Дык вось гэтай «камсамолачцы Дароце», як дражнілі Кіршчэню, і заманулася Марыля. Пачаў ён яе праводзіць, і не на жарт. Хведар цярпеў, а потым перастрэў яго пасля праважанак ля грэблі.
Кіршчэня ішоў пасярод дарогі, цвёрдд і бадзёра. Сустрэць нікога ён не чакаў і таму, калі Хведар выступіў насупраць з-за вярбы, спыніўся як укопаны і лапнуўся рукою за кабуру.
— Што ўтрупеў? Гэта я…
— Цяпер бачу, што ты, — голас Анціка быў яшчэ сіплы з перапалоху. I ад таго, што перапалоханы, і, можа, з-за месячнага святла Жыгар раптам убачыў, які ён на самай справе мізэрны і слабы супроць яго. Вазьміся і страсяні добра, дык і душа як з ката вытрасецца. I гэтае разуменне надало яму яшчэ большай рашучасці.
— Ты вось што, дзеяцель, забудзь дарогу да Змітрычкаў, а то… ' ; -
— Што а то? — задзіракаватая натура адразу ж узяла сваё. — Што «а то»? Біцца са мной хочаш? Не, я з табою біцца не буду. Гэтыя перажыткі мы пераступілі! Цяпер ніхто не дазволіць кулакамі жонак сабе адбіваць. Цяпер жанчыны самі будуць рашаць! Ясна табе! I ты не забывай, што цяпер кулакі караткі! Не забывай, якая ўласць! А то мы табе напомнім. I паглядзім, чым ты дыхаеш!
Ён нават патрос пальцам, і Хведар добра запомніў гэты палец у сябе пад носам, міжволі саступіў з дарогі, і Кіршчэня пайшоў далей, прыпыніўся, азірнуўся:
— Будзе так, як сама Марыля рошыць. А ты не смей мне мяне больш перастраваць на дарозе. 3-за таго, што разам раслі, пашкадую на першы раз. А калі што, то паглядзім, чым ты дыхаеш, запомні, Хведар.
I ён запомніў. Адчуў, што і сама Марыля пачынае абыходзіць яго, ўсё ж пераймаў, але гаворкі не выходзіла. Пакуль не перастрэў аднойчы на загуменні сам стары Змітрачок. Прапанаваў закурыць.
— Бач, азімыя як аўчына бяруцца. Добры год павінен быць.
— Ага, — адказаў Жыгар. — Добры. Толькі каму будзе гэтае жыта? Ці нам, ці ў калгас ссыплюць.
Змітрачок не адказаў нічога, зацягнуўся самасадам.
— Возьмецца мароз, трэба будзе пусціць авечак, спасвіць, бо як укіне снегу, выпрае. Зіма цяпер павінна снежная быць. Рабіны многа.
— Спасвіцца рунь…
Хведар не ведаў, пра што болей гаварыць.
Змітрачок зноў зацягнуўся дымам:
— Ты не бяры на мяне крыўды, хлопча. Тут нічога не зробіш. Што ж я не бачу, што ты гаспадар, а ён пустадомак? I я так думаў, што паберацеся вы з Марыляй… Але ж нанесла яго нячыстая. А цяпер гэтых кулакоў вышукваюць. У цябе гаспадарка, у мяне гаспадарка… А дурню не ўкажаш, падаткне, і канцоў не знойдзеш. Адным словам, забярэ ён Марылю.
Стары Змітрачок нагнуў голаў і пайшоў паўз вішнякі да свайго пляца. Хведар стаяў, глядзеў услед яму і не разумеў, што ўсё скончана, што Марыля не яго. А потым ужо ўзышло пасеянае ў душы старым Змітрачком і насенне страху: а як падаткне, удасць — ніякай управы не знойдзеш? I гэты страх падагнаў яго потым у калгас, гэты страх прымусіў яго ссутуліць плечы і не надта вытыркацца, хадзіць на работу, адбываць яе.
Ажаніўся ён з рабацяшчай і дужай Корзунавай Волькай, з вялікай сям’і яна пайшла да яго ў хату, рабіць умела, мела сілу, нарадзіла і пагадавала яму дзяцей і цяпер яшчэ цягне, як можа. Дзякуй богу, грашыць яму няма чаго. Пасля таго камсамольскага вяселля з брычкамі ў Марылі весялосці многа не было. Аж чатыры дзеўкі ўспелі нарадзіць яны з Кіршчэнем. Той усё парадкі наводзіў, арганізоўваў кампаніі. Ездзіў то верхам на коніку, то на брычцы, калі на чарговае павышэнне выплываў. Адзін год нават на легкавіку быў паездзіў, пакуль недзе ў спажыўкааперацыі падымаў справу. Але. ўсё роўна ніжэй каня не апускаўся і толькі ўжо перад самай вайной вымушаны быў вярнуцца дадому і стаць брыгадзірам. За ўсе гэтыя гады ён быццам і не змяніўся, усё гэтакі ж лёс лёгкі быў, як падмецены, і ўсё некуды спяшаўся, і нешта рабіў, арганізоўваў. Асабліва любіў сустракаць упаўнаважаных. А тыя нібы нюх на яго мелі, ніяк не абміналі. I яшчэ палюбіў сходы праводзіць і гаварыць на іх. Збіраў брыгаду і перад пасяўной, і перад жнівом, і па патрэбе, і без патрэбы. Гаварыў пра важнасць моманту. I слова «таварыш» любіў.
— Таварышы, яравыя, таварышы, азімыя, таварышы, сеяць пара!
Альбо:
— Таварышы, плугі, таварышы, бароны, таварышы, валяюцца за хлявамі…
Гэтак Кіршчэню пачалі перакрыўліваць у вёсцы. Людзі хутка адчуваюць, калі пахіснуўся чалавек. I тады гатовы адпомсціць за ўсе мінулыя балячкі. А таму і не шкадавалі самагонкі, налівалі, хто дзе і як мог, умаслівалі ўладу. I Кіршчэня амаль зусім згубіў той ранейшы начальніцкі бляск, зліняў увесь…