Выбрать главу

Хлопцы, ці можаце вы так? Га? Ну, як Лепшы кампазітар беларускі? Ну, талоны ці можаце знайсці, украдзеныя ў гішпанак вашых калготканогіх ды ангелек сухіх? Што? Не можаце? Такая й музыка вашая!

А Лепшы кампазітар беларускі можа!

Вось ён з раяля малінавага саскокнуў, па лістах нотных да стала венскага рашуча падышоў, далечгук накруціў, з некім пагаварыў ласкава,— і праз дзесяць хвілінаў няпоўных талоны ўкрадзеныя знайшліся і ўсё астатняе, што ў сумцы было.

Жонка кампазітара юнага салютна ўзрадавалася, а сам ён, матылёк белы, крылцамі кволымі ўдвая залапатаў.

Сышлі яны, дзякаваць богу, і мы адразу да творчасці кінуліся.

Паэт рускамоўны верш свой на паперы паказаў і магнітафон уключыў.

Лепшы кампазітар беларускі прамовіў: «Пераклад песні гэтае быць павінен...»

Не дагаварыў ён, да канца не растлумачыў мне, якім пераклад песні гэтае быць павінен,— бо тэлеграму прынеслі.

— Вам тэлеграма крамлёўская! — урачыста абвясціла сакратарка тонкаабцасая.

Ого!

Мы з паэтам рускамоўным адышлі ў куток цямнейшы.

Тэлеграма крамлёўская змяшчала заяву катэгарычную. Таварыш Лепшы кампазітар беларускі, гаварыла тэлеграма крамлёўская, Вы прапусцілі на берагах маскоўскіх паседжанне важнае. Адсутнасць Ваша паўплывала дрэнна на вынік галасавання па пытанні пераходу краіны роднае на эканоміку рыначную. Заўтра ж чакаем Вас у наш Савет Баявіты.

Тэлеграму падпісаў заўсёдна абаяльны — т. Нінашаў-Нівашаў.

28 верасня 1990

Пра тое, як яў тэатры падлогу мыў

Сяргею Казначэеву

Гады сямідзесятыя...

Я — студэнцік дохлы, выхаванчык самадзейнасці местачковай, а вакол — Масква тэатральная, Масква афішная. Галаву маю кучаравую духам закулісным прадзімала, алкаголем сцэнічным закалыхвала. Ліхтары бульварныя бутафорскімі здаваліся, а стокішэннікі, фарцоўшчыкі нахабныя, у сваіх акулярах дымных — рэжысёрамі.

Драбяза любая тэатрам пахла!

У аптэках вату прадавалі — Джульеты, а ў гастраномах каўбасу наразалі — Мельпамены.

Вахцёркі старэнькія, што спазналі некалі эмпірэй гімназічны, называлі Станіслаўскага купцом Аляксеевым, а дзяўчаткі-маляры на сваіх рыштаваннях высокіх, густа абкіданых вапнай краплістаю, элегічна ўздыхалі — пра Таццяну Дароніну думалі.

Агні прэм'ерныя драпежна асляплялі дыпламатаў надушаных, абпальвалі на іхніх сурдутах двухбортных каралавыя гузікі. У лімузінах плавіліся перагародкі шкляныя, і штучна пышныя жонкі дыпламатавыя баяліся за свае турнюры.

Тэатралы-шавіністы радаваліся, што Чэхаў у Таганрогу, а не ў Жмерынцы нарадзіўся, а тэатралы-касмапаліты марылі пра тэатр народаў на поўдні Сахары.

Ад воплескаў кананадных пад сцэнаю глухлі каты, і на святло пражэктараў выскоквалі мышы. З лапак і хвастоў палахлівых асыпаўся пылок парфумы французскае.

У перапынках, кавай пырскаючы, сварыліся драматургі маладыя. Гжэчнасць вялікая і малая камечылася, як праграмка. Нават класікі і то страчвалі годнасць хрэстаматыйную. Шэкспір цкаваў Розава, Гогаль — Макаёнка.

Усяго было.

Нястачы ніякае.

Анаго толькі бракавала — білетаў.

I хоць сямідзесятыя, і хоць Масква тэатральная, Масква афішная, а білетамі вольнымі ўсё ніяк не зацвітала.

I хоць каты аглушаныя з мышамі ачамрэлымі, а з білетамі, як з тымі бананамі афрыканскімі,— адно сліну глытай. Так нешта дробнае зрэдку пракідвалася, да пальцаў прыліпала. Але ж дробнае і абы-куды...

А мне хацелася ў той тэатр, што на Малой Броннай славутай, ды ў той тэатр, што на Малой Броннай славутай — білетаў і да вешалкі не было. Ва ўсякім разе для мяне.

Пэўна ж, выпраўка мая дохлакучаравая касіру на зуб не клалася, бо ні разу бронь шчаслівая не зрабілася маёй і ні разу кантрамарка з акенца адміністратарскага не зляцела ў далоні мае гарачыя.

Праўда, разы два мне шчасціла, і хоць са спазненнем, але ў залу глядзельную ўсё ж пратыкаўся... Квіток неяк выдзер з пераплатаю ў аднаго стокішэнніка філёўскага, калі ўжо глядзенне пачалося.

А другі раз на бабулек-білетарвачак сентыментальна наваліўся, слязіну доўгую пусціў, шчыра хлусячы: учора я ў тэатры вашым цудоўным быў і ў сёмым радзе білет камсамольскі забыўся...

Білетарвачкі ў гады трыццатыя, відаць што, камсамолілі ад душы поўнае, трагедыю маю зразумелі, дакумент юнацтва пашукаць пусцілі, але ва ўсе астатнія разы — куралём за дзверы выкідвалі.

Хадзіў я, як той Янка пад вярбой, маркоціўся, усё думаў: як жа гэта ў тэатры любым сваім чалавекам зрабіцца? Як жа гэта клопату білетнага ў вочы не бачыць?

Аж неяк гляджу: аб'яву на дзверы службовыя лепяць. Чытаю і задыхаюся ад таўкачні сардэчнае: тэатру на Малой Броннай славутай падлогамый патрэбен! Не падмятайла ў двары з дзеркачом абшморганым, а майстар лоску ўнутранага, магчыма, на самой сцэне...