Выбрать главу

— Не забывайце, таварыш, гэты афарызм гуманны!

— А я й не забываю,— сцяўся дзядзька пакараны. Ён крутануўся тварам да правадыра.

О, метамарфоза нечаканая! Дзядзька ўжо апраўдвацца мусіў:

— Вы не падумайце, Кастусь Усцінавіч, што я да Суседа нашага таварыша маладога нешта падазронае маю. Зусім не. Я ж разумею, што Суседу ягонаму было тады толькі гадкоў трынаццаць. Я разумею, што ён у небе страляў. Няхай з пісталета варожага, але ж у неба. Праўда, сала нашае ворагу аддаў.

— Сала шкада,— згадзіўся Кастусь Усцінавіч.

— Але гэта нічога,— ажывіўся дзядзька,— бо ўсё пасляваеннае жыццё Суседа прайшло па нашых, па савецкіх законах. Зараз ён шостым сакратаром аднаго гаркома палескага працуе. А пра яго, нашага таварыша маладога (дзядзька аднавокі на мяне паказаў), далажу вам, Кастусь Усцінавіч, толькі самае добрае. Сумленны, правераны малады чалавек, анкету чыстую мае. Бацькі ў яго цудоўныя. Можна смела пускаць. А пра Суседа ягонага я так... для памяці спытаў. Стрэл гэты ў анкету не ўпішаш, а забываць не варта.

— Не варта,— згадзіўся Кастусь Усцінавіч і параіў,— але й валаводзіць з нашымі грамадзянамі маладымі таксама не варта.

— I я пра тое ж! Няможна валаводзіць! Няхай наш таварыш малады едзе за мяжу, няхай на здароўе па Еўропе ходзіць, толькі...

— Што толькі? — Кастусь Усцінавіч здзекліва пасміхнуўся.— Зноў Сусед?

— Ды не! — закруціўся дзядзька авіраўскі.— Я пра іншае... Паверце, я вельмі рады, што нашаму таварышу маладому і час выпаў на паездку добры, і грошы на дарогу самохаць набеглі, ажно ў жмені не стоўпяцца, і цудоўна, што ў грудзях ягоных маладых настрой гітарны варухнуўся, а самае лепшае дык тое, што з таго боку несавецкага яму паперынай запрашальнаю махнулі ветліва. Я сам з балкона авіраўскага бачыў тое памахванне і сам жа з балкона афіцыйна закрычаў праз драты пагранічныя, калючыя: прыедзе, прыедзе ваш сябар! Не хвалюйцеся!..

Дзядзька аднавокі адсопся, адпачыў секунду і, не азірнуўшыся на мяне, зноў языкаваць кінуўся:

— Дык я не пра гэта ўсё, Кастусь Усцінавіч, я пра іншае... я наперад кідаю, наперад разважаю. Скажам, наш таварыш малады ваенкамату спатрэбіцца. Га? Ну раптам ваенкамат захоча радавога запасу (тут дзядзька маё прозвішча назваў) на рубяжы абаронныя паставіць. А ў гэты самы час, калі ваенкамат захоча, наш радавы запасу будзе па Еўропе хадзіць. Што тады?

— Праблема? — Кастусь Усцінавіч пачухаўся на карціне шырокай.

— Я не скажу, што праблема вялікая, так сабе праблемка,— супакоіў правадыра дзядзька,— можна сказаць, што праблемка зусім аніякая. Больш таго, праблемка простая, як шомпал. Усяго й зрабіць трэба, што нашаму таварышу маладому зараз жа ў ваенкамат збегаць, тут недалёка, і ў ваенкома нашага на два тыдні ў Еўропу адпрасіцца.

— А што,— усцешыўся Кастусь Усцінавіч,— збегайце, малады чалавек, адпрасіцеся. Няхай на анкеце ваенком напіша, што адпускае вас.

На гэтым ён змоўк, глыбей у карціну адсунуўся і нанова газету «Правда» разгарнуў.

Замаркочаны, выйшаў я з пакоя светлага.

Нават не падзякаваў ні Кастусю Усцінавічу, ні дзядзьку аднавокаму.

Зрэшты, за што ім дзякаваць, асабліва дзядзьку?

У Суседа майго, цяпер высокапартыйнага, коршакам учапіўся.

Бяда такая — з пісталета стрэльнуў.

Смех!

Не сынам жа палка ўласаўскага быў...

У ваенкамат прыйшоў я з настроем нулявым. Увесь перакручаны прыйшоў. Злы. Адна палёгка, што ваенкамат — не гастраном, чаргі ніякае, таму на ваенкома я адразу наскочыў.

Ваенком — з ордэнам Вялікай Айчыннай — анкету маю ўважліва прачытаў, пасля перачытаў, вочы пацёр, на мяне тройчы паўзіраўся, моўчкі ад ілба да патыліцы думку нейкую паганяў, зноў на мяне паглядзеў і, як той авіравец аднавокі, папку чырвоную з надпісам «Сусед» аднекуль з-пад сябе выкалупнуў і тыя ж самыя матузкі венозна-сінія распусціў пагрозліва.

I раптам не пытанне — аперкот у сківіцу самую:

— Дык Сусед ваш нарадзіўся ў трыццатым годзе?

— О-о-о, толькі заокаў я, ды тут адна каманда, і гэты законнік пачне зараз пра фронт пытацца...

Які ж я здагадлівы — так і выйшла!

— На фронце, вядома ж, не быў?

— Не быў,— прашаптаў я і пашукаў на сцяне Кастуся Усцінавіча выратавальнага.

У кабінеце ж ваенкома ніякіх партрэтаў не было, толькі на сейфе прымасціўся бюсцік Суворава.

— I ў паліцыі не служыў? — рытарычна спытаў ваенком і сам жа ўдакладніў, нібыта памог мне,— па малалецтву...

I тут мяне ўзбурыла, што называецца, закруціла і, як таго сабаку шалёнага,— па цаліку сакавіцкім панесла.