Выбрать главу
Як Мішка трапіў на вайсковую службу

Была ціхая летняя раніца. Сонца яшчэ не паспела забрацца высока і пералівалася мільёнамі агеньчыкаў у роснай мураве, на палянах, паблісквала на вільготным лісці бяроз, рассыпалася залацістымі плямамі праз лапкі ялін, праз кучомістыя верхавіны хвой. І калі трапляла сонца на спелыя ягады маліны, яны гарэлі як камні-самацветы. І пах ад іх ішоў далёка-далёка, праз лес, праз балота, да самае лесавое дарогі. Ягады пахлі летам, сонцам, зялёнаю муравою палян, ды чым толькі яны не пахлі! Знай толькі адно: еш, не лянуйся! І Мішка стараўся. Спачатку абскубаў ягады лапай, еў, хапаўся, соп, набіваў повен рот малінай разам з лісцем, з маленькімі мурашкамі, з недаспелымі ягадамі. Калі ж наеўся, стаў больш пераборлівым: стаіць, прыглядаецца, самую спелую ягадзіну выглядае. Выгледзіць маліну, на якой сонца больш пераліваецца, і нацэліцца паважна языком, старанна зліжа ягадзіну і вочы прыжмурыць ад вялікага задавальнення.

Вялікі ласун быў Мішка! А ў гэты час па дарозе ішоў полк. Ішлі батальёны, адзін за адным. За батальёнамі ішоў абоз, паскрыпвалі колы, пастукваючы на карэннях хвой і ялін. Зрэдку ржалі коні. Чуў гэта ржанне Мішка, але заняты ягаднай справай і не падумаў, што б то магло значыць. Ці мала коней іржуць на балоце, яшчэ часам балабонамі пазваньваюць, калі бываюць там на начлезе. Дык вялікі то клопат гэтыя коні, дужа яны Мішку патрэбны!

А полк тым часам спыніўся на адпачынак каля дарогі. Чырвонаармейцы пачалі разыходзіцца па лесе: хто па ваду, хто па сушняк для цяпла, а хто ў грыбы ды па ягады падаўся. За імі следам пацягнуліся Жук і Вясёлая Барада. Хоць іх і не цікавілі дужа ягады, але ж не маглі адстаць ад кампаніі. Такую прывычку займелі за сваё паходнае жыццё.

А Мішка тым часам думаў ужо, як бы гэта падацца назад да роднай бярлогі, але троху пабойваўся маткі: няйначай дасць цяпер па карку за самавольную адлучку. Ды і месца было дужа прыгожае. Прыгравала сонца. Маліннік пах. Пад нагамі пасцілаліся пухнатыя махавіны, мяккія, цёплыя. Зялёнае лісце бруснічніку ярка блішчэла на сонцы. Ну, як не пабегаць тут, не пабязуліць, не перакуліцца некалькі разоў цераз галаву ды, лёгшы на спіну, падняць угору свае куртатыя лапы і ўзірацца ў глыбокае сіняе неба, якое здавалася Мішку вялікім-вялікім возерам лесавым. Толькі дзіва - на возеры сонца плыве, углядаецца з вышыні. Аж вочы прыжмурыў Мішка, да таго хораша на свеце жыць, калі гэта матка ёсць, і маліннік ёсць, і маленькія птушкі малінаўкі табе песні спяваюць ды сама ягада ў лапу просіцца. Не жыццё Мішку - маліна!

І толькі гэта ён на лапах падняўся ды сухую ігліцу з хрыбта абтрос, як, зірнуўшы перад сабою, амаль не самлеў, аж захаладала ў пятах. Проста перад ім вытыркнуўся з-за куста ніколі нябачаны ім звер. Быў ён увесь белы, меў чатыры нагі, як і кожны звер, але былі ў яго яшчэ рогі. І самае страшнае - была ў звера дзіўная барада, яна матлялася з боку ў бок, наганяючы яшчэ болей страху на Мішкава сэрца. Ніколі і нідзе не бачыў Мішка такой барады, ні ў бацькі свайго, ні ў шэрых ваўкоў, што трапляліся часам на лесавых сцежках, ні ў другіх звяроў і звярушак, з якімі даводзілася сустракацца. Ні ў зайца, ні ў лісаў, ні ў тоўстых барсукоў, ні ў калючага вожыка.

«Відаць, у барадзе ўся сіла...» - сумна падумаў Мішка, мяркуючы як бы ямчэй даць лататы, як бы спрытней уцячы пад матчыну абарону.

А звер усё ўглядаўся ў Мішку вялікімі шклянымі вачыма, нерашуча перамінаўся з нагі на нагу. Паварушыўся Мішка, каб павярнуцца як назад, намеціць шляху да адступлення. І адразу бачыць: барадаты звер нібы таксама выказвае намеры да адступлення, на цэлы крок назад падаўся. Акрыяў тут Мішка, узрадаваўся.

- Ну, значыць, жыць буду, паем яшчэ маліны ў смак...

І так яму жыць захацелася, што нават храбрасці пачаў набірацца, смялець пачаў: на цэлы крок да белага звера пасунуўся. Усё думаў: «Вось бы за бараду яго цапнуць, сілу тую адчуць! Не можа быць, каб была гэтая барада мацней за мяне».

Нават словы маці ўспомніў, што няма ў лесе звера мацней і храбрэй, чым яны - мядзведзі. На хвілінку якую задумаўся: «А што, калі гэта - чалавек? А чалавек жа страшней за ўсё. Страшней за чмяля і вожыка...» Але зноў узгадаў словы маці аб чалавеку, які ходзіць толькі на дзвюх нагах, а дзве другія для прыліку носіць, матляюцца яны без усякай справы. «Выходзіць, што не чалавек...»