- Чаго галосіш, Барадаты? І рогі ёсць, і капыцікі ёсць, а глядзі ты, баіцца... Бліжэй падыходзь, заходзь у кампанію, махоркі дамо...
Але Барадаты не рашаўся, нягледзячы на вялікія махорачныя спакусы. Як-ніяк апасаўся за бараду. Возьме гэты Мішка ды раптам вырве, як жа тады жыць Барадатаму без свае красы. Каб казёл ды без барады! Ніколі не бачана гэта на свеце. А можа, і ад крыўды галасіў Барадаты. Гэта ж трэба, ніхто не звяртае на яго ўвагі. Заняліся гэтым паганцам. І шмат было патрэбна часу, каб памірыць Мішку з Барадатым і Жукам, зрабіць іх шчырымі прыяцелямі, дружбакамі.
Так трапіў Мішка на вайсковую службу.
Калі скончыўся прывал, полк рушыў далей. Мішку зрабілі моцны нашыйнік і прывязалі да воза вяроўкаю. Мішка спачатку ўпіраўся, не хацеў ісці, валокся ўслед за возам. Ну якая ж ахвота на прывязі хадзіць, калі да гэтага часу Мішка хадзіў усюды па сваёй ахвоце, па свайму надуму. Тады пасадзілі Мішку на воз. Гэта здавалася Мішку за лепшае: ніякіх табе клопатаў і трудоў, сядзі ды кругом паглядвай на людзей, на коней, на высокія дрэвы паабапал дарогі. Ды ці мала чаго цікавага можна ўбачыць з воза, чаго раней ніколі не бачыў ён, жывучы ў глухой бярлозе. Ды з воза зусім вальготна назіраць і за Жукам, і за палахлівым Барадатым, махорачнікам гэтым, уся барада ў яго махоркай смярдзіць.
«Любата, а не жыццё!» - хацелася сказаць Мішку. І агледзеўшыся на возе, абнюхаўшы розныя рэчы на ім, Мішка выбраў зручнейшае месца, падмяў пад сябе салому, ямчэй прымасціўся на ёй.
«Ну, што ж: ехаць дык ехаць!»
Падумаў так і задрамаў.
Так выступіў Мішка ў неспадзяваны для сябе паход. Спаў, драмаў. Сніў сны свае лесавыя, мядзведжыя. Усё верзлася ў сне: несусветная ягада-маліна, вялікая-вялікая, у самы раз у дзве лапы ўзяць, на ўвесь рот упіцца сокам малінавым. Ды дзе ты яе возьмеш: ніяк лапай да яе не дастаць. Вось-вось, здаецца, ухопіш яе, нос пах адчувае, па самым носе стукаецца гэта ягада, ды падскоквае потым угору, высока-высока, пад срэбраны месяц, пад сінія зоры. Аж падскочыў Мішка за ёю, за малінай, за ягадай. Падскочыў і прачнуўся. Была ноч. Ціха рыпалі колы ў возе, ды самы воз мякка калыхаўся па дарозе. Сама дарога нібы плыла ў туманах, у месячным святле. Наперадзе коні храплі, палахліва стрыглі вушамі, чуючы Мішкаў дух. Поплеч з возам ішоў маўклівы Жук, за ім Вясёлая Барада. А над дарогай, над лесам, над маўклівымі групамі людзей, над вазамі распасцерлася глыбокае неба, гэтае возера лесавое. У ім хадзіў срэбраногі месяц ды пераліваліся такія яркія і пухнатыя зоры. Было халаднавата. Агледзеўся Мішка, уздыхнуў, нос у цёплыя лапы схаваў і зноў задрамаў.
Дзень за днём прызвычаіўся Мішка да вайсковай справы. Праўда, справа гэтая не была дужа цяжкай, бо прывучалі яго паволі, дый спецыяльная для яго навука не была такой ужо хітрай. Трэба было дысцыплінаваць Мішку, прывучыць да парадку, каб ведаў сваё месца і нескладаныя абавязкі палкавога веселуна. З гэтымі абавязкамі ён спраўляўся досыць шчыра, заўзята, і таму любілі яго і паважалі з кожным днём усё больш і больш.
Былі за Мішкам і такія-сякія промахі праз яго выключную прагнасць да ласункаў. Едучы на капцёрскім возе, дзе былі складзены розныя батальённыя харчы, Мішка пранюхаў пра мяшок з цукрам. Употайкі, каб ніхто не бачыў, прадраў Мішка мяшок і на поўны рот пачаў паціхеньку ласавацца цукрам. Ваўсю стараўся і ўдзень і ўначы, сядзіць ды цукар цягае, хрумстае сабе, скасавурыўшы вочы на Барадатага, які не адставаў ад воза ні на крок, бо і яму перападалі часам з гэтага воза тыя ці другія пачастункі: скарынка хлеба, кашы лыжка ці што іншае там па яго густу. Хрумстае Мішка цукар аж сапе і ні пра якія харчы не дбае. Нічога другога ў рот не бярэ, акрамя хіба малака ды вадзіцы чыстай. Занепакоіліся чырвонаармейцы, бедаваць пачалі, пабеглі па доктара ветэрынарнага.
- Бяда, таварыш доктар, гора вялікае навалілася!
- Што здарылася?
- Мішка захварэў: ні сухой макавінкі ў рот не бярэ, поўная адсутнасць апетыту, харчам - нуль увагі...
Прыйшлі да Мішкі. Ён важна разлёгся на возе, падставіўшы хрыбет пад сонца, і ленавата паміргваў вокам, пазіраючы на людзей.
«Відаць, фокусаў чакаюць!» - падумаў Мішка і тут жа павярнуўся зручней, потым перакуліўся цераз галаву, а затым і зусім стаў на пярэднія лапы, падняўшы высока ўгору заднія ногі і балансуючы імі ў паветры.
- Мішка, не трэба! Не турбуйся, Мішутка, ты ж такі хворы, такі слабенькі... - кінуліся чырвонаармейцы ўгаворваць свайго артыста, каб кінуў ён свае практыкаванні. - Ты ж адпачываць павінен, вось і доктар да цябе прыйшоў!