Дарэчы, разумееш, жыццё нашмат карацейшае, чым здаецца большасці людзей. Па-першае, існуе нейкі агульны зман, што чалавек быццам бы «па заводскіх наладах» жыве сто гадоў. Аднак ёсць аб'ектыўная статыстыка: большасць мужчын у гэтай краіне не дажывае да сямідзесяці, большасць жанчын — да васьмідзесяці. Але калі людзі адзначаюцць дваццаціпяцігоддзе, ім здаецца, што за спінай толькі чвэрць жыцця, а наперадзе яшчэ тры чвэрці. Аналагічна і ў пяцьдзясят: яны думаюць, што прайшлі «экватар», што ў іх засталося яшчэ столькі ж часу. Але не, спадарства: у першым выпадку вам засталося гадоў сорак, а ў другім — пятнаццаць. І вось тут трэба згадаць пра другую акалічнасць: абсалютна відавочна, што дзесяць гадоў з пятнаццацці да двадцацці пяці зусім не тое ж самае, што дзесяць гадоў з шасцідзесяці да сямідзесяці. Так, ёсць выпадкі, калі людзі дасягалі нейкага поспеху ў сталым узросце, але гэта выключэнні, якія толькі падмацоўваюць агульнае правіла. Трэба прызнаць, што з кожным годам магчымасцей становіцца ўсё менш і менш, «дзверы зачыняюцца» ўсё хутчэй і хутчэй. Калі ў пятнаццаць гадоў ты не маеш ніякага дачынення да спорту, верагодней за ўсё, ты не станеш прафесійным спартоўцам. Здаецца, што наперадзе яшчэ амаль усё жыццё, але гэтыя дзверы ўжо назаўсёды зачынены. Аналагічна і з іншымі сферамі, толькі лічбы іншыя. Жыццё большасці людзей фарміруецца ў першыя дваццаць гадоў, далей пачынаецца інерцыя. І праблема не толькі ў тым, што яна такая моцная, што кругагляд звужаецца да дзясятка градусаў, а жыццёвая прастора ператвараецца ў вузкі калідор. Проста большасць прызвычайваецца да свайго становішча і ўжо не хоча нешта змяняць. Людзі пачынаюць лічыць свае былыя мары і планы наіўнымі і несур'ёзнымі і адмаўляюцца ад іх. Штодзённая мітусня, нейкія побытавыя дробязі і неабходнасць зарабіць капейчыну на наступны дзень. Усё гэта спрыяе таму, што чалавек ператвараецца ў дробязнага абывацеля.
Таму я па-добраму зайздрошчу тым, хто абраў — не ведаю як, бо калі трэба рабіць гэты выбар, у чалавека яшчэ няма вопыту — менавіта свае дзверы і здолеў у іх увайсці. І шчыра спачуваю людзям, якія ніколі не патрапяць туды, куды імкнуліся. Але мая трагедыя ў тым, што я не ведаю, куды мне трэба. Я проста пасажыр, які праехаў свой прыпынак. Нават не ведаю, які дакладна, але яўна адчуваю — праехаў. І вельмі здарожыўся...
Адысей
Даявед глядзеў на суразмоўцу сур'ёзна і сумна. Напэўна, ён чакаў іншага адказу — нейкіх цікавых гісторый ці нечага такога. Урэшце ж атрымалася абстрактная, аднак шчырая і трагічная споведзь. Яна выразна адрознівалася ад папярэдніх маналогаў Маявера і, магчыма, нечым зачапіла эксперыментатара. Даявед зразумеў, што змяніць танальнасць гутаркі не атрымалася і наўрад ці ўжо атрымаецца, аднак ён вырашыў паспрабаваць дадаць у яе хоць крыху нейкага аптымізму:
— Падарожжа само па сабе з'яўляецца маленькім жыццём. Іншым разам цяжка сказаць, што мае больш сэнсу: тое, куды і для чаго ты едзеш, ці сам працэс гэтай паездкі. Напэўна, найбольш яскравы прыклад у гэтым выпадку — падарожжа Адысея. Памятаеш, ён так імкнуўся хутчэй патрапіць дадому, да жонкі. Вяртанне было яго мэтай, а доўгія вандраванні былі быццам бы перашкодай да яе дасягнення. Калі адштурхоўвацца ад таго, што Адысей жадаў вярнуцца дадому, усе яго прыгоды з'яўляліся, так бы мовіць, палкамі ў калёсах, якія ўвесь час спынялі яго, не дазвалялі здзейсніць жаданае. Адысей сумаваў, абураўся, шкадаваў час, які вымушаны быў губляць. Аднак відавочна, што менавіта гэта падарожжа было самым галоўным у яго жыцці. Не вайна, з якой ён вяртаўся, і не далейшае жыццё ў родным доме побач з жонкай. Само падарожжа. Іншымі словамі, не дзейнасць у пункце «А» і пункце «Б», а рух ад першага да апошняга. Пры гэтым натуральна, што сам Адысей якраз планаваў дзейнасць, чакаў ад яе пэўных вынікаў, надаваў ёй значны сэнс. А вось рух, які спачатку разглядаўся як нейкая фармальнасць, нейкі чыста тэхнічны момант, наўрад ці ўвогуле ўваходзіў у жыццёвыя планы Адысея. Ведаеш, быў бы ў яго такі спіс спраў. Кшталту, пасля вырашальнага бою дастае ён паперку і ручку і бухціць сабе пад нос: «Тааак, што тут у нас?.. Ага, нацягнуць траянцаў — ёсць (ставіць «галачку»), застацца жывым і здаровым — ёсць (ставіць «галачку»). Красава! Што цяпер?.. (Задумліва пасміхаецца) Так, Пенелопа. Пабухаць з сябрам
— будзе што ім расказаць за келіхам віна. І адпачыць — хопіць з мяне спраў на бліжэйшы час. Памыцца нармальна трэба, выспацца як след. Зачэкаўся я на гэтай вайне.» Уяўляеш? Ці мог бы ў такім спісе быць пункцік «хутка, акуратна і без прыгод даплыць дадому»? Гэта ж не падарожжа на сучасным трансатлантычным круізным лайнеры, гэта звычайнае вяртанне з вайны: сам працэс як штосьці цікавае і незвычайнае не разглядаўся. Але бачыш, як усё адбылося? Тое, што спачатку было дробяззю, не вартай увагі, нечакана стала галоўнай падзеяй у жыцці Адысея — расцягнутай у часе і насычанай шматлікімі прыгодамі, на фоне якіх вайна, якую Адысей лічыў важным элементам жыцця, сама стала дробяззю.
