Выбрать главу

Так паспрыяў Мішка нашай перамозе, выратаваўшы ў час кулямёт і кулямётчыкаў. І з якіх толькі палкоў не прыходзілі чырвонаармейцы падзівіцца на казачнага артыста-кулямётчыка, прывітаць яго са славай і перамогай. Гэтую славу дзяліў з Мішкам і яго заўзяты таварыш Жук, які апынуўся разам з ім на заваяваным беразе. Але абодва яны не задзіралі носа ад славы і паціхеньку рабілі свае справы - артыстычныя і баявыя: гледзячы па абставінах. Калі бой - Мішка патроны насіў. Жук хадзіў у дазоры, у разведку. Калі ціха - абодва паказваюць чырвонаармейцам «сусветную гідру» і ўсякія іншыя свае «спектаклі». А ў часы адпачынку ціха сумавалі па сваім таварышу Барадатаму, які не мог плаваць і ўсё чакаў на другім беразе, калі паставяць праз раку дашчаты мост, каб перабрацца да дружбакоў. Ён стаяў часам над кручай і, пусціўшы па ветры бараду, жалобна галасіў там, выводзячы сваю адзіную песню:

- Бе-э-э-э-э...

Учуўшы гэта, Мішка падміргваў Жуку, і той заліваўся вясёлым і басавітым брэхам: «Гаў... гаў... гаў...» Гэта значыла: «Не сумуй, мілы, хутка стрэнемся!» І сапраўды, праз якія дні два Барадаты пераправіўся праз мост і далучыўся да сяброў. І радасці колькі было ў яго: ён і скакаў, і кідаўся ў рожкі, і спрабаваў на галаву нават стаць, і ніяк у яго гэта не выходзіла. Не ведаў казёл, што і рабіць ад вялікіх пачуццяў, і хапіўшы шматок сена, паднёс яго ў падарунак сябрам. Тыя хаця і адмовіліся пачціва ад такога шчырага падарунка, але не прамінулі лізнуць па чарзе ў самую бараду ў знак вялікай дружбы. Лізнулі і пачалі чыхаць. Як-ніяк, іх любімы таварыш не пакідаў сваіх дрэнных звычак, не пакідаў ласавацца махоркай. Таму і ад барады ішоў заўсёды такі цяжкі дух, што Жук задзіраў нос як мага вышэй, каб гэтага пазбавіцца. Але што ж ты зробіш з гэтым тытуннікам! Усё ж такі таварышы. Таму і даравалі яму звычайны гэты тытунёвы грэх.

Як Мішку скралі і што з таго выйшла

Мішкава вядомасць рабілася з кожным днём усё большай і большай. І Мішкавы кулямётчыкі назіралі часам падазроныя паводзіны некаторых дэлегацый, якія прыходзілі нібы падзівіцца са славутага артыста. Задужа ўжо залішне частавалі цукрам, прыносілі спецыяльныя порцыі добрага мяса, абпойвалі Мішку малаком. Відаць было, што Мішку хочуць падкупіць, каб тым ці іншым манерам пераманіць яго да сябе з трэцяга батальёна. Мішка даволі абыякава адносіўся да ўсякіх праяўленняў павагі і пачцівасці да свае паважанае асобы, яго асабліва не хвалявалі ўсякія замілаванні яго гераізмам і пахвальбы яго артыстычным здольнасцям. Але ўсё, чым частавалі, спажываў старанна і акуратна, не абдзяляючы і сваіх верных дружбакоў - Барадатага і Жука. І ў гэтых пачастунках была небяспека, на іх мог паслізнуцца Мішка, дапусціць той ці іншы благі ўчынак. Слабы быў характар у Мішкі на ўсякія ласункі.

І вось аднае начы, якраз перад самым наступленнем, не стала Мішкі. Быў Мішка і няма Мішкі! І не маленькі, здаецца, не іголка якая-небудзь, а знайсці ніяк не маглі. Абшукалі ўсе прыдарожныя кусты і лагчынкі, перавярнулі дагары нагамі ўвесь абоз - а можа, Мішка ў возе схаваўся, - але ніякіх слядоў Мішкавае прысутнасці знайсці не маглі. Пыталіся ў Барадатага і Жука, але якія з іх адказчыкі. Хадзілі абодва як тручаныя мухі, таксама па Мішку сумавалі. Барадаты нават кінуў махорку ў чырвонаармейцаў выпрошваць, да таго заселі ў яго галаве невясёлыя думкі аб загінуўшым без усякіх вестак таварышу. Прайшоў дзень, за ім яшчэ дзень, цэлы тыдзень прамільгнуў непрыкметна, а Мішкі няма і няма. Ні духу ні слуху аб батальённым артысце. Чырвонаармейцы з першага і другога батальёнаў пачалі падсмейвацца з трэцяга батальёна: «Ага! Не змаглі прыглядзець за сваім улюбёнцам, не ўпадабаў ён вас, упрочкі пайшоў! Цяпер мы к вам ні Жука, ні Вясёлую Бараду не пусцім, кепскія з вас гаспадары!»

Ну, як жа можна было зносіць падобную знявагу!

Няўжо здрадзіў батальёну? Няўжо да другіх уцёк? А мо пацягнула жывёліну ў лес, да родных дрэў і кустоў?