Выбрать главу

Сапраўды, перад намі на драціне калыхалася бляшка круглая з палоскай белаю. I палінезійцу французскаму ясна — далей ехаць нельга.

Тады мой сябар-літаратар пытаецца з намёкам колкім, у вуха машыноўшчыку кропельніцу такую ўстаўляе:

— А калі б уважліва пра генія слухалі, то спакойна пад знак пагнаў бы?

— I не піскнуў бы,— адказвае,— а так не магу. Высоцкі для мяне — усё. Рэлігія. За яго нават з генерала пыл выб'ю. А вы, калі расказваў, насамі ў бакі вадзілі, на архіцяктуру любаваліся. Злазьце цяпер і плаціце, што за дарогу наляпала...

Злезлі мы і падумалі толькі: вось што можа здарыцца ў Маскве, калі Высоцкага не ўшануеш. Да багажні не даехаўшы, на голы асфальт спусцяць. Калі не Высоцкім — «знакам» вочы залепяць. А «знак» у жыцці нашым страшней за бясхлебіцу.

Мэблі ў мяне было не вельмі, але ж было столькі, што ў жменю не возьмеш, на карак не закінеш. I на вяроўцы, як кароўку ўпірлівую, не павядзеш.

Але не абышоў я з сябрам-літаратарам і два разы вакол сваёй паклажы святое, выглядаючы палёгку якую, а палёгка проста ў грудзі алкаголем танным дыхае, коламі металічнымі ажно да вежаў крамлёўскіх грыміць. Два насякі сінявухія з вазкамі доўгімі прысунуліся і, зубоў не паказваючы, мэблю маю падхапілі і пагналі без пугі да багажні.

Мы, не дыхаючы, унагон.

У багажні ж насякі з трэскам выхапілі вазкі свае доўгія з-пад мэблі і, памяняўшы на тварах сіні колер на чырвоны, як чакухай па лобе, улупілі басам:

— Адзін з нулём за рэйс!

Ад пачутага калатнула мяне, па нервах сцёбнула. Ды ненадоўга памаракі мае загусцелі. Спрыт з насякамі размаўляць сякі-такі меўся. Нездарма ж у Трэцім Рыме чатыры гады пражыў.

— Гэта цана для ткачых іванаўскіх,— кажу,— а не для праўнукаў Радзівілавых. Даю два з нулём, толькі не ведаю, якой валютай плаціць: керанкамі дэмакратычнымі, чырвонцамі нэпманскімі ці карбаванцамі акупацыйнымі, штампаванымі ў Роўне ў травені 42-га года?

Усё гэта выдыхнуў на хуткасці фарсажнай. Насякі аглушаныя глядзелі на мяне з замілаваннем авечым, як на свайго калегу старэйшага. А я не змаўкаў:

—... магу падпісаць чэк, які са свайго рахунку бяздоннага аплоціць грамадзянка Францыі пані Гвяздкоўская — пазашлюбная дачка былога прэзідэнта польскага Масціцкага.

I вось тут, мусіць, і ўскочыў я ў палонку.

Ці то пра францужанку — міфічную пані Гвяздкоўскую — насякі маскоўскія нешта чулі, што, зразумела, вельмі неверагодна, ці то я ў адну лузу тры шары заляпіў адразу, што таксама кісель у супе пры маёй нянавісці да більярда, але як бы там ні было — мае памочнікі сіне-чырвоныя страсянулі грывамі і цуглі выплюнулі:

— Ты што нам,. палітбюр, бакі закручваеш! Мы што, гаішнікаў для дружбы народаў уломвалі? «знак» для музея малявалі? Зімою, рукі марозячы, вешалі! Давай адзін з нулём, а то піяніну з рэбраў зробім!

Трэба сказаць, што насякі маскоўскія людзі страшэнна музычныя. З носа чужога могуць скрыпку дастаць, нават са смыкам ужо наканіфоленым. Ну а з рэбраў не тое што піяніна — арган могуць скласці. Пра ўсё пра гэта я добра ведаў, сябар-літаратар — таксама. А калі так, то што тут вышукваць новую пані Гвяздкоўскую — плаці, дый годзе.

Я заплаціў.

— Дарогу! — закрычалі мне.

Я ледзьве паспеў убок прыняцца.

Міма правезлі скрыню доўгую.— нейкі вялізны, шчыльна збіты пенал. Следам пругка прайшоў афіцэр, наглуха пераплецены рамянямі, а за ім — два салдаты з аўтаматамі. Скрыню з багажні вывезлі на перон...

У багажні стаяла будка шкляная, зробленая пад кіёск. У будцы пакалыхвалася круглая, як ілюмінатар, галава прыёмшчыка. Прыёмшчык быў не стары і не малады, не худы і не тоўсты — рыхтык Чычыкаў, толькі, зразумела, што не дваранскага, а паходжання звычайнага, маскоўска-пралетарскага.

Прыёмшчык сказаў, што рэек на ўпакоўку капітальную няма, што мэблю абкруцяць папераю, але абкручванне гэтае ён аформіць упакоўкай капітальнаю, і што мне трэба згадзіцца і заплаціць за паперу, як за рэйкі, і калі я згаджуся, то багаж мой хутчэй адправіцца.

Я згадзіўся.

Прыёмшчык-чычыкаў, з будкі не вылазячы, пакавачоў паклікаў. Пакавачы прыбеглі і пачалі пакаваць. Запакаваўшы, ускінулі маю мэблю пакутную на тачку самаабслугоўвання маркі «Камсамольск-на-Амуры» і паказалі на перон — вязіце!

Прыпадаючы на ўсе чатыры калены, мы з сябрам-літаратарам выпіхнулі тачку з багажні. Адно кола гэтага транспарту маладзёжнага праз кожныя два крокі сервізныя старанна выводзіла акорды пачатковыя вернападданніцкага гімна «Боже, царя храни».

На пероне стаяў афіцэр, пераплецены рамянямі, і ўсё тыя ж двое салдат з аўтаматамі. Яны пагрузілі скрыню сваю ў цягнік калінінградскі і цяпер ужо ад няма чаго рабіць толькі сябе ахоўвалі ды сваю зброю.