Маявер узрадаваўся: яму падалося, што ён разгадаў загадку гэтага эксперымента. Пазл быў складзены, усё здавалася лагічным і цяпер ужо відавочным. Маявер быў упэўнены калі не на сто, то прынамсі на дзевяноста адсоткаў, што зрабіў правільныя высновы. Яго версія выдатна суадносілася з усёй гэтай сітуацыяй і давала адказы на шэраг пытанняў: эксперымент не медыцынскі, а сацыяльны; яго мэта — прасачыць за паводзінамі добраахвотнікаў, якія прынялі пустышку, але думаюць, што гэта быў нейкі медыцынскі прэпарат, каб высветліць, якое дзеянне гэтага прэпарата яны самі сабе прыдумаюць; грошы — замежныя, бо тут праводзіць эксперымент танней, чым на Захадзе. З гэтага вынікала, чаму не было кантрольных аналізаў; чаму эксперыментатар не патрабаваў сапраўдных медыцынскіх даведак, а задаволіўся толькі анкетай; навошта патрэбныя камера і мікрафон. Маявер быў вельмі задаволены сабой і сваім «адкрыццём», аднак вырашыў нічога не казаць і нічога не рабіць:
«Тыя грошы, якія мне заплацяць пасля эксперымента, не вартыя таго, каб я тут ладзіў цырк і забаўляў эксперыментатараў. Буду сядзець ціхенька і маўчаць, а ўрэшце скажу, што нічога не адчуваў і ніякага эфекту не заўважыў. Хацелі цікавага відовішча, хацелі «пасцябацца» — хрэн ім!.. Пару гадзін цішыні і абсалютна нуднага відовішча таго, як чалавек сядзіць на канапе.»
Маявер быў задаволены і лёгка пасміхаўся. Ён сядзеў на шыкоўнай скураной канапе, разглядаючы мікрафон «з радыёстанцыі», адчуваў сябе ўжо спакойна і ўтульна.
«Напэўна, самыя лёгкія грошы ў маім жыцці — проста сядзіш і нічога не робіш, а табе за гэта плацяць, як за тыдзень на працы. Заўжды б так.»
Ён прасядзеў так некалькі хвілін, проста разглядаючы мікрафон, столік, падлогу, уласныя шкарпэткі і ні аб чым не думаючы.
«Цікава: няўжо астатнія паддоследныя не прыйшлі да такой жа самай высновы? Не верыцца, што я самы разумны, павінны былі прыйсці. Хоць бы частка. А калі нават і не прыйшлі — што яны рабілі? Як сябе паводзілі? Няўжо рабілі нешта цікавае і незвычайнае? Няўжо матэрыялы такога эксперымента ўвогуле маюць пэўную цікавасць?.. Ну, добра — апытанне пасля эксперымента, маўляў, што вы адчувалі і гэтак далей. Але ж камера і мікрафон. Няўжо астатнія дэманстравалі нейкі экшн?.. Апытання павінна быць дастаткова. Увогуле, калі я насамрэч правільна ўсё зразумеў, гэты эксперымент было б больш мэтазгодна праводзіць у хатніх умовах. Рабіць гэта ўсё тут варта толькі для таго, каб упэўніцца, што паддоследны выпіў таблетку. Але ж, калі праводзіць эксперымент у хатніх умовах, паддоследных можна было б крыху прыстрашыць — сказаць: потым у вас будзе ўзята кроў на аналіз, які дасць зразумець, пілі вы таблетку ці не. І калі не — вам ніхто грошай не дасць. Навошта так усё ўскладняць?..»
Маявер зразумеў, што яго гіпотэза адносна эксперымента можа быць памылковай. Аднак яму хацелася верыць у тое, што ён разважаў правільна і прэпарат ніякага дзеяння не мае і мець не можа. Так ці інакш Маявер ужо прыгрэўся на канапе, супакоіўся і расслабіўся. Ён не хацеў прымаць трывожныя думкі наконт эксперымента і наконт чаго-небудзь увогуле.
Хвілін праз пятнаццаць пасля таго, як Маявер праглынуў таблетку, у пакой зайшоў Даявед.
