І сяк і так думалі чырвонаармейцы. І не знаходзілі адказу на свае думкі. Але гарачыя былі дні: паходы, штодзённыя бойкі, і хутка ў паходных клопатах пачалі забывацца на Мішку. І зусім нечакана і непрадбачана адбылася цёплая сустрэча са сваімі артыстамі.
Полк размясціўся на начлег у лесе. Расклалі цяпельцы, абагрэліся, павячэралі, спаць ляглі. А пад самую раніцу дазоры натрапілі паблізу ад трэцяга батальёна на цікавую сцэнку. На невялічкай палянцы сядзелі Мішка, Барадаты і Жук і спраўлялі не то ўрачыстую вячэру, не то шыкозны баль. Розныя харчы былі пакладзены пад кустом ляшчыны. Тут былі і сухія тараны, і кансервы, і сцягно кабана, дзесяткі са два селядцоў. Збоку ляжала некалькі пачак махоркі. Мішка, яўны завадатар усёй пачэснай кампаніі, сядзеў на невялічкім пеньчыку і старанна разбіваў аб камень бляшанку кансерваў. Бляшанка пагнулася, сплюшчылася, ніяк не паддавалася, і Мішка раз-пораз з яшчэ большай натугай біў яе аб камень. Урэшце яму ўдалося яе расплюшчыць, і Мішка частаваўся сам, частаваў і прыяцеля Жука. Барадаты, які скароміны асабліва не паважаў, налягаў больш на селядцы і на цукар і, пажаваўшы селядцовага хваста, кідаўся з усіх ног да ручая, каб суняць крыху смагу пасля селядцовай солі. Урэшце прыяцелі наеліся і, крэкчучы, сталі масціцца адпачываць. Барадаты пасля такой сытнай ежы ласаваўся махоркай і жаваў яе, соладка прыжмурыўшы левае вока, а правым назіраючы за сваімі дружбакамі.
Тут іх і накрылі. Чырвонаармейцы не ведалі спачатку, што рабіць: радавацца ці з Мішкам лаяцца. Знойдзеныя харчы гаварылі аб яўным рабаўніцтве, і прычынай ва ўсім гэтым быў няйначай Мішка.
Капцёры палка, убачыўшы Мішкавы харчовыя запасы, кінуліся з перапуду да сваіх вазоў, але там было ўсё ў парадку, усё на месцы, ніякага крадзяжу не аказалася. Але ж не з неба звалілася ўсё да Мішкі.
І толькі позняй раніцай выявіліся ўсе абставіны справы. З суседняга палка, які начаваў непадалёку ад Мішкавага батальёна, прыбеглі напалоханыя капцёры.
- Братцы, бяда! Ваш Мішка - разбойнік, мех харчоў расцягнуў, рабаўніцтва ўчыніў сярод начы...
- А як да вас трапіў наш Мішка? - учынілі тут строгі допыт капцёрам чырвонаармейцы трэцяга батальёна. І капцёры, каб выручыць пакрадзеныя Мішкам рэчы, вымушаны былі расказаць усю шчырую праўду аб тым, як надумаліся яны скрасці Мішку і як удалося заманіць яго ў свой полк.
- Чым, чым не прываблівалі мы Мішку, каб пераманіць у свой полк. І мясам - не дужа Мішка быў ахвочы рушыць. І малаком - не ідзе...
І толькі калі дасталі яны паўкацялка мёду, спакусіўся Мішка і цёмнай парою пайшоў за імі, ішоў аж да самага палка. А там накінуліся на Мішку, звязалі яго, прывязалі да воза вяроўкамі. Так і вандраваў Мішка ў другім палку зусім другой дывізіі, увесь час прывязаны да воза. А калі і адвязвалі яго, дык пасля колькі дзён дарогі Мішка страціў усякую надзею вярнуцца ў родны батальён. Але за час паходу палкі зноў збліжаліся і, як бачым, нават начавалі ў адным лесе непадалёчку адзін ад аднаго. Тут Мішка і ўчуў уначы галасы сваіх таварышаў, Жука і Барадатага, і, пайшоўшы на гэтыя галасы, патрапіў зноў у родны батальён. Але, успомніўшы пра некаторыя харчовыя склады, якія па несвядомасці лічыў за сваю ўласную маёмасць, Мішка надумаўся перацягнуць гэтыя запасы ў родны батальён і перацёг сёе-тое паціхеньку з чужога палка.
Так абстаялі справы з Мішкавым знікненнем і з учыненым ім потым дзёрзкім рабаўніцтвам.
Чырвонаармейцы саромілі чужых капцёраў:
- Гэта вам навука, як чужых артыстаў красці, толькі жывотнае псуеце, дрэнныя звычкі яму прывіваючы...
Урэшце прымірыліся. Узялі з капцёраў пэўную кантрыбуцыю харчамі на ўтрыманне артыстаў і, не пакідаючы ўшчуваць іх, аддалі ім забраныя Мішкам харчы.
Так вярнуўся Мішка ў свой родны батальён, да сваіх заўзятых дружбакоў-таварышаў.
Чырвонаармейцы казалі праўду, калі папракалі капцёраў другога палка ў не зусім добрым абыходжанні з Мішкам, у благім выхаванні яго. Мішкава знікненне мела для яго не зусім добрыя вынікі ў яго характары і звычках. І мы раскажам тут, як наш здольны артыст па вялікай несвядомасці сваёй ледзь не загінуў, трапіўшы ў марадзёры. І што яшчэ горш, спакусіў на благі ўчынак і легкадумнага таварыша свайго - Барадатага. Жук, асабіста не зацікаўлены ў Мішкавых справах, у злачынцы не трапіў і застаўся ў баку ад гэтай справы.
Падзеі ж разгарнуліся такім чынам.
Батальёнам даручана было выбіць белапалякаў з аднаго сяла. Пачалося наступленне. Некалькім ротам удалося хутка заняць акраіны сяла, агароды, прыгуменні. У гэты час і трапіў Мішка ў прыгоды. Трапіўшы на агароды, ён напароўся на пеўня і, прызнаўшы, відаць, яго за цецерука, кінуўся спрытна лавіць, ганяючыся за пеўнем па ўсіх агародах і ломячы платы. У гэтым сур'ёзным занятку Мішку актыўна дапамагаў Барадаты, хоць ён і лепш ад Мішкі разбіраўся ў пеўнях і не меў у іх якога-небудзь вялікага асабістага інтарэсу. Ну, што для казла певень? Хіба ён смак у ім адчувае? Але як бы там ні было, Барадаты шчыра хацеў падсабіць свайму таварышу злавіць наравістую птушку і старанна бегаў і скакаў за пеўнем, імкнучыся забегчы яму наперад, каб адрэзаць усякія шляхі да адступлення. І такі тут вэрхал паднялі Мішка з Барадатым, такі грукат і стукат, што белапалякам здалося, нібы заязджае ў тыл цэлая дывізія кавалерыі, і яны паспяшылі як мага хутчэй адступіць і пакінуць сяло.