Выбрать главу

— Ён да ўласаўцаў у мястэчку N бегаў! — ускінуў я над сталом ваенкомаўскім усе свае кулакі фіялетавыя.

— Да ўласаўцаў?! У мястэчку N?! — замілавана, па-дзіцячы ўсклікнуў ваенком.

— Да ўласаўцаў! — Ад крыку ў мяне й вушы зрабіліся чарнільныя.

— Бегаў?! — усё з тым жа замілаваннем дзіцячым перапытаў нечакана памаладзелы ваенком.— У мястэчку N?

Я нічога не разумеў, абсалютна нічога не цяміў — адкуль замілаванне гэтае? з чаго ў ваенкома сліна такая?

Я толькі бачыў, што ваенком то на паверхні боўтаўся, то з галавою патанаў у глыбокай палонцы пачуццёвай, поўнай нейкай экзальтацыі цьмянай.

У два словы кажучы: гінуў чалавек.

Па-рыцарску я кінуў яму саломінку выратавальную, яшчэ раз пацвердзіўшы:

— Так, бегаў... У нас, у мястэчку N палескім у сорак трэцім уласаўцы стаялі і за кавалак сала дазволілі Суседу майму з пісталета стрэліць...

Мая саломінка выратавальная ператварылася ў галіну пальмавую, бо...

Ваенком падбег да мяне, абняў і пацалаваў. Ваенком рухаўся вулканічна. Усё на ім было гарачым, нават пагоны. Ордэнам Вялікай Айчыннай ён абпаліў мне шчаку.

Дык за сала далі стрэльнуць! — ваенком толькі што не лямантаваў, сціскаючы мае плечы цывільныя. Віхура шчасця неўтаймавана шалела ў ягоным старым целе ваяцкім. На вейках настальгічна блішчэлі слёзы. Нарэшце ён схамянуўся, адпусціў мяне, узяўся за анкету маю:

— Што мне напісаць трэба?

— Напішыце ў левым кутку верхнім, што з першага ліпеня ажно па пятнаццатае вы не будзеце браць мяне на зборы вучэбныя, і падпішыцеся.

Ваенком напісаў, распісаўся і прыляпіў да ўсяго пячатку сонцаўсходную.

— Перадайце Суседу вашаму прывітанне,— нечакана папрасіў ён.

— Ад вас? — недаўменна перапытаў я.

— Не! — напужаўся ён.— Не ад мяне асабіста, а так... ад Міністэрства Абароны.

Я развітаўся з ваенкомам, да дзвярэй лёгка павярнуў, а на душы — ні ўсмешкі, ні зернятка светлага.

Здаецца ж, перамог, прабіў сабе сцежку за драты пагранічныя, а ў роце — кісла, і сэрца не спявае — толькі дрыгае. У галаве ж зусім свярботка ўсчалася пякучымі пытаннямі напаленая: хто ж дзядам гэтым крэсельным пра Суседа майго высокапартыйнага насвістаў? З чаго гэта ён — Сусед мой высокапартыйны — у іхнюю памяць склератычную так моцна ўштампаваўся? Чаму...

Выйшаў я з кабінета ваенкомаўскага, дзвярыма не ляпнуў — адно што на нітку жывую прычыніў, шчылінку на валасок пакінуў.

Усё абачліва зрабіў.

У кабінеце ж адразу гаворка пачалася.

— Чый гэта недарасль? — спытаўся ў ваенкома голас.

Голас — бадзёры, арыстакратычны.

— Гэта — ліцьвін малады, Аляксандр Васільевіч...

А, здагадаўся я,— бюсцік Суворава загаварыў. Той самы, што на сейфе. Генералісімус! Ваенком тлумачыў:

—... Сусед ягоны быў отракам у кампанію апошнюю і неяк сала мне на пазіцыю прынёс. Я яму за гэта з пісталета стрэльнуць даў.

— Сала смачнае было? — пацікавіўся генералісімус.

— Не паспеў пакаштаваць, Аляксандр Васільевіч,— сумна прызнаўся ваенком,— пакуль рыхтаваў отрака да стральбы, сала ўкраў бамбардзір з бастыёна суседняга.

— I як ты злодзея пакараў?

— Выбіў гаду вока,— сказаў ваенком.

— Садзеяў недурсцвенна,— пахваліў генералісімус.

19 верасня 1990

Пра тое, як я з Лепшым кампазітарам беларускім пазнаёміўся

Усё пачалося з трэмало тэлефоннага. Не, званіў не Лепшы кампазітар беларускі, гукі дрыготкія пасылаў мне шчыра адзін паэт рускамоўны. Гукі, скажу вам, зусім жалобныя.

Клопат быў у паэта рускамоўнага, неспакой творчы. Паэт сваім вершам на мове рускай упрыгожыў ноты Лепшага кампазітара беларускага. Вершам трагічным упрыгожыў з рыфмамі мужчынскімі!

Але верш гэты, так і сказаў мне паэт рускамоўны, павінен гучаць і па-беларуску. I тут жа дадаў: так аўтар музыкі хоча.

Хіба мог я адмовіць, калі сам Лепшы кампазітар беларускі просіць?! Той самы адзіны на свеце кампазітар, што напісаў тую самую мелодыю рамэотужлівую, што прымушала мяне, дурня пятнаццацігадовага, штовечар у штанах адпрасаваных дзерціся на самы ўскрай Давыд-Гарадка і там, чатыры пальцы за губу заклаўшы, свістам бандзюжным Джульету Сеген пад вярбу гарынскую клікаць і, цалуючы яе, уяўляць са стогнам балотным, што гэта й ёсць яна — тая самая Незваротная, тая самая Незгаворлівая, што пакінула па сабе толькі золкі і туманы...

Згадзіўся я адразу, абнадзеіў паэта рускамоўнага сваім імпэтам творчым і сустрэцца з ім у Палацы Музыкі дамовіўся.

Сустрэліся.

Паэт рускамоўны, чалавек надзвычай дзелавіты, адразу ж пратаптаў мне дарогу да стала венскага Лепшага кампазітара беларускага. Я толькі тое сцяміў, што верш на мове рускай ён мне там, каля стала, пакажа, магчыма, нават запіс магнітафонны дасць паслухаць...