Выбрать главу

— Я з тыдзень назіраю за вамі,— узрушана прызнаўся хлопец,— вы так шчыра працуеце. Нават анучу са шчоткаю памянялі! Да вас ніхто гэтак чыста падлогу не мыў...

Шкрабнуў другі званок.

I з ім, з гэтым званком другім, авантурка дробная ў крыві маёй горача загіялёхкала. Пацягнуў я хлопца зычлівага ў дзверы службовыя, да самое вешалкі давёў. Шчотку бамбукавую з анучай каніфаснаю паказаў і растлумачыў коратка:

— Вы сказалі, што падтрымаеце, калі мне цяжка будзе. Дык падтрымайце, падлогу памыйце. А мне трэба глядзенне сённяшняе з пачатку паглядзець...

Хлопец здрыгануўся ўвесь, за цюбецейку схапіўся. Нешта прамовіць хацеў, але зазвінеў трэці званок, і я пакінуў хлопца, пабег у ложу дырэктарскую выцягваць са шчыліны патаемнае сваё крэсла брызентовае. Я быў аглушаны шумам ніягарскім удачы неспадзяванае. Нарэшце!..

Нарэшце ў ложы я з самага пачатку.

У гэты вечар «Жаніцьбу» паказвалі.

На сцэну выйшаў небарака Падкалёсін (артыст Мартынаў). Я падумаў пра бабулек мурашканогіх, што пры вешалцы тупаюць. Пашанцавала бабулькам — сёння раней дахаты пойдуць. Калі на сцэне Падкалёсін-Мартынаў, «Жаніцьба» заўсёды карацейшаю выходзіць. Калі ж фрак падкалёсінскі артыст Волкаў усцягвае, бабулькі стогнуць, як паланянкі егіпецкія, бо артыст Волкаў — маруда страшэнная, глядзенне кожнае на паўгадзіны зацягвае...

Падкалёсін-Мартынаў паглядзеў уважліва на ложу дырэктарскую, і тут... дзверы за маёй спінаю адчыніліся з трэскам фехтавальным.

Нібы ад позірку ягонага!

Ложа здрыганулася, усе паверылі, што сапраўды ад вачэй таленавітых дзверы адчыніліся.

Я трыумфаваў, звысоку пазіраў на гледачоў фасоністых: ну што, барахольшчыкі, катарсіснуліся?! Адчулі, што значыць мастацтва непадманнае?

Па галаве ды карку маім заскакаў халаднічок застудны.

Я крутануўся, каб гэта дзверы прычыніць, і рукою на нешта мяккае напароўся.

На дырэктара! Ён стаяў у парозе, узброены лютасцю.

Вядома ж, дзверы адчыніліся не ад вачэй таленавітых, трэск фехтавальны з дзвярыма дырэктар учыніў...

Дырэктар схапіў мяне за каўнер, выскуб разам з крэсельцам з ложы і абурана загадаў:

— Ідзі за мной, друг тэатра! Па дарозе я стаў апраўдвацца:

— Таварыш дырэктар, паверце, вашым гасцям дарагім я не замінаў. Я ж толькі хвілінку пасядзеў, не больш...

Ён не слухаў — злы і ў злосці сваёй беспамылковы, як Зеўс. Была б у руках ягоных маланка — спапяліў бы мяне разам з гузікамі...

Меў рацыю класік, усе трагедыі чалавечыя з вешалкі пачынаюцца. Дырэктар жа і прывалок мяне да вешалкі.

— Мыйце падлогу, друг тэатра! — закрычаў ён.— I не здзекуйцеся з людзей!

Я ... здзекуюся! З каго?

I тут убачыў я хлопца з цюбецейкаю на патыліцы. На ягоным локці сагнутым целяпалася ануча каніфасная, а шчотка бамбукавая вытыркалася аднекуль з-за пляча, як штуцэр мікалаеўскі.

— Прачабце, калі толькі можаце,— загаварыў мой памочнік шчыры,— я не памог вам, бо не паспеў сказаць... вы так хутка пайшлі... я не паспеў папярздзіць, што сёння субота!

— Субота?! Ну, дык і што, што субота?

— А тое,— уздыхнуў мой памочнік няўдалы,— што ў суботу мне рабіць нічога няможна.

— Як гэта няможна?

— А так...

— Хто вы такі? — здзівіўся я.

— Габэ абшчыны маскоўскае.

Ах, лабастук я дурны, што вычаўп з яўрэем набожным! Гэта ж так — у суботу яму, маладому, не тое што падлогу мыць, нават раман пра каханне чытаць нельга.

Хлюпанос я ваўкаваты,— чалавека добрага да гароху салёнага давёў...

Застаўшыся сам-насам з анучаю каніфаснаю, памочнік мой нечаканы з думак адчайных пазелянеў на лісце майскае.

Страшэнна баючыся ўчыніць грэх, ён вельмі інтэлігентна папрасіў бабулек мурашканогіх зрабіць за яго прыборку.

Тыя ж адно рукамі замахалі.

Тады ён выскачыў у калідорчык паміж вешалкай і кулісамі і натыкнуўся на артыста М. Казакова, што ў грыме спяшаўся на сцэну.

Шчыра і ветліва мой памочнік цудоўны папрасіў артыста М. Казакова памыць падлогу і працягнуў яму анучу каніфасную.

Заклапочаны артыст засцерагальна хістануўся да сцяны і ўжо думаў бараніцца, але яго мужна засланілі дзве практыканткі-ўгікаўкі, якія, дзякаваць богу, на той момант педагагічна таўкліся за кулісамі, г. зн.— назіралі зблізку за майстрамі-артыстамі ў імгненні перадсцэнічныя.

Артыста М. Казакова практыканткі абаранілі, але гэтак жа мужна абараніць дырэктара тэатра, што раптова з'явіўся за кулісамі, не паспелі.

Памочнік мой залаты, не кідаючы анучы каніфаснае, усімі пальцамі ў дырэктара ўчапіўся і слоўцы такія выслязіў: памыйце, дарагі таварыш, у вешалцы і памяняйце ваду ў курылцы, бо сёння — субота, а я — габэ абшчыны маскоўскае...