Выбрать главу

Пашкадаваў парторг свае ганарары інвалютныя і, не раздумваючы надта, за парог памёўся.

Лепшы кампазітар беларускі яшчэ больш уважліва на мяне паглядзеў і зноў-такі тое ж пытанне падсунуў:

— Вы адсюль ці знекуль?

— Адсюль,— адказаў я з гонарам.

— А я столькі ў сваім жыцці падтрымліваў тых, што знекуль, валацугам усякім памагаў, рабіў іх народнымі артыстамі, кватэру адну за адной выбіваў. А яны... А вы не па кватэру?

Тут узняўся велічна мой калега рускамоўны і растлумачыў:

— Гэта наш паэт нацыянальны, які перакладаць нас будзе!

Лепшы кампазітар беларускі ўзрадаваўся, што я не па кватэру.

— Поэт — это личность!—сказаў ён па-руску. А кампазітару юнаму між тым надакучыла чакаць, дзверы ён штурхануў рашуча:

— Як там з кватэраю маёй?

— Віцёк, пашанцавала табе. Добра, што кватэру ты просіш, а не машыну пральную. Кватэра будзе. Заўтра!

Кампазітар юны калыхнуўся сюды-туды і на падлогу пачаў валіцца. Ад шчасця зусім непрытомны стаў.

Мы з паэтам рускамоўным падхапілі яго, каля сябе прыладзілі.

I хвіліны дохлай не мінула, як нейкі аўтамабіліст пазваніў,— прасіў падфарнікі дастаць на мадэль дзевятую.

— Коля! — адказаў Лепшы кампазітар беларускі. — Падфарнікі будуць!

У кампазітара юнага дыханне яшчэ не выраўнялася, як увайшоў флейтыст Міша Акрабаткін.

У Мішы Акрабаткіна свае праблемы: ягоны далечгук электронны быў безнадзейна састыкаваны з далечгукам суседкі злое. Расстыкаваць трэба. Лепшы кампазітар беларускі імгненна далечгукі гэтыя несумяшчальныя расстыкаваў...

Пасля чыста паголенага Мішы, увапхнуўся нехта доўгі, худы і нямыты. З пашпартам у руцэ.

Як вы самі здагадаліся, з'явіўся адзін з рыцараў багемы.

— Ба-аць-ка! — багемшчык слязіну каўтануў.— Пазыч пяцёрку, а я пашпарт пакіну...

Лепшы кампазітар беларускі пазычыў багемшчыку нямытаму дваццацьпятку і папрасіў толькі пашпарт не пакідаць.

Усе просьбы гэтыя ды візіты цярпеліся намі даволі спакойна, але з'явішча наступнае да сініх плям напалохала, у тры вузлы калашыны звязала.

Спачатку здалёку, а пасля пад самымі дзвярыма начулася працяглае, жудаснае: ааааа! Ажно пяць «а»!

Невыноснае, драматычнае сапрана!

Кампазітар юны, гэты матылёк бляклы, пачуўшы яго, не проста ачуняў, а ў коршака ператварыўся і ўчапіўся нам гузікі абдзіраць.

Мы з паэтам рускамоўным пачалі мужна бараніцца.

Пакуль бараніліся, не ўбачылі, як уляцеў у кабінет віхор цалінны.

Кабінет здрыгануўся ўвесь, юзам пайшоў.

А далей...

А далей струны раяля малінавага перапляліся, папера нотная закружылася, і батальён прусакоў аглушаных дружна выбег з Палаца Музыкі калоннага на пляц Саборны.

Ратуючыся, мы з паэтам рускамоўным упалі на падлогу, прыціснулі сабою кампазітара юнага. Ён жа і пад намі не супакойваўся, гузікі нашыя лупіў, не шкадуючы.

Лепшы кампазітар беларускі апынуўся на раялі.

А сапрана драматычнае не змаўкала — завывала, скавытала, енчыла.

Калі ж папера нотная супакоілася і на нас уся чыста пападала, калі струны раяля малінавага расплятацца пачалі і па адным з пляца Саборнага прусакі сталі вяртацца, калі «ааааа» дзікае ў «ыыыыы» невыразнае перайшло, толькі тады мы галовы пападымалі, толькі тады мы кабетку маладую ў калготках доўгіх над сабой убачылі.

— Ыыыыы,— гаварыла яна і паказвала некуды на дзверы.

Ясна было, што не ў калідор пальчык яе накіраваны, а некуды значна далей.

Кабетка, кабетачка! Маладзічка такая няшчасная. З яе касметыка сыпалася тынкоўкаю мініяцюрнаю, ну проста элегантна адвальвалася касметыка на патыліцы нашыя набраклыя.

— Пусціце мяне! — зароў пад намі кампазітар юны.— Гэта жонка мая!

Жонка?! Мы пусцілі.

— Анжэлачка, ты даведалася! Анжэлачка, ты ўжо знаеш усё! — радасна крычаў кампазітар юны.— Але ж навошта гэтак радавацца?

— Чаму радавацца, пень?! — Анжэлачка схапіла свайго моцарта ашалелага за нос.— У мяне ў ЦУМе сумку пырнулі, усё ляпнулася... Ыыыыы...

— Што ляпнулася, Анжэлачка? — кампазітар юны забыўся вызваліць нос, таму пытанне ягонае глуха, як пад сурдзіну, праскрыпала.

— Усё, што ў сумцы было, казёл! — удакладніла Анжэлачка.— З талонамі на гарэлку ў прыдачу.

Яна адштурхнула ад сябе кампазітара юнага і села зняможна на клавіятуру далікатную раяля малінавага.

— Ратуйце! — кампазітар юны цупнуўся на калені.— Талоны прапалі!..

А цяпер зраблю я адхіленне маленькае ў Еўропу шчаслівую. Адхіленне маленькае, але са зваротам здзеклівым. Звярнуцца хачу да кампазітараў ангельскіх ды кампазітараў гішпанскіх.