Выбрать главу
Абяззброены альбо Няўдалая любоў
Трагічны вадэвіль у адным дзеянні

Леў Маркавіч (падскоквае да дамы) – Дазвольце!

Дама (адштурхоўвае далонямі) – Адстаньце!

Л.М. (з наскокам) – Дазвольце!

Дама (адпіхвае нагамі) – Сыдзіце!

Л.М. (мацае рукамі) – Дайце разок!

Дама (адпіхвае нагамі) – Прэч! Прэч!

Л.М. – Адзін толькі пістон!

Дама (мыкае, маўляў, “не”).

Л.М. – Пістон! Адзін пістон!

Дама (закатвае вочы).

Л.М. (Мітусіцца, лезе рукой за сваім струмантам і раптам апынаецца не можа яго знайсці).

Л.М. – Пачакайце! (Мацае ў сябе рукамі). Што за чччорт!

Дама (здзіўлена глядзіць на Льва Маркавіча).

Л.М. – Вось жа гісторыя!

Дама – Што здарылася?

Л.М. – Хм… (глядзіць разгублена ва ўсе бакі).

Заслона
***

– Ва-ва-ва! Дзе тая баба, якая сядзела вось тут, на гэтым фатэлі?

– Адкуль вы ведаеце, што тут сядзела баба?

Ведаю, таму што ад фатэля пахне бабай (нюхае фатэль).

– Тут сядзела маладая дама, а цяпер яна пайшла ў свой пакой перабіраць гардэроб.

Прызнанне ў каханні
Вадэвіль

Ён: Тут нікога няма. Пасяжу я тут.

Яна: А, здаецца, я адна. Ні хто мяне не бачыць і не чуе.

Ён: Вось жа добра, што я адзін. Я закаханы і хачу пра гэта падумаць.

Яна: Ці кахае ён мяне? Мне так хочацца, каб ён сказаў мне гэта. А ён маўчыць, усё маўчыць.

Ён: Як бы мне прызнацца ёй у каханні. Я баюся, што яна спалохаецца і я не змагу больш яе бачыць. Вось бы даведацца, кахае яна мяне ці не.

Яна: Як я яго кахаю! Няўжо ён гэта не бачыць. А раптам заўважыць і не захоча больш са мной сустракацца.

Старыя, што вывальваюцца з акна

Адна старая ад празмернай цікаўнасці вывалілася з акна, упала і разбілася.

З акна высунулася іншая старая і пачала глядзець уніз на тую, што ляснулася, але, ад празмернай цікаўнасці, таксама вывалілася з акна, упала і разбілася.

Потым з акна вывалілася трэцяя старая, потым чацвертая, потым пятая.

Калі вывалілася шостая старая, мне надакучыла глядзець на іх, і я пайшоў на Мальцаўскі рынак, дзе, кажуць, аднаму сляпому падарылі плеценую шаль.

***

Ніна – Вы ведаеце? А? Вы ведаеце? Не, ці чулі вы? А?

Вар. Міх. – Што такое? А? Што такое?

Ніна – Не, вы толькі падумайце! Варвара Міхайлаўна! Вы толькі падумайце!

Вар. Міх. – Што такое? А? Што такое?

Ніна – Ды вы ўявіце сабе, Варвара Міхайлаўна! Вы ўявіце сабе!

Вар. Міх. – Ды што такое, урэшце! Што такое?

Ніна – Не, вы паслухайце, Варвара Міхайлаўна! Ха-ха-ха.

Вар. Міх. – Ды я слухаю, слухаю! Што такое?

Ніна – Ха-ха-ха! Ну і каралева!