- На, адчапіся, ірад, некалі мне тут з табою разгаворы разгаварваць...
А таму толькі гэта і патрэбна. Злізаў махорку, засыпаў за губу і жуе, перажоўвае, соладка прыжмурыўшы вочы. Да чаго ж махорку любіць Барадаты, пра ўсякія фокусы тады забывае. Стаіць, не зварухнецца, толькі барада трасецца, ды з вялікага задавальнення раскрые часам рот ды на ўсю паляну:
- Бе-э-э-э!.. Бе-э-э!
Глядзіць тады на яго Жук, глядзіць, уздыхае. Дужа яму не даспадобы тытунёвыя практыкаванні Барадатага: ну які там смак з махоркі! Ад дыму тытунёвага ўцякаў як мага далей. Глядзіць, глядзіць ды ўслед за Барадатым на ўсю паляну, на ўвесь лес:
- Га-аў!.. гаў!.. гаў!.. Га-аў!.. гаў... гаў!..
Заліваецца брэхам ды хвастом па зямлі б'е - ад злосці на Барадатага, ад вялікай да яго знявагі.
Збягаюцца тады вясёлыя чырвонаармейцы. Рогат, жарты. З Барадатага ды з Жука смяюцца.
- Чаго толькі вы не падзялілі!
Можна падумаць, што Барадаты і Жук такія ўжо адвечныя ворагі і што яны так не паважаюць адзін аднаго. Гэта зноў-такі няпраўда. Калі пазнаёміцца з імі бліжэй, дык мы ўбачым, што яны самыя найлепшыя дружакі. І калі Барадаты фарсіў крыху перад Жукам, дык гэта толькі для выгляду, для адводу воч. Паспрабуйце-тка пакрыўдзіць каго-небудзь з іх, хоць бы Барадатага. Тады такога дыхту задасць вам Жук, што вы дзесятаму закажаце крыўдзіць яго друга. Не адстане і Барадаты ў спрытнай абароне свайго прыяцеля.
Але хто ж такія Жук ды Вясёлая Барада? Адкуль яны ўзяліся? Як апынуліся ўсе разам? І пры чым тут чырвонаармейцы?
Жук быў звычайным сабакам, звычайнай пароды. Ні асаблівымі здатнасцямі, ні асаблівымі талентамі ён не мог пахваліцца. Сабака, як і ўсе сабакі. Толькі вось бок хіба крыху падпалены, дык гэта ўжо ад паходнага жыцця, прыпаліў, ля цяпла грэючыся ў халодную восеньскую ноч. Не такі ўжо прыгажун Барадаты - шэрая ўзлахмачаная поўсць, вечна ў рэп'ях, у саломе. Левы рог напалавіну збіты - страціў дзесьці ў гарачых бойках. Куртаты хвост - адна відзімасць. Але затое ж барада - сапраўдная краса і гонар Барадатага. І хоць абскублена яна была крыху, і няроўныя валасіны былі ў ёй, і рэп'яў хапала ў ёй, - усё ж была яна барадой, якой і належыць быць у паважаючага сябе казла. За гэту бараду і празвалі казла Барадатым... Ідзе ён, барадой трасе. Бяжыць - барада падскоквае. Пачне есці - барада матляецца. Прыго-о-о-жая барада!
І Жук і Барадаты былі да некаторай ступені вайсковымі асобамі. Жук быў у першым батальёне, Барадаты - у другім. І хадзілі штодня з палком у вялікіх паходах. Ці холад, ці спякота, ці снег, ці дождж - ідуць баявыя батальёны чырвонаармейцаў. І хоць цяжка ў дарозе - і ногі ныюць, і муляе плечы, - не сумуюць байцы, песні спяваюць, жарты ладзяць, гармонік заводзяць. А калі заціхае часам гармонік, тады выступаюць батальённыя веселуны - Жук ды Барадаты. І чаго толькі не робяць яны. Пераскоквае Барадаты цераз Жука. Жук намагаецца ўхапіць Барадатага за бараду. Але, напароўшыся на рог, спрытна ўцякае ў кусты, адкуль робіць спробу нечакана атакаваць свайго прыяцеля. Такі часам вэрхал узнімуць, такую тузаніну, што хоць ты вадой іх разлівай. Спектакль, дый годзе. А кончаць спектакль, ходзяць па шарэнгах, у вочы байцам пазіраюць. Ну, ясна, трэба скарыначку хлеба даць, цукрам пачаставаць. І давалі, і частавалі. Любілі чырвонаармейцы сваіх веселуноў і з батальёна іх не адпускалі. Да таго любілі, што нават ганарыліся імі і задзіралі носа перад трэцім батальёнам, які не меў нікога - ні казла, ні Жука.
Калі часам Барадаты па сваёй несвядомасці заходзіў пачаставацца ў трэці батальён, яго адразу ж знаходзілі і выводзілі адтуль. Чырвонаармейцы другога батальёна баяліся, каб трэці батальён не скраў часам іхняга веселуна, іхняга барадатага актора. Скрасці не скрасці, а падкупіць маглі - дужа ласы быў Барадаты на цукар і на махорку. Жук быў больш свядомым і свайму батальёну здрадзіць не мог - ніякія подкупы на яго не дзейнічалі. Нават агрызаўся часам на такія подкупы, і яго пакідалі ў спакоі. Ён быў таксама і больш храбрым, больш адважным, чым яго прыяцель. Ён не баяўся страляніны, бою. Разам з байцамі ішоў у атаку, хадзіў ноччу ў дазоры і старанна выконваў там дазорную службу: ніякі вораг не мог падкрасціся непрыкметна ўначы да нашых часцей. А Барадаты пры першым стрэле страчваў увесь свой ганарысты выгляд, з усіх ног кідаўся назад у абоз, за што і звалі яго часам дэзерцірам і саромілі перад усім батальёнам. Але якое ж у Барадатага сумленне? Стаіць, нізка апусціўшы галаву, вокам не міргне. Страсяне барадой ды завядзе сваю жаласлівую песню:
- Бе-э-э-э...
Ну, што ты з ім зробіш!
Дык вось якія былі Жук ды Барадаты. І не дзіва, што чырвонаармейцы ганарыліся імі, частавалі іх, сваіх актораў, веселуноў, і задзіралі носа перад трэцім батальёнам. Але ў хуткім часе здарыліся тыя падзеі, пра якія мы абяцалі расказаць яшчэ ў канцы першага раздзела. Гэтыя падзеі паставілі на другі план і Жука і Вясёлую Бараду, а трэці батальён пачаў задзіраць носа і перад першым і перад другім батальёнам. Аб гэтым мы далей і раскажам.