I кожную раніцу Мар’я бачыла генерала перад домам — сабаку ён выгульваў у адзін і той жа час, а яна ўставала пасля таго, як Вера з Валодзем ішлі на работу, каб не замінаць ім.
У Мар’і быў свой распарадак на тыя дні, калі яна прыязджала да дачкі. Першы дзень уставала, мылася пад душам, потым снедала на кухні і пачынала прыбіраць у кватэры — уключала пыласос, потым працірала падлогу мокрай анучкай. На другі дзень Мар’я займалася мыццём. Перамывала бялізну, адзенне. Калі гэтая работа ў кватэры была зроблена, прыходзіла чарга магазінаў. Яна ўжо на памяць ведала, што трэба Веры, што Леначцы, што Валодзю. У горадзе даўно нічога проста не куплялася, а «даставалася», то Мар’я з задавальненнем «даставала». Для гэтага яна адпраўлялася к адкрыццю магазінаў па сваім ужо вывучаным і правераным маршруце. I такім чынам рана ці позна вылоўлівала патрэбную рэч.
Мар’і падабалася гэтая работа. Дзень праходзіў непрыкметна, а там, стоячы ў чэргах, яна даведвалася пра ўсё, што рабілася ў горадзе: і пра тое, што нейкі бандыт забівае дзяўчатак, і пра цэны, якія будуць павышаны, і пра тое, колькі тысяч урвала Пугачова за адзін канцэрт у Палацы спорту, і яшчэ многа чаго…
Усё гэта Мар’я пераказвала ў двары пасля таго, як забірала Леначку з садзіка. Малыя гулялі, а старыя і мацяркі сядзелі і расказвалі пра ўсё на цэлым белым свеце. Таму Мар’я нават усміхалася вечарам, калі Валодзя спяшаў да тэлевізара, каб паглядзець праграму «Час» — яна была ўпэўнена, што пра ўсе самыя галоўныя навіны яна даведалася зранку, а не цяпер, па тэлебачанні.
Мар'я падабалася прыязжаць да дачкі — і тут яна ўспамінала сваю маці — старую Хоцьчыху, як яе звалі ў вёсцы. Маці лічылася разумнаю і нават мудраю. У вёсцы хто багаты, хто меў пад’есці, той быў і разумным. Цяпер Мар’я гэта ведае. А іх сям’я ніколі ў галыцьбе не сядзела, ні пры дзеду Хоцьку, ні пасля, а таму мела да сябе і павагу, і нават зайздрасць. Дык вось маці і вучыла Мар’ю змалку рабоце — хто не робіць, хто не цягне пад сябе па каліве, той ніколі нічога мець не будзе. Таму і цяпер раніцай — а ўжо ж цэлае жыццё зжыла — Мар’я раптам адчувае, як холадна ад ранішняй расы ў ногі, калі выганяла на пашу гусей, а потым і свіней. Здаецца, што як нарадзілася, дык адразу і пагнала тых гусей на пашу, і астудзілася на ранішнім холадзе. I пячэ ад дубца, якім маці даймала раніцай па лытках — гэта калі не хацела гнаць гусей тых на пашу.
Гэтаксама ў рабоце памятала і бацьку, як уставала зранку, цэлы дзень не прысядаў дома па гаспадарцы, у калгасе, а вечарам яшчэ плёў на продажу кашы, палукашкі. Палукашак гэты займаў амаль усю хату, і ад лазовых пукоў пахла прывялай лазою. Палукашкі мелі попыт, і іх куплялі ў бацькі, ішла жывая капейка.
Бацька ператрываў вайну, убярогся, не пайшоў ні ў партызаны, ні ў паліцыю, але перад самым прыходам нашых ноччу паліцаі паднялі яго з пасцелі і мабілізавалі ў краёвую абарону. Павялі пад вінтоўкай. I маці не змагла нічога ні ў чым дапамагчы. А як прыйшлі чырвоныя, загрэблі ў армію, на фронт. Кажуць, разбірацца не было каму, адправілі ўсіх гэтых «бэкаўцаў» у штрафныя батальёны і амаль ніхто з іх не вярнуўся назад.
Але і гэта не выбіла з каляіны Мар’іну маці. Яна ведала, што трэба рабіць работу, трымаць гаспадарку і што на гэту гаспадарку, якімі б ні былі жаночыя рукі, трэба мужчына. Толькі вайна і мужчын знішчыла, выпалала.
У гэты час і з’явіўся са шпіталя Янка Куляшоў. У вайну ён партызаніў, адтуль забралі ў армію. Прыйшоў са шпіталя зялёны з твару, як цень той.
— Дарма што зялёны. Ты на гэта ў мужчыны не глядзі. Мука ў мяне на блінцы ёсць. I скварку спячы асталося сала. Мужчыну трэба пад’есці добра, а тады ўсё пойдзе ладам і парадам. А цёплым блінцом з салам як паснедаеш, цэлы дзень работу рабіць будзеш.
Старая як гаварыла, гэтак і рабіла. Восенню папрасіла Яна разараць бульбу, а потым наняла хляўчук перакрыць.
I блінцоў цёплых не шкадавала, і сала на патэльню рэзала тоўстымі кавалкамі. I самагонкі падлівала, хаця ядок з Яна на тым часе быў невялікі, піток таксама, але выпіць прывык за партызанку і потым на фронце.
А зімою ён ужо праводзіў Мар’ю з вячорак ці з вечарынкі, і гэта быццам бы само сабой разумелася ў вёсцы, і Мар’і зайздросцілі сяброўкі. Дома Ян акрыяў, сышла з твару нездаровая белізна, пашырэлі, раздаліся плечы. I ў руках, у гаворцы з’явілася сталая мужчынская няспешнасць. Няспешнасць дужага, упэўненага ў сабе маладога мужчыны. Ды і наогул, тады, пасля вайны, здаецца, непрыгожых мужчын і не было, нават старых, а што там гаварыць пра маладых. Мала іх асталося, а таму кожны навідавоку быў.
Быў вечар другога дня на вялікдзень. Ранняя тады пачыналася вясна, і на вуліцы амаль не аставалася снегу. Удзень прыгравала па-вясноваму шчодрае, нават гарачаватае сонца, і дзятва асвойвала вуліцу басанож на падсохлай, прыгрэтай зямлі. Толькі сям-там за платамі ў гародчыках ляжалі пачарнелыя снегавыя плахі — дзе зімой былі самыя вялікія, амаль да страхі, гурбы. 3-пад іх сачылася вада, і ад гэтых гародчыкаў павявала холадам.