— О, дарэчы пра трансатлантычны лайнер. Ведаеш знакаміты факт: калі тануў «Тытанік», аркестр граў да апошняга? Пра гэта звычайна згадваюць, маючы на ўвазе, што трэба рабіць сваю справу да канца, калі нават становіцца абсалютна відавочна, што ўсё скончыцца кепска. Але я лічу, што прыклад няўдалы, бо дзеянні аркестра на «Тытаніку» былі цалкам рацыянальныя. Месцаў у шлюпках на ўсіх не хапала, бегчы было бессэнсоўна — раз. Музыка як-ніяк стрымлівала паніку. Дарэчы, кажуць, што насамрэч аркест граў не рэлігійны гімн, а лёгкую танцавальную музыку — менавіта для таго, каб не драматызаваць сітуацыю. Гэта два. Карацей, няма ў гэтым учынку ніякага экзістэнцыялізму, толькі здаровы сэнс і практычная карысць. Канечне, тое, што музыкам хапіла ў такой сітуацыі самакантролю, бясспрэчна, заслугоўвае павагі. Але гэта не з'яўляецца прыкладам таго, што ў любой сітуацыі трэба рабіць сваю справу да канца.
Вось у мяне адчуванне, быццам мой «Тытанік» тоне, а я вымушаны драіць на ім палубу. І гэта сапраўдны экзістэнцыялізм і абсурд. Я задаюся лагічным пытаннем: на якую халеру мне гэта трэба, калі відавочна, што вось-вось ты і сядзеш на тым самым месцы і ўсё пойдзе на самае дно? А мне адказваюць: «Закон суровы, але гэта закон, драіць палубу — твой абавязак, і пакуль ты жывы — драй. І ўвогуле, пакуль карабель не затануў, ён не затануў. Вось зараз ён перастане тануць, і што тады? Прабоіну залатаюць, ваду адкачаюць, і паплывем далей, а ў цябе будуць сур'ёзныя праблемы.». І ведаеш, нейкая частка мяне верыць, што карабель перастане тануць. І я буду вымушаны плысці на ім да самага канца, аднак маё становішча яшчэ больш пагоршыцца. Карацей, я не адчуваю сябе
Адысеем ці капітанам карабля. Я адчуваю сябе юнгам, які вымушаны за юшку з хлебам драіць палубы пры любых абставінах. Нейкія ніжнія палубы, з якіх нават нябачна, што адбываецца навокал. І мне не хапае сілы і смеласці, каб пакінуць гэты карабель і пайсці ў вольнае плаванне.
— Ніколі не ведаеш, дзе згубіш, а дзе знойдзеш. Магчыма, што такое «падарожжа» і ёсць сапраўдная мэта і сэнс твайго жыцця.. З іншага боку.. Вось ты казаў пра нейкія калідоры, лабірынты. Добра. Уяві: ёсць пакой. Маленькі, шэры пакой, у якім няма абсалютна нічога цікавага. І некаму неабходна забіць у сцяну гэтага пакоя цвік. Толькі вось у гэтага некага няма ні цвіка, ні малатка. Але цвікі з малатком ёсць у тваім пакоі — такім жа шэрым і нецікавым. І вось увесь сэнс твайго жыцця, твайго існавання — проста аднесці цвікі і малаток са свайго пакоя ў той, другі. Ніякіх подзвігаў, ніякіх гераічных здзяйсненняў, ніякай самаахвярнасці ці чагосьці такога — проста ўзяць цвікі і малаток і аднесці ў іншы пакой. Усё. Бо акрамя цябе — няма каму. Калі ты не прынясеш, ніхто не прынясе, і той пакой застанецца шэрым і нецікавым, бо ў таго, хто там, без цябе проста не будзе магчымасці павесіць у пакоі карціну або палічку і тым самым зрабіць яго крыху лепш і ўтульней. Такі сэнс жыцця цікавы? Не. Лёсавызначальны? Не. Але ў ім ёсць практычная мэта, і гэта галоўнае. Аднак самае цікавае ў тым, што паміж гэтымі двума пакоямі — калідор. Гэта можа быць, напрыклад, галерэя, на сценах якой вісяць шэдэўры сусветнага мастацтва. І пакуль ты будзеш выконваць сваю маркотную і нецікавую місію, ты можаш адначасова атрымаць асалоду і задавальненне ад самога шпацыру па гэтым калідоры. Іншымі словамі, калі нават ад цябе не патрабуецца нейкіх надзвычайных здзяйсненняў, нішто не замінае пражыць гэта жыццё прыгожа.