Выбрать главу

Па дырэктары — і не дзіва ж! — пот гарачы равамі шырокімі пацёк.

Дырэктар адразу ўцяміў,— хто вінаваты ва ўсім. Вось чаму з такой лютасцю жоўтаю ён выскуб мяне са сваёй ложы.

Што выскуб так недалікатна — гэта нічога. Зубы ж мае не трэснулі. I што назаўтра з работы папёр, з пасады падлогамыйнае скінуў — таксама бяда малая.

Бяда ж вялікая ў тым, што падумаў пра мяне, як пра стокішэнніка. Зусім пагана падумаў, быццам і папраўдзе я хацеў паздзекавацца з чалавека цудоўнага.

I тое бяда, што ў сваім тэатры любым я не паглядзеў з пачатку глядзення ніводнага.

28 лістапада 1990—13 студзеня 1991

Пра тое, як я ў недазволеным мітынгу ўдзельнічаў

У нашым мястэчку сталічным Левыя і Правыя... даўно ўжо даўно жывуць. Ці не з дзён рукапісных Менеска славутага? А мо і таго даўней. Звестак дакладных няма. Добра вядома толькі тое, што заўсёды Левыя былі неспакойныя, а Правыя адно й рабілі, што іх супакойвалі.

Левыя звычайна прамаўлялі: “Бачыце, шьто робіцца! І ведаеце, хто вінаваты?!” а Правыя, на тое казалі: “І нічога таконга не робіцца, а калі й робіцца, то вінаватыя ў гэтым вы”.

Левыя з Правымі часта сварыліся, горла адны на адных люта настаўлялі. У Правых было войска, таму ў сварках яны заўсёды перамагалі. Войска заўсёды бывае толькі ў Правых. Калі ж войска з’яўляецца ў Левых, то Левыя тады імгненна забываюць, што яны левыя.

Я – як і кожны чалавек недурны, у якога не адзін розум, а два, – пасярэдзіне быў, паміж Левымі і Правымі стаяў. Мне падабаліся Левыя, але і з Правымі я не хацеў сварыцца. Навошта? Свае ж людзі таксама.

Не ведаю, як дзе, а ў нашым мястэчку стольным любімы занятак Левых – мітынгі, ну а ў Правых сваё хобі – нарады. Часцей за ўсё, засядаючы, Правыя паглыблена вывучалі заявы Левых, учытваліся ў кожны хвосцік. У заявах сваіх Левыя звычайна прасілі дазволіць ім правесці мітынг чарговы. Называлі дзень. Правыя ж адмаўлялі і на заявах Левых рэзалюцыравалі нешта такое?а ці звычайна не ў гэты дзень нарадзіўся Карл Маркс? А ці не супадае гэта з 60-годдзем высылкі Троцкага? А ці не перашкодзіць гэты мітынг правядзенню свята рыбака?..

У тры словы кажучы: Правыя не папускаліся.

I з мітынгам, у якім я ўдзельнічаў, Правыя таксама не папусціліся. Учыталіся ў заяву падазроную, на партрэт Дзяржынскага ўсе разам паглядзелі, абжоўваць пачалі. А чаму ўдзельнікаў столькі? А чаму ў месцы такім (Левыя думалі на могілках сабрацца)? А ці толькі гэтых яны будуць памінаць, а можа, й тых?

Пасля ўсіх пытанняў цяжкіх Правыя — дзеці ж сялян — уздыхнулі зусім па-сялянску: а каб вы спрахлі, Левыя, а каб вы галавой налажылі, дыхаць не даяце, паразіты, ну дык і мы вам...

I далі пакуль сваім лектарам адданым заданне — скрозь, дзе толькі можна, гароху дэзінфармацыйнага пасыпаць. I пабеглі лектары-пляткары адданыя ва ўсе бакі мястэчка нашага сталічнага, пазаймалі ўсе трыбуны з графінамі зялёнымі, гарох жменямі пачалі шпурляць: «Не слухайце, людцы, лайдакоў левых, на могілкі не йдзіце. Бо калі пойдзеце, паб'юць вас. Хто біць будзе, не ведаем, але чутка ёсць — хлопцы-парашуталётцы спрыт свой інтэрнацыянальны пакажуць».

Здрыганулася па першым часе мястэчка наша сталічнае, рэбры свае худыя каля пазванкоў адчула. Але гэта толькі па першым часе. А ў дзень мітынгу — дрыготка мінулася. Мала хто паслухаў лектароў-плеткароў. Хоць яны не толькі ад сябе палохалі — усё больш на газету «Вячэрні піск» спасылаліся ды на хлопцаў-парашуталётцаў налягалі.

У дзень мітынгу местачком — галоўны будан Правых — на Бастылію стаў падобны, і ў натоўпе нават гукнуў нехта: «Людовіка на плаху!» Пазней, праўда, выявілася, што смерць «людовіку» патрабаваў пераапрануты Правы.

Я купіў кветкі. Каб кветкі ўцалелі ў штурханіне людской, я загарнуў іх у некалькі газецін кааператарскіх. Выйшаў пакунак ладны — шырэйшы з аднаго канца, чым з другога. Здаля зірнуўшы, можна было падумаць, што ў руцэ ў мяне загорнуты цясак адналязовы, або сякерка кухонная, або яшчэ нешта небяспечна гастраномнае.

На падыходзе да могілак мітынговых мяне спынілі два міліцыянты лычкапагонныя, на пакунак паказалі:

— Што гэта ў вас?

Яны спыталі, вядома ж, па-руску, і гэтак жа па-руску адказаў я.

— Спутніца тревог.

— Што?! — вочы ў міліцыянтаў бліснулі, як гузікі уніформныя.

Зразумеў я, што пакаленне сённяшняе нашай міліцыі бяссоннай дрэнна ведае вечна маладую паэзію Льва Ашаніна. Растлумачыў, як спецыяліст:

— Красная гвоздика — спутница тревог.