнала яго, злосная, узрушаная, і дала так па загрыўку, што ў Мішкі пазелянела ўваччу і ён уткнуўся носам у зямлю, балюча накалоўшыся на хваёвую шышку. І да таго ўзлаваў, аж сам сябе не помніў. Злаўчыўся, ды як хопіць неўзаметку зубамі за матчыну нагу, аж зараўла старая мядзведзіха. А сам наўцёкі, аж задыхаўся бегучы, засопся. Ды дзе ты ўцячэш. Чуе Мішка, зямля дрыжыць за ім - то бяжыць, даганяе матка. Аж у пот у халодны кінула. І вось дагнала. І такога чосу задала, што Мішка доўга не мог ачухацца. І ўрэшце, як ударыць матка нагой, аж пакаціўся з узгорка Мішка і ніяк устаяць не мог, учапіцца нагой за што-небудзь. Ляцеў, ляцеў, ды як шлёпнецца ў канаву. Ускочыў у гразь аж па самыя вушы, ні павярнуцца, ні паварушыцца, ні з канавы гэтае выбрацца. Тырчыць пыса з вады, палахліва бегаюць вочкі, ды ціха скуголіць Мішка ад страху ды ад болю. Паважна падышла старая маці, спынілася, над Мішкам нагнулася, лізнула языком у яго халодны нос - Мішка і вочкі заплюшчыў з перапуду: а што, калі дасць яшчэ за ўсе яго штукі. Але мядзведзіца асцярожна ўзяла яго за карак, падчапіла нагой і выцягнула з канавы. Ухапіўшы яго пярэднімі лапамі, высока падняла і патрэсла, каб асыпалася з Мішкі ліпучая гразь. Потым паставіла на ногі, - ідзі, моў, неслуш, ды не дурыся болей! І пайшоў Мішка мокры, брудны, цярпліва ішоў па матчыных слядах, не адступаючы ад яе ні на крок, ціха, разважна, панура. Вось чаму сумны быў наш Мішка, ды час ад часу паціху бурчаў, спрабуючы агрызацца на матчыны загады.
Яны ішлі доўга. Прайшлі паўз паляну, дзе было складзена бярвенне і дровы. Матка перавярнула некалькі калод, знайшла пад імі багата чарвякоў розных і, забыўшыся на Мішкава непаслушэнства, частавала яго і ласавала. У паленніцы дроў выпарала невялічкае гняздзечка. У ім было з паўдзесятка маленькіх сіняватых яечак. Яны былі надзвычайна смачныя, і Мішка аж задзіраў пысу ўгору і, звярнуўшы ў трубачку язык, высмоктваў іх і, забыўшыся, глытаў і шкарлупкі.
Пасля пайшлі праз балота, старанна абышлі месца, дзе чуваць былі конскія балабоны, з балабонамі чуваць былі і людскія галасы. І хоць Мішка ні разу чалавека не бачыў, але па тым, як ухілялася старая маці ад сустрэч з чалавекам, адчуваў, што гэта няйначай, як самы хітры вораг, магчыма, што нават горш чымся жаба альбо чмель, ці, скажам там, вожык. З гэтымі ўсімі паспеў пазнаёміцца Мішка, і знаёмства не дало яму асаблівай прыемнасці. Паспрабаваў раз жабу лізнуць языком - пляваўся колькі; ды дні са тры язык усё садніла, гарэніла. Добра даўся чмель у знакі, доўга ганяўся за ім Мішка. Прыгожы быў чмель, вясёлы такі, залацісты. Сам невялічкі, а голас дае - ку-у-ды там, гудзіць, аж трава калыхаецца. Ганяўся Мішка за чмелем і ўбачыў, як схаваўся той у невялічкую купіну. Тут і пачаў пароць яе Мішка, носам рыць. Рыў, рыў ды як зараве нечакана, аж матку перапалохаў, тая з бярлогі была выскачыла. Дні са два пух нос з таго часу, гарэў усё, Мішка і ў вадзе яго паласкаў, і аб матчыны бакі цёр, да сырой зямлі прыкладаў. Сяк-так адратаваў нос. І цяпер, калі заўважыць чмяля, дык бокам, бокам ды за куст куды, падалей ад чортавай мухі. Вось вам і чмель!