Выбрать главу

Прасіцца кінуўся, не думаючы.

Яшчэ ў парозе, страхуючы сябе, закрычаў слёзна, што я не проста з вуліцы, што я свой, што я — друг тэатра!

Нават дырэктар пачуў.

Узялі мяне і што рабіць адразу ж паказалі: шараваць падлогу, праўда, не на сцэне, а каля вешалкі, ды яшчэ ў вазы-попельніцы, што ў курылцы на ножках бусліных целяпаюцца, ваду наліваць. Каб гэта пажару якога не ўчынілася.

Прыбіранне такое спадабалася мне.

На два пальцы работа.

Увесь клопат, што па вешалцы з анучаю прабегчыся ды з вядром пажарным у курылку скокнуць.

Так і рабіў, не ленаваўся.

I дзесяць хвілін са стрэлкі вялікай не саскоквала, як падлога блішчэла і з попельніцаў брыдотаю не дыхкала. А пасля...

А пасля ў душы маёй спяваць пачыналі скрыпкі пяшчотныя. Рукі свае напаўпралетарскія спаласкваў, ад бруду штаны атрапаў і нішкам, амаль нагінкам, у ложу дырэктарскую ўціскаўся.

А ложа дырэктарская, як тая крыніца фальклорная, заўсёды поўнаю стаяла. Гледачы там фасоністыя падбіраліся, а глядачкі — прыталеныя. Але ж і я тут не лішні: нікога не зачэпваю, у каркі чужыя густа не дыхаю, са шчыліны, нікому не бачнае, крэсельца раскідное, брэзентовае дастаю і па-гаспадарску ўтрамбоўваюся.

За два тыдні ўвесь рэпертуар паглядзеў, праўда, крыху прыпазняючыся на адкід заслоны, бо прыбіранні мае на самыя пачаткі глядзенняў прыпадалі. Ды я не крыўдаваў, за анучу браўся, спяваючы; падлогу, як бляху салдацкую, націраў; у вазы-попельніцы ваду ліў, паплёўваў. Стэрыльнасць аптэчная з рук маіх белым кацянём саскоквала, ва ўсе куткі забягала.

Зусім не хлушу пра стэрыльнасць аптэчную.

Я ж прычындалы прыбіральшчыцкія, тыя, што да мяне былі, памяняў, шчотку старую ды анучу злямчаную — з першага дня выкінуў. Зірнуў на шчотку. Не шчотка — сустаў рэўматычны! Ганьба мне шчоткай такою любімы тэатр падмятаць! А з анучы — мяне ледзьве не вымуціла. Не анучу, нейкую рагожыну ўбачыў, ушчэнт абсвінячаную.

Кінуўся ў цэх кравецкі і на анучу новую два метры каніфасу галандскага выдурыў. А дзеля шчоткі лепшае напачатку ў касцюмераў воўны новазеландскае наскуб, а пасля ў сталяроў кіёк з бамбуку індыйскага вып'яніў. Кіёк той на плашку сандалавую нажывіў,— воўна новазеландская сама да сандалу прысмакталася, у пучкі пабралася і санітарна натапырылася.

Шчоткі гэткае эстэцкае і Меерхольд не бачыў!

Вакол адразу ж: о-ё-ёй ды а-я-яй! Скрозь па тэатры ад здзіўлення вочы вырачыліся: што робіцца, маўляў, якія падлогамыі ў мастацтве з'явіліся!

Праўда, здзіўляліся, я сказаў бы, неяк насцярожана, падазрона, ніхто ўголас не падзякаваў за старанне маё, за жаданне маё падзвіжніцкае — усё-ўсё для тэатра рабіць, нават, калі трэба, канарэек на рэшаце выседжваць.

Падзякаваў толькі адзін чалавечак добры. Не з тэатра чалавечак — з вуліцы. Дзівосны такі, рахманы — не раўня стокішэннікам бульварным.

Перад тым як раптова сустрэцца з ім — усё маракаваў я, як гэта свае страсці мельпаненныя задаволіць, глядзенні ўсе з самага пачатку паглядзець? Трэба ж неяк расклад падлогамыйны змяніць, каб у ложу дырэктарскую адначасова з гасцямі фасоністымі шкрабянуцца.

Ці памочніка пашукаць...

Неяк увечары іду ў тэатр, іду-спяшаюся. Да званка першага часу капля малая засталася, а тут, у дзвярах службовых, хлопец адзін з вачыма бабруйскімі ловіць за руку.

О, думаю, зямляк.

Нехта з артыстаў маладых ці з абслугі тэатральнае.

Зараз цыгарэту папросіць. Ды не.

Хлопец з вачыма бабруйскімі пра цыгарэту й не думае, а пачынае хваліць мяне ды кампліментамі замілаванымі з ног да галавы ўцяпляць.

За што толькі?

А хлопец не змаўкае, блытана гаворыць:

—...наша абшчына падтрымае вас, калі вам цяжка будзе... Клопат ваш чалавечы высока ацэніцца...

— Які мой клопат? — перапытваю ды на хлопца дзіўнага тупа гляджу, вушыма пацепваю.

А ў хлопца вочы не проста бабруйскія — дзве свечкі ясныя, і цюбецеечка нейкая да патыліцы прылеплена.

— Клопат ваш вялікі,— тлумачыць,— кожны вечар вы прыбіраеце чыста-чыста святыню нашу.

— Святыню?

Нічога не цямлю з таго, што чую, а тут ужо й званок першы брамкае. Хачу пайсці, а хлопец гэты, цюбецеечку паправіўшы, за хвіліну кароткую паспявае мне цэлую лекцыю прачытаць пра гады мінулыя майго тэатра любага.

I даведаўся я, што пры цары тут сінагога была, а ў камсамольскія дваццатыя — падмосткі яўрэйскія. I на падмостках тых цуды жывапісныя вытвараў Шагал, а цуды акцёрскія — Саламон Міхоэлс...