Выбрать главу

Да Швецыі, аднак, мядзведзь не даляцеў.

У адной з неспакойных рэспублік прыбалтыйскіх, каля самага мора, яго ўгледзелі нашы пільныя жаўнеры-пагранцы са службы абароны процінябеснае. З воклічам шкадавання ціхага: «Эх, Міша, і ты туды ж» яны запусцілі ў любімца алімпійскага ракету паслухмяную.

Пра трагедыю над Балтыкай мы з сябрам даведаліся з лістка дысідэнцкага «Згублены ўраджай». Лісток гэты нехта ўначы пад аптэчныя дзверьі падсунуў.

Памаўчалі мы, уздыхнулі раз-другі — шкада ўсё ж мядзведзя — і тут жа ў аптэцы й памянулі славутага нябожчыка. Чым памянуць, у аптэцы заўсёды знойдзецца.

Памянуць памянулі, але супраць жаўнераў нашых слова дурнога не сказалі. А што тут дурнога скажаш? Хлопцы ў шапку не спяць, за службу аберуч трымаюцца. З першай ракеты пацэлілі!

Ясней за яснае, што і за здароўе пагранцоў нашых ёмкіх пацяглі мы па кроплі вострай.

Дык гэта вось адсюль, з гэтай самай кроплі вострай, і пачаў да мяне набліжацца той выпадак легендарны, пра які я намерыўся расказаць вам у сваім апавяданні студэнцкім.

Спаласнуўшы колбы, сябар папрасіў:

— Пабудзь за мяне ў аптэцы, гэту ноч пасляалімпійскую хачу лірыцы аддаць.

Хіба адмовіш, пачуўшы такое!

— Аддавай,— кажу,— мне ж зусім не цяжка масквічоў начных таблеткамі супакойваць.

Сыпануўшы на язык жоўтых бабкоў аскарбінавых (дарэчы, ідучы да дзяўчыны, аскарбінку танную можна ўжываць заместа заўсёды нямашнага дэзадаранту), сябар сышоў з аптэкі, пакінуў мяне сам-насам з лістком антыўрадавым «Згублены ўраджай».

Каб час не цёк, а бег, я прачытаў яшчэ раз нататку пра смерць мядзведзя лужнікоўскага.

Пуск ракеты аўтар ананімны абазваў актам тэрарыстычным і патрабаваў суда міжнароднага. I над кім бы вы думалі? Над жаўнерамі з абароны процінябеснае? Не. Над самім Леанідам Ільічом!

Ну, гэта занадта, падумаў я. I толькі так падумаў, як у дзверы пазванілі...

Пасля званілі яшчэ і яшчэ, і не толькі старыя людзі. Які хочаце ўзрост пальцам у званок тыкаў. Нават дзяўчаткі мададзенькія па гумачкі інтымныя прыбягалі.

За ноч нахадзіўся я да дзвярэй, насоўгаўся. Зусім загракаўся. Без прывычкі яно і ў Парыжы цяжка, а тут — аптэка! Таксама прамысловасць хімічная. I мне, задыханаму, часам здавалася, што нашу я не маленькія карабкі-пушачкі, не бутлікі дробныя ў жмені трымаю, а цэлыя бярэмкі ўсіх гэтых анальгінаў ды аскафенаў аберуч да грудзей прыціскаю...

Пад самы ранак, калі ў заапарку краснапрэсненскім, успамінаючы сваю радзіму цёплую, пакутніцы малпы закрычалі; калі ўжо павінен быў з мацыёну лірычнага мой сябар вярнуцца і калі ўжо вочы мае малінавыя зрабіліся і выцягліся долу, усё адно як лампасы генеральскія,— яно й навалілася, крыламі сваімі каляровымі залопала...

Толькі гэта я прылёг, прыціснуў плячыма падшыўку «Здароўя», ажно дзверы затрэсліся, ад званка-звона закалыхаліся. Відаць, нехта моцна хворы, падумаў я, ідучы адчыняць, да кнопкі электрычнае прыляпіўся.

I каго ж я за акенцам фанерным убачыў?

Мо сябра-правізара — вясёлага, шчасліва падгулялага?

Зусім не.

За фанерным акенцам убачыў я пяцёра-шасцёра мужчын-ахоўвачаў у аднолькавых шынелепадобных апранахах. Трымаючы рукі ў кішэнях, яны стаялі на тратуары паўкругам. Стаялі і маўчалі. Яшчэ хвіліна — і з-за спінаў гэтых фігурантаў маўклівых (зраблю тут перадых!),— без капелюша, з яркімі, нават уначы, зоркамі ва ўсе бакі пінжака і з узнятым пальцам акрываўленым паволі выйшаў сумны Леанід Ільіч.

Ці вам казаць, што адразу не паверыў я ў Леаніда Ільіча жывога. Мне падалося, што гэта з мяне, соннага і стомленага, захацеў пасмяяцца мой сябар дарагі, мой правізар адданы. Пасля спаткання шчаслівага ад няма чаго рабіць недзе здзёр з плота плакат манументальны і, разбудзіўшы мяне званком інквізітарскім, разгарнуў, паразіт, на ўсю шырыню дзвярэй аптэчных гэтую агітацыю вулічную, з намаляваным на ёй Леанідам Ільічом і ягонымі хлопцамі маўклівымі. Праўда, на плакатах я ніколі не бачыў, каб Леанід Ільіч быў сумны ды яшчэ з пальцам падзёртым.

Не, гэта ўсё ж быў не выбрык майго любімага сябра-правізара, гэта...

— Добрай раніцы,— сказаў мне Леанід Ільіч, усё трымаючы перад сабою палец укалечаны. Сказаў вельмі проста і чалавечна, як і належыць правадыру камуністычнаму, і паглядзеў на мяне без хітрасці аніякай, як на свайго аднапалчаніна-малазямельца.

Цёплы голас правадырскі мяне расчуліў, палец паранены ўстрывожыў, і мне зрабілася вельмі сорамна за свае подлыя вершыкі фрывольныя, за свае гнюсныя рыфмы дактылічныя.

Леанід Ільіч бліжэй падступіў, і яго ахоўвачы невясёлыя таксама крок наперад зрабілі.