— Ды ідзі ты са сваім «Shocking Blue.»
Маявер знарок паспрабаваў адказаць раздражнёна, злосна. Ён жа тут душу раскрывае, а Даявед жартуе, ператвараючы інтымны момант, чарговую споведзь, у нейкі сіткам. Аднак у яго адказе адчувалася толькі весялосць. Даявед задаволена усміхаўся. Маявер, таксама усміхаючыся, на некалькі імгненняў аб нечым задумаўся, быццам спрабаваў нешта згадаць. Пасля паглядзеў на Даяведа і нягучна прабубнеў:
— There's a long and lonesome road. па-па-па-па-world. of you and me, babe.
Ён амаль шэптам прамармытаў яшчэ два радкі, а пасля гучна і дастаткова выразна праспяваў:
— Well, I wonder, well, I wonder, where I am.
Твар Маявера зноў стаў сумным:
— Гэта ж амаль пра мяне. «Мне цікава ведаць, дзе я знаходжуся. Ёсць доўгая і самотная дарога.» Нічога сабе. Таму ты згадаў менавіта «Shocking Blue»? Няўжо ты прадугледзеў?..
— Я проста пажартаваў. Увогуле ў гэтага гурта шмат добрых песень. Я не мог прадугледзець, што ты згадаеш менавіта гэту. Я нават не ведаў, ці памятаеш ты што-небудзь з «Shocking Blue» увогуле.
420
Даявед паглядзеў на гадзіннік на руцэ.
— Прабач, я зараз, — ён падняўся і выйшаў з пакою.
Праз некалькі хвілін ён вярнуўся са шклянкай вады, якую паставіў на столік перад Маяверам. Гэтым разам шклянка была поўнаю практычна да краёў:
— Калі ласка. Стаміўся?..
— Не, нармальна. — Маявер узяў шклянку і адразу ж выпіў больш за палову.
— Як ты звычайна засынаеш?
— У сэнсе?..
— Хутка ці не? Што робіш, калі не можаш доўга заснуць?
— Ну. па-рознаму.
— Авечак лічыш?
— У дзяцінстве некалькі разоў спрабаваў — нічога, здаецца, не атрымлівалася. А што?
— Ёсць меркаванне, што здароваму чалавеку для таго, каб заснуць, у сярэднім патрабуецца сем хвілін. Чатыраста дваццаць секунд. — Даявед гаварыў вельмі павольна і спакойна. — Можна паспрабаваць проста лічыць ад аднаго да чатырохсот дваццаці. Канечне, перад гэтым трэба ўтульна легчы і расслабіцца. У цёмным, свежым, але не халодным пакойчыку, ва ўтульным мяккім ложку.
Маявер пазяхнуў:
— Мне ажно спаць захацелася. — Ён узяў са століка шклянку і выпіў ваду.
— Можаш прылегчы. Дык вось, лічыць ад аднаго да чатырохсот дваццацці. Канечне, чалавек звычайна, асабліва перад сном, лічыць больш павольна, чым праходзяць секунды, але далічыць да канца не так і проста. Увогуле лічыць па ўзрастанні можна «на аўтамаце», таму гэта нецікава.
Маявер слухаў і не мог зразумець, навошта Даявед ўсё гэта расказвае, але ўжо ад самога маналогу хацелася спаць. Ён пазяхнуў яшчэ раз і амаль «расцёкся» па канапе, аднак пакуль яшчэ хутчэй сядзеў, чым ляжаў. Даявед жа працягваў.
— .цікавей, але і складаней лічыць наадварот — ад чатырохсот дваццаці да аднаго. Часта нават не заўважаеш, як збіваешся і пачынаеш лічыць у другі бок. Напрыклад, чатырыста дзесяць. чатырыста дзевяць. чатырыста восем.
Даявед гаварыў павольна і спакойна, робячы вялікія паўзы. Маявер ужо сапраўды засынаў.
— ...пасля падумаеш аб нечым і збіваешся: зноў ідзе чатырыста дзевяць, потым чатырыста дзесяць. І толькі пасля разумееш, што пайшоў назад. Іншым разам не можаш згадаць, на якім ліку спыніўся. А сакрэт у тым, што праз некаторы час — звычайна вельмі хутка — паміж лічбаў пачынаюць усплываць нейкія цікавыя думкі, успаміны, вобразы. І ты сам нават не заўважаеш, як пераключаеш усю ўвагу на іх і паглыбляешся ў нейкае падарожжа па сваім уласным свеце. Гэта быццам нейкі транс.
Маявер ужо распластаўся на канапе з заплюшчанымі вачыма. Даявед жа працягваў:
— І калі ў цябе сёння дзень эксперымента, давай правядзём яшчэ адзін. Уяві сабе табло, на якім будуць адлюстроўвацца лічбы, якія я называю. Чатырыста дваццаць. Чатырыста дзевятнаццаць. Чатырыста васямнаццаць. Чатырыста сямнаццаць...
