Выбрать главу

Я па-адвакацку ўзняў руку, супакоіў баксердыста-куфленедаліўшчыка, і мы вычухнуліся з Лёвам на вуліцу...

Мы йшлі ўсё па тым жа цэнтры мястэчка нашага сталічнага, дзе Лёву напаткала шчаслівая, а цяпер такая пакутная думка аб эміграцыі.

Мы ступілі на мост.

Пад мастом абыякава булькацела лірычная радасць юных сувораўцаў і пенсіянераў-адхіленцаў — нашая Свіслач каналізацыйная.

I тут, на мосце, на самой яго сярэдзіне бетоннай бульварнымі агнямі Парыжа недасяжнага заззяла перад вачыма патрэбная здагадка. Я нарэшце зразумеў, нечакана прыдумаў, як памагчы няшчаснаму Лёву, майму Лёву цудоўнаму, каб гэта ён вылецеў з лесу нашага ў свет шырокі не ганарыстым арлом, на якога ў тым свеце шырокім ніхто й вокам спагадным не кіне — а-а, не загінеш, жыві тым, што ў дзюбе прынёс,— а пырхануў туды вераб'ём у меру абскубленым, якому на згрызоты лёсу, дакументальна аформленыя, шчодрае зерне пасыплецца.

— Дай свой пашпарт,— урачыста сказаў я. Лёва ні аб чым, вядома, не здагадваючыся, палез у кішэню.

Я трохі патрымаў ягоны пашпарт у руках, пагартаў і кінуў з моста. Лёгкай чырванакрылаю чайкай паляцеў дакумент Лёвін у прыгажуню Свіслач.

Каб Лёва не самлеў і не нарабіў ляманту афрыканскага, адразу растлумачыў:

— Заўтра пойдзеш у міліцыю і скажаш: пашпарт укралі ў гастраноме. I не прызнавайся, што ты Каганаў. З гэтага дня тваё прозвішча Кагановіч. Запомні Ка-га-но-віч. Новы пашпарт няхай на Кагановіча выпісваюць...

Бачна было, што да Лёвы прастата маёй задумы унікальнае не даходзіла. Са страхам гледзячы ў Свіслач, ён выкаўтнуў:

— А якая ж мне выгада Кагановічам рабіцца?

— Выгада немаленькая,— весела супакоіў я.— Стогадовы Лазар Майсеевіч па цяперашнім часе перабудовачным, як ні круці — ахвяра, постаць, можна сказаць, трагічная. А раз так, то ўсе сваякі, паўсваякі і аднафамільцы ягоныя таксама не ў прэзідыумах зараз ілбамі свецяць, а пад венікам сядзяць, сківіцы сцяўшы. Павер мне, Лёвачка, легенды лепшай для бюракратаў іміграцыйных не прыдумаць.

Радасць гамерычную Лёвы Каганава, прабачце, Кагановіча, апісваць не буду. Тут не хапіла б таленту і Шолама-Алейхема. Скажу адно — мой сцэнарый Лёва адыграў выдатна, радок у радок,— і ўжо праз нейкія два месяцы незаўважныя лёгка скокнуў у Рым дэмакратычны, а пасля з хуткасцю крэйсерскай даплыў і да супердэмакратычнага Нью-Йорка.

I апошняя навіна.

Учора з Амерыкі райскае прыйшоў да мяне ліст у абалонцы хрупасткай. Першы ліст ад Лёвы — на гэты раз не памылюся — Кагановіча. Сярод ахаў і охаў, анняў і танняў мой былы знаёмы паведамляў, што заключыў дамову з самым прэстыжным выдавецтвам Нью-Йорка на выданне кнігі мемуарнае «Мой дзед Лазар Кагановіч — жыццё і змаганне» і ўжо атрымаў аванс.

4 лістапада 1989

Пра тое, як я Маршалка Кім Ір Сена сустракаў

Сядзеў я неяк у карчме Траецкай, кавай гарачай цешыўся і зусім не здагадваўся, што мястэчка наша сталічнае самому Маршалу Кім Ір Сену дужа спадабалася. I настолькі дужа, што захацелася Маршалу на суботу-нядзелю прыехаць да нас. Дзіўнага тут нічога няма. Іншы раз маршалам і не тое хочацца.

Не паспеў я каву гарачую дапіць і дагартаць да сярэдзіны свой часопіс любімы «Паралітычны субяседнік», як таварыш Кім, раз-пораз паўтараючы па-беларуску словазлучэнні гасцявыя «шыра дз-зя-кку-ю» і «кал-лі лла-скк-ка», паспяхова даляцеў з Пхеньяна ў Смалявічы нашыя.

Ну, само па сабе, што паміж кіраўніцтвам местачковым і Маршалам Кім Ір Сенам была на візіт гэты дамоўленасць пэўная.

А як жа ж!

Прыляціш без дамоўленасці,— ніхто цябе не сустрэне, і прасіся тады да цёткі смалявіцкай нанач.

Са Смалявічаў кіраўніцтва наша местачковае павезла Маршала Кіма на полудзень урачысты ў харчэўню местачкомаўскую. Падсілкавацца ж трэба. Не будзеш гэта без полудню ўрачыстага па мястэчку сталічным халявамі бліскаць. Нават я і то без карчмы Траецкае спаць не кладуся.

Па дарозе ж на полудзень урачысты і з праграмаю візіту таварыша Кіма пазнаёмілі. I было ў той праграме днём першым — наведванне Кургана Велічы Будучай, а днём другім стаяла — наведванне Выстаўкі Дасягненняў.

Маршал Кім Ір Сен, чалавек мяккі ды інтэлігентны, праграму шчодрую местачкомаўскую прыняў з радасцю.

Урачысты полудзень прайшоў урачыста.

Падмацаваўшыся, Маршал Кім Ір Сен далікатна пацікавіўся, дзе гэта знаходзіцца Курган Велічы Будучай? Самы паважаны з паважаных местачкомаўцаў нашых адказаў, што Курган за мястэчкам знаходзіцца. А Выстаўка Дасягненняў?—было новае пытанне. У мястэчку,— быў новы адказ.

Маршал адразу ж папрасіўся на Выстаўку Дасягненняў. Здагадаўся, мусіць, што гэта бліжэй будзе.