Выбрать главу

Такім быў апошні геройскі ўчынак нашага Мішкі. Апошні таму, што хутка скончылася вайна.

Што сталася з акторамі

Што ж сталася з нашымі героямі: Жукам, Мішкам і Вясёлай Барадой? Дзе яны цяпер? Што робяць, жывуць як?

Жук вельмі пастарэў за гэтыя гады, сівым зрабіўся, аглух на адно вуха. Што ж казаць - старасць... Але і да гэтага часу ён акуратна вартуе калгасныя свірны і гумны. І калі недачуе крыху стары, дык яму дапамагае яго вялікае пакаленне: сыны і ўнукі - такі брэх учыняць, што вораг калгаснага дабра як дуж кідаецца падалей ад гумнаў і свірнаў, каб не трапіць на зубы сыноў і ўнукаў слаўнага Жука. А некаторыя з Жукавага племя, наслухаўшыся яго былых прыгод на вайне, на граніцу пайшлі і дапамагаюць там чырвонаармейцам несці дазорную службу, вартаваць нашу граніцу ад ворагаў. Добрае племя ў Жука, вартае славы былога палкавога актора.

А што чуваць пра Барадатага? Нічога не чуваць пра яго. Даўно загінуў актор яшчэ на самай вайне, ды і загінуў па сваёй неасцярожнасці, сам сабе, можна сказаць, харакіры наладзіў. А выйшла ўсё так: калі памятаеце - любіў Барадаты скакаць, пераскокваць цераз што-небудзь: цераз плот, цераз пень, цераз канаву якую. І вось на прывале адным, калі гатавалі чырвонаармейцы кашу, Барадаты да таго разышоўся, што пачаў скакаць цераз вінтоўкі, якія былі складзены ў козлы штыкамі ўгору. І ці не разлічыў добра скоку ён, ці паслізнуўся капыцікамі на мокрай мураве і не даў добрага разгону, але не ўдалося яму пераскочыць цераз штыкі, напароўся на іх бедны актор, завіс і загінуў.

Батальённы капцёр прапанаваў быў пусціць актора ў кацёл, мяса яго спажыць, бо трохі недалюбліваў ён калісь казла, ды і мяса была няхватка ў палку. Але чырвонаармейцы заступіліся за яшчэ цёплы прах свайго ўлюбёнца і далі капцёру суровы адпор:

- Як жа можна надругу такую над слаўным акторам рабіць? І зноў жа, які наедак з яго: барада адна ды косці старыя...

І ўрачыста пахавалі Барадатага пад высокай елкай, курганок яму насыпалі з жоўтага пяску, упрыгожылі папараццю і дзеразой і на невялікай дошцы гэтакі надпіс пакінулі: «Тут пахаваны адзіны ў свеце, любімы наш Барадаты».

І крышачку ніжэй прыпісалі:

Няхай жа мірна спіць у жоўтым пяску

Вясёлая Барада...

І няхай сняцца ёй мурожнага сена жмуток

І пачак махоркі зялёнай...

Памяталі хлопцы пра тытунёвую слабасць актора.

Так загінуў Барадаты. Сумавалі па ім хлопцы, але што ж ты зробіш? Усякія ў жыцці здарэнні бываюць і тым больш на вайне.

А што сталася з нашым галоўным героем, з незвычайным ваякам Мішкам? Кажуць, што ён яшчэ жыве, хоць таксама пастарэў задужа, пасівеў. Былі ў палку калішнія цыркавыя артысты. Як скончылася вайна, узялі яны Мішку з сабой, і зрабіўся ён сапраўдным артыстам цырка. Навучылі яго розным штукам. З таго часу і раз'язджае Мішка з цыркам па ўсёй краіне. Паказвае на арэне, як савецкія людзі распраўляліся са сваімі ворагамі, як білі яны фашыстаў, як выхваляўся Гітлер заваяваць нашу краіну і як ён падох у сваім логаве, загубіўшы свае арміі на нашай зямлі.

Паказвае Мішка і тых, хто, забыўшыся на ўрокі вайны, ізноў гатовы пайсці па шляху гітлераўскіх авантур. І Мішка паказвае, што ўсе гэтыя новыя падпальшчыкі вайны таксама падохнуць, як і іхні папярэднік і настаўнік Гітлер.

Любяць і шануюць гледачы, асабліва дзеці, свайго слаўнага артыста.

Дык вось якія слаўныя акторы былі ў нашым палку. Пра іх і расказалі тут, успамянулі іхнія справы і іхнія ўчынкі, звычайныя і незвычайныя, смешныя і нясмешныя, геройскія і абыдзённыя, што здараліся з імі штодня.

Узгадалі іхнюю старасць, цёплымі словамі іх успомнілі.

А на гэтым канчаем.