Маявер сапраўды паспрабаваў уявіць сабе нейкае табло. Ён бачыў чорны экран, на якім гарэлі зялёныя лічбы. «Чатырыста сямнаццаць. Чатырыста шаснаццаць.» Аднак неўзабаве ўяўляць лічбы стала цяжка, ён згубіў канцэнтрацыю і проста слухаў павольны і спакойны голас Даяведа. У свядомасці насамрэч пачалі ўсплываць нейкія вобразы, нейкія цьмяныя думкі, якія былі вельмі абстрактнымі і расплывістымі. Здавалася, што голас Даяведа гучыць аднекуль здалёк... Маявер не заўважыў, як заснуў.
Завяршэнне
Прачнуўся Маявер неяк раптоўна, без усякіх падстаў. У пакоі было ціха, святло таршэра было мяккім і цьмяным. Ён проста неяк здрыгануўся — і прачнуўся. Магчыма, проста таму, што спаў у не зусім зручнай позе.
Галава была цяжкай, быццам ён спаў вельмі шмат ці наадварот — закімарыў пасярод дня на некалькі хвілін. Маявер сеў на край канапы, абапёрся лакцямі аб калені і паклаў твар у далоні. Ад рухаў галава крыху закружылася. У пакой зайшоў Даявед:
— Ты памятаеш, дзе ты?
Маявер прамармытаў нешта адабральнае.
— Ты памятаеш, хто я?
— Ага.
— Добра. Тады хуценька адкажы на пытанні. Сем на восем.
Маявер падняў галаву, некалькі імгненняў падумаў і млява адказаў заспаным голасам:
— 56?..
— Сталіца Францыі.
— Парыж...
— Першы элемент табліцы Мендзялеева.
Маявер зноў задумаўся. Цяжка ўздыхнуў і працёр вочы:
— Вадарод?..
— Добра. Цяпер вельмі ўважліва. Згадай падрабязна ўсё, што ты памятаеш з таго часу, як прыехаў сюды. Падрабязна, Маявер.
Маявер глыбока ўздыхнуў і адкінуўся на спінку канапы. Зноў закружылася галава, стала млосна.
— Ну. Калі я прыехаў, паглядзеў на гадзіннік. Было 17:58, мы дамаўляліся на 18:00. Я пазваніў у дамафон, ты адчыніў дзверы. Ты паказаў ванную і прыбіральню. Я памыў рукі і зайшоў у гэты пакой. Пасля. Пасля ты паказаў мне дакументы. Яны адразу ляжалі на гэтым століку. Я іх праглядзеў. Потым я падпісаў дагавор. Ты даў мне таблетку і ваду, я выпіў.
— Што было далей?
— Я памятаю, што ты выйшаў з пакою. Я сядзеў адзін. Пасля, напэўна, заснуў. Здаецца, я разважаў пра сутнасць эксперымента.
— Ты памятаеш, як мы размаўлялі пасля таго, як ты выпіў таблетку?
— Не, здаецца, што не памятаю.
— Маявер, згадай: праз некаторы час я зайшоў у пакой.
— Не.
— Я папрасіў цябе ўстаць і прайсціся. Спытаў, як ты сябе адчуваеш. Памятаеш?
— Не, не памятаю. Магчыма, нешта цьмянае.
— Пасля мы крыху паразмаўлялі і я выйшаў. Ты памятаеш, пра што мы размаўлялі?
— Не, я ўвогуле не памятаю, што мы размаўлялі.
— Добра. Не хвалюйся, гэта нармальна.
— Колькі часу?
Даявед паглядзеў на гадзіннік на руцэ:
— Амаль поўнач. Ты можаш застацца тут.
— Не. Я лепш паеду дамоў.
— Разумею. Я таксама люблю перад сном чысціць зубы ўласнай шчоткай. Але яшчэ некалькі пытанняў. Раскажы падрабязна, як ты сябе адчуваеш.
— Галава баліць. Слабасць. Увогуле такое ўражанне, быццам бы я моцна выпіў напярэдадні. Лёгкае галавакружэнне, млоснасць.
— Хочаш кавы або гарбаты?
— Не, вады, калі можна.
— Добра, зараз прынясу. Скажы, табе снілася што-небудзь?
— Не, здаецца, нічога. Магчыма, нейкі мутны і цяжкі сон, але я нічога не памятаю.
— Успамінай. Ці не было ў цябе галюцынацый? Не толькі візуальных, але і слыхавых...
— Не, здаецца, нічога не было. Не памятаю.
— Як ты ўжо, напэўна, здагадаўся, прэпарат — снатворнае. Сродак досыць эфектыўны, але пакуль мае некаторыя хібы. Пра самыя распаўсюджаныя я цябе папярэджваў, але былі выпадкі, калі ў людзей здараліся яскравыя галюцынацыі, калі людзі трызнілі. Таму мы зараз яго і дапрацоўваем. Ну, добра.
Даявед устаў, узяў са століка пустую шклянку і выйшаў на кухню. Вярнуўся з вадой і нейкімі паперамі. Даў Маяверу шклянку:
— Вось абяцаныя грошы. Запоўні дакумент, што ты сапраўды іх атрымаў.
Маявер папіў вады, упэўніўся, што яму далі ўсю суму, і запоўніў дакумент. Уключыў тэлефон і паклаў яго ў кішэню. Пасля схадзіў у прыбіральню і ў ванную. Доўга мыў халоднай вадой рукі і твар, імкнучыся асвяжыцца, але ўсё роўна адчуваў сябе досыць кепска.