Потым занавеска прахілілася, і маці паглядзела на іх, убачыла расплюшчаныя Мар’іны вочы, памкнулася адпусціць фіранку, але адумалася, буднічным голасам сказала:
— Можа, трэба ўставаць, а то перад людзьмі…
— А што перад людзьмі? — Мар’я адчула незнаёмую ўпэўненасць і спакой. — Што перад людзьмі? Гэта наша дзела…
— Яно ж то так.
— Скора ўстанем, — перапыніла яе Мар’я, завярнулася да Яна, паклала на яго руку, чула, як маці пастаяла ў хаце, відаць, не ведала, што рабіць, потым грукнулі, зачыніліся дзверы ў сенцы. Ян спрасонку пацягнуўся да Мар’і, і яна спачатку перасільваючы сябе паддалася яму, адчуваючы нейкую агромністую слодыч, якая захапіла яе усю, закружыла гэтак, што знікла ўсё на свеце, і хата, і маці, і нават Ян, — усё на гэтым свеце. Потым яна, дзівячыся сама з сябе, вярталася з другога свету, стомленая, спустошаная і светлая, лёгкая, як пушынка. I гэтая светласць і лёгкасць была ва ўсім целе, у кожнай жылачцы, спявала недзе ў душы. I перапоўненая незнаёмай ёй дасюль радасцю, яна міжволі гладзіла рукой Яна па галаве, і ад гэтага радасць, вяртанне здалёку доўжылася і цешыла.
Потым яна заснула чыстым лёгкім сном, можа, нават і не заснула, а толькі задрамала на некалькі хвілін, але усе цела яе заснула, і калі прахапілася, то ўжо не адчувала той першай тамлівай млявасці, наадварот, хацелася нешта рабіць, рухацца.
Яна адзелася, выйшла на двор, дзе ў лад з яе настроем пачыналася чыстая, прыхопленая марозікам і халадком вясновая раніца, прынесла з калодзежа вядро чыстае сцюдзёнае вады і толькі тады напілася з яго, поўнага, звонкага, зачарпнула кубак і падала Яну. Той піў таксама прагна і радасна, памкнуўся ўставаць, але яна перапыніла:
— Паляжы яшчэ. Няма чаго рабіць. Я зараз паснедаць пагляджу.
Яна сама запаліла ў печы, прыбрала са стала ўчарашнюю ежу, прыгатавала снеданне, паклікала Яна, карміла снеданнем, нават наліла чарку пахмяліцца, і калі глядзела, як ён задаволены сабой і выпівае, і снедае, не магла пазбавіцца адчування, што яна старэйшая за яго. Ен нічога гэтага не заўважаў, а таму ўся ягоная саліднасць і нетаропкасць здавалася ні больш ні менш як жаданне хлапчука паўтараць дарослага.
Мар’я правяла яго да варотцаў, не адхілілася, прыняла ягоны пацалунак, а сама думала, куды ж знікла маці.
Тады яна не ведала, што маці, узяўшыся за работу, не адкладвала яе надоўга. Пакуль яны дасыпалі з Янам, маці пабыла ў Янавай маці, пагаравала, што звёў дзеўку, і кончыла гаворку тым, што і пра вяселле, пакуль пасяўная не пачалася, дамовілася, і пра тое, што Ян пяройдзе жыць да іх у хату, не весці ж маладую жонку ў старэнькую хібарку, а будавацца нанава нашто, калі ёсць добрая і прасторная хата.
Так вырашыла старая Хоцьчыха адразу не адно пытанне, а найпершае — тое, што Мар’я не паедзе адбудоўваць Мінск. Тады сама ехала моладзь адбудоўваць горад, і дзяўчаты ехалі туды, каб уцячы з вёскі. Мар’я сказала пра гэта маці, бо сяброўка яе, Волька, сабралася. Гэта і прымусіла маці як найхутчэй выдаць замуж дачку. Потым яна ўжо хвалілася перад імі, перад Янавай маці:
— Бачу, што дур дзеўцы запаў у голаў. Што яна там нойдзе? Галота, з’есці кавалка хлеба няма. А дзе прытуліцца? Тут жа ў нас усё ёсць. I жаніх тутака, свой. А там на каго нарвецца? Так яно па-мойму і выйшла. А мне што — тут адной гібець, дачку ў свет выправіўшы?..
Мар’я цяпер не раз вярталася ў думках да таго, што маці некалі не пусціла яе ў горад. Як яно там ні было, як ні пера-бівалася і тая ж Волька Стафанава, але прыязджала яна пасля адзетая чыста, з нафарбаванымі губамі. Муж яе працаваў прарабам на будаўніцтве, добра зарабляў, кватэру атрымалі. Вольку прыстроіў у сталоўку афіцыянткай. Прыязджалі яны на грузавой машыне, набіралі бульбы, яблык.
Маці ў той час ужо не было — захварэла яна раптоўна, забалеў жывот. Сама бульбу капалі, і яна некалькі дзён хадзіла, учарнелая з гвару, цярпела, прыкладала да жывата нагрэтую і закручаную ў анучу цагліну. Ян запрог каня ноччу і павёз маці ў бальніцу, калі ўжо тая крычала ад болю і траціла прытомнасць. Казаў, крычала дарогаю гэтак, што ў яго валасы на галаве варушыліся. У дарозе і сканала. Дактары гаварылі, што з-за свае дурасці памерла: грыжу ўпраўляла сама сабе, парвала вантробы, пачалося запаленне.