Выбрать главу

— Цветы, что ли? — усё яшчэ не верылі міліцыянты лычкапагонныя.

— Можаце памацаць,— дружалюбна прапанаваў я.

Яны памацалі мой пакунак батанічны, пасля панюхалі і прапусцілі мяне да самай брамы.

А ў браме іхнія аднапрафесійцы мужныя стаялі двума радамі шчыльнымі. Не праткнуцца на могілкі, не прапаўзці. Відаць па ўсім, Правыя загадалі нікога да магіл не пускаць — ні Левых, ні такіх, як я, што абачліва пасярэдзіне таўкуцца.

— Пусціце, хлопцы,— знарок авечым голасам папрасіўся я.

— Не пусцім,— адказваюць.

— На магілку начальніка любімага хачу букецік пышны пакласці,— слязу ім на пагоны наганяю.

— А ты свой букецік пышны да манумента «Мястэчка-Герой» пакладзі,— раяць міліцыянты маладыя.

Сумна.

Бачу: аж на могілках не хто-небудзь, а знаёмыя Левыя ходзяць, замаркочанасць паказваюць. Прайшлі, значыцца, раней, мусіць, з ночы яшчэ, калі не было гэтай варты двухрадовай.

Усунуўся тут я паўз галовы міліцэйскія, паклікаў самага знаёмага Левага, растлумачыў яму ветліва: кветкі шэфіку любімаму не даюць пакласці, кажуць, да манумента нясі. Пакладзі, дарагі спадар, за мяне. Магіла вунь яна, пад сасною...

I толькі гэта я кветкі аддаў, як вакол усё закруцілася, завірыла, накрыўку рваць пачало. Гэта,— не разбіраючы дзе Левыя, а дзе тыя, што пасярэдзіне,— рушыла ў наступ гумовабіўны войска Правых. На адну аглоблю ўсіх мерыць стала, у адну гурбу чалавечую зганяць. Так вось Левыя на ўвесь гэты мітынг недазволены аб'ядналіся з тымі, што пасярэдзіне.

Са мною, значыць.

У такую хвіліну ўдалую Левыя заўсёды трыумфуюць, з-пад іхніх крылаў вераб'іных пёры арліныя феерычна вылазяць. Правыя ў кожным сваім наступе безаглядным заўсёды падвойваюць, а то й патройваюць батальёны Левых. I не толькі за кошт чалавечкаў такіх, як я, што век свой заўсёды пасярэдзіне боўтаюцца, але ж і за кошт сваіх ахвяр, за кошт сваіх людцаў службовых, пераапранутых... То з аднаго краю, то з другога можна было пачуць: «Не біце мяне, я ж свой! Во мае дакументы!» Войска Правых суцяшала: «Маўчы, падла, тут усе свае».

Войска Правых манеўрам абыходным сувораўскім аб'ект (г. зн. могілкі) — блакіравала. У першай яго лініі дзейнічала група фотабіццяроў адчайных. Гэта былі спецыялісты рашучыя па абясшкоджванні тэхнікі аптычнае. Людзі далікатныя, абыходлівыя,— але зараз яны зусім не мелі часу, каб гэта паказаць усе свае далікацтвы душэўныя,— каб, скажам, па-гусарску галаву схіліўшы, напачатку засведчыцца засмучаным фота- і кіназдымшчыкам, а пасля ласкава пераканаць іх, што іхнія фоташчоўкі і кіназдымалкі робяць тут, на мітынгу недазволеным, справу шкодную, недзяржаўную. Так, часу на дыпламатыю не было, але каб хоць ён і быў, час гэты салонны, усё адно мала што б змянілася, бо фотабіццяры адчайныя зусім не верылі ў мысленне дзяржаўнае фота- і кіназдымшчыкаў засмучаных. Паблізу іх, засмучаных, дзейнічалі фотабіццяры, як каты галодныя паблізу мяса. З мяўканнем дзікім выдзіралі з рук фоташчоўкі і збівалі з плячэй кіназдымалкі.

Дарагое начынне аптычнае на асфальт ляцела.

На шашы ўздоўж могілак мітынговых вырасла сцяна механізаваная — дымна паварушвалі цыліндрамі вялізныя, як сланы, спецмашыны і маленькія, як мухі, спецмашынкі; чакалі пасажыраў фургоны элегічныя з вокнамі закратаванымі; падрыг-валі раструбамі на кабінах вадамёты бескампрамісныя; «Ікарусы» дэмакратычныя, поўныя курсанцкай моладзі баявітай, астматычна выдыхалі едкую саляру недапаленую; жыгалі сюд-тут па-камсамольску бадзёрыя матацыклы аўтаінспекцыі; і здалёку сарамліва паблісквалі крыжамі маркоўнымі самаахвярныя пырхаўкі санітарныя.

У кузавах адкрытых «Уралаў» зубрападобных гвардыя Правых сядзела. Хлопцы — галава ў галаву. Усе ў шаломах непрамакальных і з гнуткімі гумовымі паленцамі ў руках,— усе закрытыя ад свету белага бліскучымі, як вітрыны, шчытамі. Гвардыя ў рэзерве была.

Крыху воддаль ад гэтай мотакалоны засаднай чарнела «Волга» местачкомаўская. У ёй сядзеў бацька нашага мястэчка стольнага — першы гаспадар местачкома, чалавек прынцыпаў і перакананняў нязменных. У сваім паліце габардзінавым пасля го-да 85-га ён зашыў зачытаны ўшчэнт «Курс ВК.П(б) кароткі».

Праз хвіліну кожную ў местачкомаўцы чорнай тэлефон званіў. Першы гаспадар местачкома ўважліва слухаў — дакладвалі то з аднаго, то з другога суда народнага. Скрозь па мястэчку нашым суды народныя ўжо гатовыя былі прыняць да працэсу справядлівага падбухторшчыкаў ярых, г. зн.— галоўных Левых. Чакалі ўжо сведкі, свае крэслы мяккія пазаймалі суддзі,— і ўжо на сталы панавальвалі стосы пратаколаў запоўненых. Толькі падпісаць іх засталося. А ў касы ашчадныя быў загадзік пушчаны маланкава: галоўных Левых, дый астатніх, негалоўных, аштрафаваных па суду на дзвесце рублёў савецкіх, абслугоўваць без чаргі,— як ветэранаў вайны апошняе.