Выбрать главу

Зірнуў ён і назад, на заднюю кабіну. Зірнуў і - вочы на лоб палезлі: проста на яго пазіраў і не хто-небудзь іншы, а самы сапраўдны мядзведзь, ды прытым у лётчыцкім мундзіры. «Сон дурны, страшны сон!» - падумалася лётчыку, і ён ушчыпнуў сябе некалькі разоў да крыві, каб прачнуцца. Нічога не выходзіла. «Сон» не праходзіў. Мядзведзь як сядзеў у кабіне, так і сядзеў, ды яшчэ намагаўся стаць на заднія ногі. Пабялеў лётчык, надумаўся ўцякаць з кабіны, падалей ад такога госця, прыўзняўся на сядзенні. Але Мішка таксама прыўстаў у кабіне і пярэдняй лапай так паціснуў за плячо лётчыка, што той не асмельваўся болей і рухацца. А бензін тым часам сыходзіў, пачаў захлібацца матор, перабоі даваць. Самалёт ляцеў зноў над самым лесам, лётчык напалохана выглядаў мясціну, дзе б зручней сесці. І не паспеў выбраць, як змяшалася ўсё ў стракатую кучу, і абодва нашы лётчыкі - сапраўдны і па няшчасці - Мішка - страцілі памяць, яны праляцелі некалькі сажняў у паветры, збілі цэлую гару хвойнага галля і, перакуліўшыся некалькі разоў па ўскраіне паляны, улягліся непадалёчку адзін ад аднаго, ледзь варушачы рукамі і нагамі. Перакулены самалёт павіс на высокім хваёвым гушчарніку. «Апусціліся» на тую ж паляну, з якой падняліся.

Збегліся чырвонаармейцы, вылілі на лётчыкаў вядры са два вады, доктара прывялі. Той даў нашатыру, уліў па чарцы спірту ў рот. Вярнулася памяць да лётчыкаў, заварушыліся жвавей. Першым ачухаўся Мішка. Ён прыўзняўся на пярэднія лапы і асалавелым вокам - другое было падбіта, запухла - пазіраў на ўсіх, не зусім добра разумеючы, што з ім здарылася. А навокал смяяліся, жартавалі, віталі яго.

- Герой, Мішка! А мы ўжо думалі, што ты здраднік. Гэта ж трэба - у польскія лётчыкі падаўся, мундзір надзеў, уцякаць у Польшчу надумаўся... Аж глядзім, ляціць Мішка назад, цэлы самалёт цягне!.. Малайчына, Мішка, што прымусіў яго назад ляцець...

І толькі тады, калі заўважыў Мішка Жука і Барадатага, якія прыбеглі падзівіцца на здарэнне, прыйшоў канчаткова ў памяць і, цалуючыся са сваімі таварышамі, сумна ківаў галавою. Нібы хацеў сказаць: «Паляцеў бы ты, Вясёлая Барада, вось так як я, даведаўся б, пачым фунт ліха, абскуб бы сваю бараду аб хвойнік!»

Хутка прыйшоў да памяці і лётчык. У яго была вывіхнута нага, і ён непамерна стагнаў, пакуль доктар завіхаўся ля нагі. Але потым аправіўся і ўсё дзівіўся, як гэта магло здарыцца так, каб па ім стралялі свае. І яшчэ больш дзівіўся саўдзельніку свайго апошняга палёту - Мішку ў мундзіры. Лётчыка ўзялі ў палон, самалёт сцягнулі з дрэваў, падправілі, перафарбавалі і адаслалі ў нашу эскадрыллю.

Так пачаў і закончыў Мішка сваю лётніцкую кар'еру, абмежаваную, як мы бачым, адным палётам, які меў для яго не зусім вясёлыя вынікі - вока падбіў, лапы троху пашкодзіў, сям-там памяў рабрыны. Адным словам, пешака хадзіць было дужа цяжка для Мішкі пасля яго лётнай аварыі. Таму і вырашылі: паправіцца Мішка - зрабіць яго кавалерыстам, паколькі не было вольнага воза, дзе можна было б вазіць Мішку. Магчымасці ж для кавалерыйскай справы былі ў выглядзе вялікага старога мула, якога нязручна было запрагаць у воз, а верхам на ім не адважваўся ехаць ніводзін з чырвонаармейцаў, бо паводзіў мул сябе надзвычай непрыемна, як і належыць патомку звычайнага ішака. Мул быў зусім вольны, хадзіў без усякіх абавязкаў і толькі псаваў дарма харчы. Таму на яго і паў выбар вазіць на сабе Мішку да таго часу, пакуль канчаткова ачуняе няўдалы лётчык. Чырвонаармейцы прымайстравалі на мула некалькі звязаных мяшкоў з сенам, выйшла не сядло, а цэлая мядзведжая раскоша. Мішка мог садзіцца, мог ляжаць, мог нават станавіцца на гэтым сядле на заднія ногі. Адным словам, мог масціцца так, як таго пажадае яго генеральская воля.