Выбрать главу

Невядома, чым бы кончыў ён, калі б не вайна. Вайна раскруціла ягонае жыццё па новым крузе. Вядома, чакаць, пакуль прыйдуць немцы і возьмуцца за актывістаў, ён не стаў. Дзяцей поўная хата, а таму ў першы ж дзень сабраўся і падаўся ў Слуцак да ваенкамата, прызывацца ў армію. Прызвацца ён прызваўся, але апынуўся ззаду за фронтам разам з ўсёй камандай, якая на чале з ваенкомам вымушана была асесці ў лесе. Сёй-той даў цягу дадому, а каму не было як паказвацца, сядзелі, пачалі немцаў палохаць. А потым выйшла так, што натрапіў ён на той атрад, які меў спецыяльнае заданне, і разам з ім пайшоў аж у Заходнюю Беларусь. Гэта ўжо пасля вайны расказваў сам Кіршчэня. А тут Марыля пусціла пагалоску, што на фронт пайшоў. Так усю вайну і думалі, і не чапляліся да сям’і нават паліцаі. Пасля вайны ён зноў пабрыгадзірыў, а потым красаваўся па раёне, страхагентам быў, і баяліся яго, як агню. Карову з хлява мог вывесці, а потым, як скончыўся гэты страх, гадоў з восем пастаршыняваў. Пакуль старшыняваў, памяняў падрубы ў хаце, прыбудаваў яшчэ кухню і наогул абжыўся, зрабіў добрую пенсію і тут ужо ў калгасе праз нейкага паўгода прыстроіўся на пасаду паплаўнічага, атрымаў каня, дастаў і сядло, толькі ўжо з гарэлкай асцерагаўся, але выступаў на ўсіх сходах і спуску не даваў ні старшыні, нікому з калгаснага кіраўніцтва…

Жыгар выйшаў да кустоў у лужку, дзе была прыпята карова. Яна здалёк угледзела яго, падняла галаву і чакала. Жыгар выцягнуў з зямлі штыр, сабраў у руку ланцуг.

— Ну што, пайшлі, аднаасобніца, — пагладзіў карову за вухам, і яна цяжка пайшла побач з ім. Не выпускае карову ў чараду ён з-за ног. Чараду ўжо не адпасе, не вытрывае. Збіраўся сабаку завесці, навучыць карову пасвіць. Але не сабраўся. Сабаку завядзі, карміць трэба, даглядаць. Цяпер жа не спусціш, каб сам дзе хадзіў пажывіцца, цяпер на прывязі трымаць трэба. А карове, калі на добры лад, то і лепш гэтак. Пашы няма, ходзяць цэлы дзень па голым, як бубен, выгане, ды яшчэ і плату калгас прыдумаў браць за тое, што каровы пасвяцца.

Яшчэ па дарозе Жыгар думаў пра тое, што раніцай трэба ўстаць самому і вынесці малако малакавозу, каб дамовіцца з ім узяць каня і прывезці сена.

Калі Жыгар падыходзіў дадому, насустрач па вуліцы прапыліў старшынёўскі «козлік». Жыгар не чуў, як у машыне, гледзячы на яго побач з каровай, весела засмяяўся старшынёў шафёр:

— Чаго смяешся? — запытаўся Мяцельскі.

— А Жыгар ходзіць ногі растапырыўшы, як і яго карова!

— Каб і ты з яго век парабіў гэтак, як ён, то яшчэ больш раскарэчыўся.

— Дурная работа дурняў любіць!

— А разумных?

— А разумных ніякая не бярэ.

— Чаму?

— За разумных другія робяць. А яны таму і разумныя, што другіх рабіць вучаць.

— А я тады, па-твойму, хто?

— А вы, Сямёнавіч, нармальны.

— Што значыць нармальны?

— Ну, нармальны. Адны вас вучаць, як рабіць, а вы — другіх, нармальны. Пасярэдзіне. А гэта надзёжна.

Мяцельскі ўважліва паглядзеў на шафёра.

Вечарэла, і з палёў пахла збажыной, якая даспявала, налівалася, хілілася коласам долу. I было ціха і спакойна, і цішыня заходзіла над зямлёй разам са змярканнем.

5

Мар’я чула, як звінеў у суседнім пакоі будзільнік, як уставала Верка, потым былі чуваць цяжэйшыя зяцевы крокі, потым ужо бацькі будзілі ў садзік Леначку. Ласкава ўгаворвала яе мама, падыходзіў бацька, і праз мінут дзесяць малая прачыналася, разгульвалася, чуўся яе тоненькі вясёлы смех. Яна шлёпала босымі ножкамі да туалета, мылася пад кранам і ваннай. I ўжо не пераставала шчабятаць і смяяцца, і голас яе звінеў у кватэры, як званок.

Пасля яны ўтраіх пілі на кухні чай, і Мар’і не чуваць было іхніх галасоў. Затым адзяваліся ў прыхожай, і Валодзя супыняў Ленку:

— Алёна, ціха, бабуля спіць. Ціха!

Мар’я звала ўнучку Ленкай, бо Алёна асацыіравалася ў яе з Аленай, той дурной Аленай, якую яна памятала змалку і якую застрэлілі немцы ў час вайны, у першыя дні. Гэтак надарылася, што дурная Алена адна аказалася на вуліцы, калі немцы ўехалі ў вёску. Рабы з твару, худы і высозны немец нешта загергатаў да дурное, памахваючы аўтаматам, які вісеў на грудзях. Алена не зразумела, што ад яе хочуць, а памахванне аўтаматам успрыняла як пагрозу ці знявагу і скруціла, сунула амаль пад нос абедзвюма рукамі адразу дзве дулі.

Немцы, што асталіся сядзець у машыне, дружна зарагаталі са свайго таварыша, а той страсянуў плячом і коратка пырснуў з аўтамата ў дурную, і тая адразу ж і асела ў вулічны пыл, а пальцы гэтак і асталіся скручаныя ў дулі.