— Ну, як справы?
Маявер насцярожыўся, бо лічыў, што да канца эксперымента ніхто ў пакой уваходзіць не будзе. Ён сеў раўней, перастаўшы абапірацца на спінку канапы:
— Нармальна.
— Як самаадчуванне? Заўважыў якія-небудзь змены?
— Не, нічога.
Раптам у Маявера ўзнікла нечаканая і шакіруючая думка:
«Гей-бомба! Што, калі прэпарат — гей-бомба? Пентагон займаўся распрацоўкай хімічнай нелегальнай зброі: хімікаты скідваюцца на варожыя войскі і стымулюць гомасексуальныя паводзіны. І салдатам ужо не да вайны і не да ворага. Такая зброя дакладна распрацоўвалася, але пасля скандалу праграму закрылі. А што калі не закрылі і яна працягваецца вось такімі эксперыментамі?.. Божа мой! Я не гей, я не гей, я настолькі не гей, што нават не гамафоб!.. Цыцкіцыцкі-цыцкі! Думаць пра цыцкі, старыя добр. Так! Не-не-не, не старыя — маладыя добрыя жаночыя цыцкі.»
— Устань і прайдзіся, — сказаў Даявед.
— А? — Маявер быў вельмі заглыблены ў сваю свежую думку, але градус напружання крыху збіла тая акалічнасць, што ён хацеў думаць пра «старыя добрыя цыцкі».
— Устань і прайдзіся.
Маявер устаў з канапы, зрабіў некалькі крокаў.
— Галава не кружыцца?
— Не, здаецца, што не.
Пры гэтым Маявер заўважыў, што адчувае нейкую лёгкасць, быццам бы выпіў крыху алкаголю. Гэта яго здзівіла, бо, пакуль ён сядзеў, насамрэч ніякага эфекту не заўважаў. Думка пра гейбомбу адразу ж здалася яму вялікім глупствам. Маяверу было адначасова смешна і сорамна ад таго, што ён увогуле пра такое падумаў. Ён адчуў, як яго твар пачырванеў і стала горача, і звязаў гэтую акалічнасць менавіта з брыдкай думкай.
— Ну, добра, можаш сядаць, — Даявед сказаў гэта так, быццам і не чакаў іншага адказу, і паглядзеў на гадзіннік на руцэ.
Што было раней: дабро ці зло?
— Ніколі не размаўляйце з незнаёмымі, — сказаў Даявед і паглядзеў на Маявера.
Павісла паўза. Маявер нічога не адказаў і глядзеў на Даяведа, разумеючы, што гэтая фраза не з'яўляецца самастойнай — павінен быць нейкі працяг. І насамрэч Даявед пасміхнуўся і працягнуў:
— Так Булгакаў назваў першую главу «Майстра і Маргарыты». Але якім чынам заводзіць новыя знаёмствы, калі не размаўляць з незнаёмымі?
— Лагічна.
Маявер быў досыць замкнёным і некамунікабельным чалавекам. Звычайна кампанія незнаёмых людзей напружвала і скоўвала яго. Але гэтым разам побач з фактычна чужым чалавекам Маявер надзіва хутка супакоіўся і разняволіўся, быццам пасля пляшкі піва. Ён ужо забыўся на свае гіпотэзы адносна эксперымента і нават не спрабаваў разважаць, навошта Даявед увогуле зайшоў да яго ў пакой, калі ўсё і так здымалася на камеру. Маявер зрабіў выснову, што Даяведу сумна і ён проста хоча паразмаўляць. Увогуле, самому Маяверу таксама было не зусім цікава сядзець у самоце рэшту часу, адведзенага на эксперымент, таму ён нават узрадаваўся, што будзе гутарыць з жывым чалавекам замест таго, каб разглядаць інтэр'еры пакоя ці ўласныя шкарпэткі.
