Выбрать главу

Тым часам успеў выскачыць з двара Жыгар з боханам хлеба на ручніку, пайшоў да немцаў, накульгваючы на хворую нагу, нахіляючы галаву — ішоў і кланяўся.

Тады з кабіны выйшаў другі немец, з нашыўкамі на пагонах, узяў у Жыгара хлеб, перадаў салдатам у кузаў, а вышываны ручнік разгледзеў, акуратна склаў і сунуў у кішэню. Напалоханы, Жыгар усё паказваў на мёртвую Алену і круціў пальцам ля скроні. Немец не зважаў на забітую, паўтараў сваё «гут, гут», два разы паляпаў Жыгара па плячы, потым сеў у машыну, і немцы паехалі. Аказалася, што то была яшчэ не нямецкая ўлада, а проста нейкая армейская машына заблукала ў іхнюю вёску. I таму Жыгару давялося яшчэ раз выносіць немцам хлеб-соль, калі яны прыехалі ўжо з перакладчыкам. За гэты хлеб-соль Жыгар потым усю вайну мусіў разлічвацца з партызанамі: гнаў ім самагонку, падказваў, у каго падсвінак на падыходзе. I самагонка ўратавала яго пасля вайны. Нехта з партызанскіх камандзіраў выдаў Жыгару даведку, што ён з’яўляўся сувязным партызан амаль што з першых дзён вайны. Але нягледзячы на даведку і пасля вайны Жыгар доўга яшчэ адкупляўся самагонкай — калі прыязджалі ўпаўнаважаныя і спыняліся хоць бы ў таго ж Кіршчэні, то пасылаўся ганец па выпіўку да Жыгара.

А пра Алену ў вёсцы толькі і засталася прымаўка: «Дурны, як Алена Кумава».

Таму Мар’я і звала ўнучку Ленкай. Едзіць Мар’я да дачкі прынаравілася пасля таго, як нарадзілася ўнучка. На першым часе — навучыць, як даглядаць дзіця, а потым, калі Вера пайшла на работу, гадавала Ленку — тая, як і ўсе гарадскія дзеці, хварэла ў ясельках. Добра, што ў свой час Мар’я не пашкадавала грошай і дачцэ пабудавала трохпакаёвую кааператыўную кватэру. Цяпер і на кааператыў не ўбіцца, і дзяржаўнае не дачакаешся. На лета ў вёску везці малую Вера не дазваляла — тут, у горадзе, і вада цёплая, і ўсё чыстае, акуратнае.

Мар’я ўстала, падышла да акна. Яно выходзіла на рэчку, на зялёную, парослую вербамі лугавіну. Месца харошае, утульнае, ні вуліцы не чуваць, ні машын. I рэчка, і аселіца — быццам вясковае ўсё. На лугавіне зранку прагульвалі сабак. Такіх сабак Мар’я не бачыла ніколі ў вёсцы: і маленькія, кучаравенькія, і вялізныя, валасатыя, і аўчаркі. Да аўчарак узнікала сама сабой павага. I выгульвалі аўчарак звычайна мужчыны. Нешта саліднае, сур’ёзнае было ў тых, хто выводзіў аўчарак. I цяпер Мар’я прыглядалася, каб угледзець знаёмую постаць Віктара Антонавіча. Яго чорная вастравухая аўчарка гуляла без павадка, ішла за ім і пры ім, слухалася не тое што голасу, але нават позірку. Разумела усе.

У двары Віктара Антонавіча звалі ўсе Генералам. Вера гаварыла, што ён самы сапраўдны генерал, на пенсіі. Апыніўся жыць у гэтым ускраінным раёне таму, што пакінуў сваю генеральскую кватэру дачцэ. 3 імі асталася і жонка. Вечна злосны і п’яны нават ад піва стары Кір’як мацюкаўся і ўсім расказваў, што генерала выжылі з хаты, бо выманілі ўсе грошы, а пенсіі генеральскай па цяперашнім часе і на скрынку каньяку не хопіць. Мар’я не зважала, як між іншым і ніхто ў двары не зважаў на тое, што пляце стары, злосны на ўвесь свет і вечна п’яны Кір’як. Пра самога Кір’яка гаварылі, што служыў ён ахоўнікам у лагерах і што пры Хрушчове яго выгналі з арміі за тое, што пабіраўся і краў, праўда, далі пенсію, якую Кір’як і прапіваў. Калі пенсіі не хапала, спрабаваў красці з дому рэчы, і тады зяць біў яго смяротным боем, пасля чаго Кір’яка па тыдню не было відаць у двары альбо на перавернутай скрынцы ля магазіна. Жывучая парода Кір’яка пераносіла ўсё, і праз некаторы час ён з’яўляўся ў велікаватым, добра вынашаным зяцевым касцюме, з радочкам узнагародных калодак на пінжаку спачатку ля пад’езда на лаўцы, а потым перабіраўся і да магазіна і там цікаваў парожнія бутэлькі,— піва ў магазіне прадавалася толькі на вынас, і людзі часам выпівалі піва тут жа ля магазіна, а парожнія бутэлькі пакідалі.

Хаця, можа, стары Кір’як і праўду гаварыў — за ўвесь час, колькі Мар’я ні бывала ў дачкі, яна ні разу не бачыла, каб да Віктара Антонавіча хоць хто прыязджаў, каб унукі з’яўляліся. Можа, ён ездзіў адведваць іх? Пра гэта не папытаешся, ды Мар’я не была і знаёма з гэтым сівавалосым, худым, пастаянна маўклівым чалавекам так, каб распытвацца пра яго жыццё. Проста аднойчы ў магазіне, дзе сабралася вялікая чарга ў касу, Мар’я па вясковай прастаце абазвалася да генерала, які купіў бутэльку малака і палавінку хлеба, прапусціла перад сабой у чаргу.

А па дарозе з магазіна генерал дапамог ёй паднесці сумку з прадуктамі, назваўся Віктарам Антонавічам, а яна Мар’яй Паўлаўнай. Пасля гэтага яны віталіся, перакідаліся словамі пры выпадку пра надвор’е.