Выбрать главу

I вечары ўжо былі не стылыя, а нейкія мяккія, чорныя і глыбокія, як і неба, у якім чыста і вяліка свяціліся зоркі. Яны нібы наблізіліся да зямлі і глядзелі ноччу на яе зблізку.

Мар’я з Янам раней, чым звычайна, прыйшлі з вечарынкі, якую рабілі ў Тодаравых. Можа, таму, што другі дзень запар, ці з-за таго, што гарманіст Вецік пасля учарашняй выпіўкі і дзённай пахмелкі не-не ды і кляваў носам у гармонік, танцы не надта ладзіліся. У дадатак да ўсяго нехта з падшыванцаў, якіх не пускалі яшчэ на вечарынку, усё ж умудрыўся і падсыпаў на гліняны дол нацёртае махоркі.

Яны стаялі ў двары, у зацішку пры сцяне. Гэты вечар Мар’я запомніла, нават пах снегу, таго, нерасталага з гародчыка, цёплага, прыгрэтага за дзень бярвення драўлянае сцяны. Янавы пацалункі хвалявалі. Ёй самой хацелася цалаваць Яна. I яна цалавала яго, адчувала, як увесь ён адклікаецца на яе пацалункі. I гэтаму жаданню, гэтаму хваляванню, здавалася, не было мяжы, не было канца і краю…

Не хацелася вызваляцца з абдымкаў нават пасля таго, як пачула, што маці адчыніла дзверы з хаты, што яна выходзіць на двор. Толькі крыху адхілілася ад Яна і падумала — ну чаго маці не спіцца, спала б ужо.

Маці не выйшла на двор, толькі прачыніла дзверы і сказала:

— Гэта вы на дварэ? То ідзіце ў хату. Вячэра яшчэ на стале, я не прыбірала.

I пайшла сама назад, пакінула дзверы сянец адчыненымі. Калі Мар’я з Янам зайшлі ў хату, там ужо гарэла лямпа, а маці ставіла на стол шклянкі. Потым дастала са шкафчыка літровую бутэльку з самагонкай, паставіла шклянкі. 3 прыпечка на стол падала патэльню з печанай каўбасой, чыгунок з бульбаю, міску з качаном капусты. Схадзіла і прынесла з каморкі халоднага сала.

— Што гэта вы ўздумалі на ноч гледзячы? — запыталася Мар’я.

— Чалавек жа дурны. За работаю свету божага не бачыць. Вот падумала, што і вялікдзень, а і свята быццам не свята. У нас жа, слава богу, ёсць што на стол паставіць. А нам ўсё часу не выстачае. Пасядзець, пагаварыць няма калі. Вот сядзем разам вып’ем, пад’ядзім як людзі, пагаварым…

Маці не адвярнулася, выбірала з шуфлядкі ў шкафчыку відэльцы. Толькі цяпер Мар’я заўважыла, што маці ў навейшай спадніцы і ў кофце.

Мар’я не любіла самагонку, але маці прымусіла і яе выпіць, а сама выпівала амаль нараўне з Янам і не п’янела. Ян раздабрэў першы, пачаў расказваць пра тое, як яшчэ ў партызанах трапіў у засаду, як паранены ледзьве вырваўся амаль голы на кані і ляцеў па лесе да атрада. Мабыць, ад таго, што захмялела, Мар’я як перад сабой бачыла і чорную асеннюю ноч перад замаразкамі, і гэтакі ж глухі і настылы лес, і чалавека ў белым, што як здань імчаў на кані з аўтаматам. Потым ён яшчэ расказваў пра фронт, пра тое, як ляжаў паранены мінай сярод поля, сцякаў крывёй і ніхто яму не мог дапамагчы, пакуль не сцямнее, а сам не мог зрабіць перавязку. Ляжаў і слухаў, як выцякае разам з крывёй з цела жыццё.

Потым маці незаўважна знікла, і яны забыліся пра яе, заснуўшую на печы за занавескаю. Патушылі лямпу, потым перайшлі на Мар’ін ложак…

Прахапілася Мар’я ад таго, што ў хаце нешта перамянілася: ужо зламалася, заманулася на дзень ноч, і над зямлёй незаўважна пасвятлела. I гэтае святло зазірнула ў хату. Яшчэ Мар’я адчула, што ў хаце не спяць, што маці ўжо прачнулася. Яна прыслухалася. У хаце панаваў душнаватакіслы ранішні дух. Пахла дымам махоркі ад учарашняга Янавага курэння і самагонным духам. Але ўсё гэта выцяснялася свежым паветрам, якое плыло нізам ад крыху прачыненых дзвярэй, — маці, калі выходзіла з хаты, пакінула прачыненыя дзверы. I гэтае свежае паветра і было тым пастароннім, што з’явілася ў начной хаце і пабудзіла Мар’ю. Першым жаданнем было падхапіцца, і Мар’я прыўстала на локці, зірнула на Яна. Той спаў моцна, крыху падвярнуўшы галаву, і белая яго шыя была тонкая і доўгая, як у хлапчука, і сам ён здаваўся нейкім нязграбным, малым на тоўстай і вялікай белай падушцы. I пахла ад яго перагарам і махоркай. Чамусьці, можа, ад таго, што прачнулася раней, яна раптам адчула сябе намнога старэйшай і мацнейшай за гэтага мужчыну, які ляжаў побач, хоць ён прайшоў партызанку, фронт, ляжаў паўгода паранены ў шпіталях, пабачыў смерці і быў старэйшы за яе нават па гадах. Гэтак тады здалося ёй, можа, таму, што яна была дома, і гэта надавала ёй упэўненасці і гаспадарскай вартасці. I яшчэ яна падумала, што маці знарок усё падстроіла ім. Чамусьці ад гэтага крыху прыкра стала — і што Ян паддаўся, і што саму яе, як малую, падманулі. Мар’я легла на падушку, глядзела ў столь, ужо спакойна чула, як грукала ў сенцах карытцамі маці. Ян спрасонку паварушыўся, пацягнуўся рукой, каб прыгарнуць яе, але яна асцярожна і цвёрда адвяла яго руку і крыху пасунулася на край.