Акрамя таго, Маявер падумаў, што размаўляць з незнаёмцам іншым часам больш лёгка і прыемна, чым нават з блізкім сябрам. Бо толькі з незнаёмцам можна весці «свецкую гутарку» — з сябрамі і знаёмымі ўсё звычайна «скатваецца» ў празаічныя тэмы быту і нейкіх праблем. І, як пісаў Кастанеда, чым больш людзі, якія вас акаляюць, ведаюць, што вы сабой уяўляеце і чаго ад вас варта чакаць, тым мацней гэта абмяжоўвае вашу свабоду. Разам з блізкім нярэдка больш прыемна проста памаўчаць. А побач з незнаёмым маўчаць неяк няёмка, таму лепш паспрабаваць завесці гэтую самую «свецкую гутарку». І хоць сам Маявер звычайна такіх гутарак не пачынаў, цяпер яму было нават прыемна паразмаўляць з Даяведам.
— Чытаў? — спытаўся Даявед.
— Не. Я ўвогуле мала чытаю мастацкай літаратуры. Але ведаю ў агульных рысах. Я памятаю, што там у якасці эпіграфа ўрывак з «Фауста» Гётэ: « — Хто ты? — Я частка той сілы, якая заўжды прагне зла, але заўжды стварае дабро». Ну, ці неяк так. І ведаю, што Булгакаў быццам бы паказаў Воланда амаль як станоўчага персанажа. Гэта даволі цікава, бо аднойчы я задумаўся: а што ў людской свядомасці з'явілася раней — Бог ці Д'ябал? У сэнсе, добры пачатак ці злы?..
Маявер паглядзеў на Даяведа і працягнуў сваю думку:
— Ведаеш, як кажуць: «чорт паблытаў»? Насамрэч, гэта ж ніякі не чорт — гэта ты сам зрабіў нейкую лухту. І вось я, напрыклад, ніколі не чуў, каб чалавек зрабіў нешта добрае, і сказаў «Бог наставіў». Маўляў, гэта не я такі малайчына, гэта ўсё — і так асцярожна пальцам у неба — Ён. Не, магчыма, у пэўным асяродку якія-небудзь рэлігійныя фанатыкі так і робяць, магчыма, гэта было модным у якія-небудзь сярэдневяковыя ці барочныя часы, але звычайныя сярэднестатыстычныя людзі сёння так не кажуць. У лепшым выпадку могуць сказаць «з Божай дапамогай» ці «з Божай літасці», ці нешта такое, маўляў, Бог — так, на падхваце, а ўсю асноўную працу зрабіў я сам. А вось калі ўчынак дрэнны, дык адразу ж — «чорт паблытаў». Вельмі зручна. Дык вось, хто яго ведае, магчыма, тысячы год таму менавіта так і ўзнікла вера ў нейкія звышсілы. Напрыклад, не вельмі сумленны прадстаўнік старажытнага грамадства ў адну зяпу сажраў агульны запас ежы ці зрабіў яшчэ нешта падобнае. Астатнія за такую справу вырашылі сжэрці яго самога, злыя, абступілі «пацука» з дзідамі, а ён і кажа — «Гэта не я!». А злыя і галодныя людзі ў адказ: «Што ты, псячая морда, брэшаш? Вунь, у цябе яшчэ ўвесь твар нашай ежай запэцканы!». А гэты несумленны, але хітры і знаходлівы чалавек адказвае: «Дык гэта ўсё злы дух! Я з ім змагаўся-змагаўся, ды ён мацнейшы: засяліўся ў мяне і з'еў усе нашы запасы!». Ну, не проста так, канечне, а больш прыгожа і пераканаўча. З іншага боку, калі б людзі паверылі ў яго байку, яны маглі б забіць гэтага чалавека ўжо не за ежу, а за сувязь са злымі духамі. Але маглі б і абраць якімнебудзь шаманам ці аракулам. Гэта ўжо значна пазней нехта разумны здагадаўся назваць абжорства і іншыя тыповыя хібы чалавека «грахамі», каб у рэшце рэшт перакласці адказнасць за іх на ўласна чалавека, а не на нейкага абстрактнага «чорта». Таму, хто яго ведае, магчыма, у чалавечай культуры, міфалогіі і гэтак далей адмоўныя персанажы з'явіліся раней за станоўчых.