Выбрать главу

Самы паважаны з паважаных местачкомаўцаў нашых абачліва згадзіўся з такой рэвізіяй праграмы візітнай і гэтак жа абачліва з хвіліну паўсміхаўся таварышу Кіму — адразу на Выстаўку Дасягненняў? Цудоўна!.. Пасля гэтак злёгку, нібы ў харэаграфіі тонкай, павёў плячом — даў зыак Памочніку. Памочнік імгненна прыняў знак і пабег званіць на Выстаўку Дасягненняў — а ці ўсё там падрыхтавана? Ён дазваніўся да Камандзіра ачаплення ганаровага і пачуў даклад: «Падрыхтавана ўсё, можаце ехаць. Толькі ж... няма сцягу каэндээраўскага. Дэфіцыт. Адзін сцяг на ўсё мястэчка й ёсць, дык яго са Смалявічаў адразу ж патарабанілі на Курган Велічы Будучай, куды планавалі напачатку павесці і госця высокага. I толькі пасля таго, як высокі госць пабудзе на Кургане, сцяг мелі неўпрыкметку перакінуць сюды, на Выстаўку Дасягненняў, перад самым, так сказаць, з'яўленнем таварыша Кіма».

Памочнік цвёрда прамовіў: «Без сцяга нельга».

Тады Камандзір прапанаваў: «Калі зусім нельга, то хоць здалёку, каб не так гола было, можна вывесіць амерыканскі сцяг. Ён у нас ёсць. На тым жа тыдні дэлегацыю з Чыкага сустракалі».

Памочнік яшчэ цвярдзей прамовіў: «Амерыканскі й не думай!» I загадаў сцяг каэндээраўскі намаляваць.

Пакуль Маршала Кіма вялі да машыны, падрабязна тлумачачы і паказваючы на пальцах, што ён толькі што з'еў і выпіў, на ганку шырокім Выстаўкі Дасягненняў, разаслаўшы кавалак прасціны цумаўскай, два лейтэнанты пачалі маляваць штандар дзяржаўны дружалюбнай нам краіны. Лейтэнанты працавалі старанна, можна сказаць, мужна, працавалі спяшаючыся,— ім было адведзена на такую работу нязвыклую толькі пяць хвілін. Каб не памыліцца і захаваць усе прапорцыі неабходныя, лейтэнанты зазіралі ў дапаможнік — геаграфічны атлас для дзяцей дашкольных, ну, кніжку такую каляровую пад назваю «Свет і чалавек», у якой былі паказаны ўсе сцягі свету, каэндээраўскі таксама.

Па краях прасціны цумаўскай лейтэнанты правялі дзве паласы сінія, а паміж імі — шырэйшую, чырвоную, абачліва пакінуўшы на ёй белы кружок, у які далікатна ўмалявалі зорку палымяную.

У атласе каля кожнага сцяга стаялі чалавечкі лялечныя ў світках нацыянальных; каля каэндээраўскага можна было ўбачыць мужычка ў шыраполым, як самбрэра, чорным капелюшы і ў шырокім балахоне блакітным, і ягоную сяброўку ўсмешлівую ў пышна-рукаўнай кашулі зялёнай і ў спадніцы доўгай, ружовай — ног зусім не відаць.

Лейтэнанты надумаліся перамаляваць іх на прасціну сваю, каб гэта сцяг больш нацыянальна выглядаў. Камандзір жа ачаплення ганаровага не дазволіў — часу ж зусім няма, картэж і не збачыш, як з'явіцца!

Лейтэнанты паслухмяныя асцярожна паднялі прасціну і пачалі сушыць. Сушылі, не варушачыся, каб, крый бог, фарба сіняя не змяшалася з чырвонаю...

Камандзір прыспешваў.

Лейтэнанты падышлі да флакстэнгі, на якой самотна пакалыхваўся сцяг нашага мястэчка сталічнага, і прымацавалі сваю прасціну. Недасушаны сінь-чырвона-сіні штандар марудна папоўз угару.

Калі ён яшчэ толькі поўз па флакстэнзе, я ўжо выходзіў з карчмы Траецкае, і нейкая сіла авантурная павярнула мяне ў той бок, дзе знаходзілася Выстаўка Дасягненняў.

Зноў-такі прызнаюся — нічагусенькі ні пра што не ведаючы, яшчэ на дальнім падыходзе да флакстэнгі я ўбачыў свежапаголеную грамадскасць нашага мястэчка сталічнага з кветкамі ў руках, убачыў лейтэнантаў і аркестрантаў заклапочаных, цэлае мора заклапочанае міліцыянтаў і, нарэшце,— не проста заклапочанага, а зусім ашалелага Камандзіра ачаплення ганаровага.

Усе, як галубятнікі, угару глядзелі.

Угары вольна пацялепваўся сцяг нашага мястэчка сталічнага, а побач, на суседняй драціне, прыгнечана звісала, не хацела гуляцца з ветрам цумаўская прасціна сіне-чырвоная.

Камандзір ачаплення ганаровага схапіўся за галаву і забегаў вакол флакстэнгі.

Лейтэнанты паслухмяныя доўгай рэйкай металічнаю спрабавалі разварушыць прасціну, пусціць яе па ветры. Нічога не памагала. Сцяг самаробны звіўся ў трубку і звісаў, як перабіты хобат.

Камандзір ачаплення ганаровага некалькі разоў хапаўся за кабуру — ці то хацеў настрашыць лейтэнантаў няспрытных, ці то мерыўся сам застрэліцца, каб не даць ганьбе ўчапіцца ў свае пагоны чыстыя.

Нервы, нервы... Ды, дзякаваць богу,— кабура выратавальна не расшпільвалася...

Прынеслі яшчэ адну рэйку. Дзве рэйкі доўгія бездапаможна стукаліся адна аб адну, жаласліва звінелі, і ўсё ўверсе заставалася так, як і было.

Падыходзілі простыя людзі і — добрыя душы,— бачачы такую бяду незвычайную, пачыналі радзіць. Не мной заўважана, але гэта так — людзі простыя заўсёды гатовыя хоць словам паспрыяць вайскоўцам.