Выбрать главу

Мяцельскі адчуў на сабе позірк першага і заўважыў, што той паспяшаў адвесці вочы, як толькі зразумеў, што Мяцельскі адчуў ягоны позірк. Мог і не адводзіць, усміхнуцца ці кіўнуць галавой. I Мяцельскі кіўнуў бы: у іх у кожнага каторы ўжо год сваё месца — у аднаго ў прэзідыуме, у другога ў зале. Сам таго не заўважаючы, Мяцельскі заўсёды садзіўся на адно і тое ж крэсла, не ў цэнтры, а збоч, блізка ад праходу, каб бачыць перад сабой залу. Ён не прыкмячаў, што займаў адно, «сваё» месца і што іншыя яго стараліся не займаць. Цяпер падумалася не пра свой узрост, а пра тое, што гэтак многа ўжо першы на сваёй пасадзе. Мяцельскі памятаў яго камсамольскім работнікам, можа, ён і запомніўся тады тым, што быў у касцюме сярод іхніх фрэнчаў і гімнасцёрак. Гэты малады камсамолец потым працаваў загадчыкам адзела ў райкоме, затым сакратаром, на некалькі гадоў пайшоў у вобласць на павышэнне і адтуль вярнуўся ўжо гаспадаром, першым. Мяцельскаму падумалася, што першаму ўжо пара б зноў на павышэнне, бліжэй да сталіцы, на добрую перадпенсійную пасаду, на якой трымаюць яшчэ і пасля пенсіі. Мяцельскі ведаў, якая гэта цяжкая і не заўсёды ўдзячная работа — везці на сабе воз, які называецца раёнам. Але не хацелася замены, новага прывыкання, як і на сваё месца Мяцельскі пакуль што не бачыў чалавека. Ды гэта, здавалася, і не тэрмінова, не самы пільны клопат.

Мяцельскі ці не задрамаў. Ачнуўся ад цішыні, што запанавала ў зале, які ўвесь час прывычна шушукаўся і расказваў анекдоты. Гаварыў першы. Голас у Вячаслава Антонавіча поўны, пастаўлены. У паперкі заглядвае між іншым. Ён нібы падсумоўваў гаворанае, а на самай справе аддаваў свой загад на жніво. Першы некалі ўмеў рабіць доўгія даклады, з асвятленнем палітычнага моманту ў краіне і ў свеце. Але новы час, новыя кадры патрабавалі крыху інакш будаваць нарады, надаваць ім дзелавітасці. I дзелавітасць гэта надавалася большай лаканічнасцю. Каб не паўтараць гаворанае многа гадоў, першы скарачаў за кошт агульных мясцін сваё выступленне, але загад усім службам і ўстановам гучаў канкрэтна і адназначна.

На гэтым нарада скончылася. Ні табе перапынкаў, ні абедаў, ні гаворак кампаніямі. Старшыні селі ў машыны і раз’ехаліся. Мяцельскі ведаў, што маладзейшыя, каму ў адну дарогу, з’язджалі ў лес, размяшчаліся на прыродзе. I яму раптам захацелася піва. Успомнілася тое, халоднае, з бочак, з сапраўдным селядцом, таксама з бочак. Усё гэта было ў райкомаўскім буфеце ў старым драўляным будынку. Піва ён не піў даўно, яшчэ раней пакінуў курыць. Як жартавалі маладзейшыя — Мяцельскі свой ліміт на салярку вьібраў, на бензін толькі крыху пакінуў.

— Дзень добры, Васіль Сямёнавіч!

— А, Васілевіч!

Мяцельскі паціснуў руку маладому, з раннімі залысінамі хударляваму мужчыну. Твар у яго загарэлы да чарнаты. Адзеты ён быў у джынсы і блакітную рубашку з закасанымі рукавамі. На руцэ трымаў невялічкую скураную сумачку.

— На зажынкі прыедзеш, упаўнаважаны? — з усмешкай запытаўся Мяцельскі.

— А папрабуй не прыедзь. Думаю, і сто грам паставіце.

— Абавязкова. Паехалі і сёння пасядзім.

— Не, сёння не выйдзе. Ды і вас Касцюк прасіў зайсці. Заўтра ці паслязаўтра заеду.

— Заязджай. Разам глянем, дзе на зажынкі выйсці хачу.

— Можа, трэба што?

— Не, дзякуй богу, пакуль што не.

Мяцельскаму нічога не трэба было выпрошваць у замацаванага за калгасам адказнага таварыша, як іх цяпер называюць.

— Знаеш, Васілевіч, кідай ты гэту кантору, давай да мяне, — раптам ляпнуў Мяцельскі.

— У вас усе вакансіі занятыя, нават парторга новага далі.

Васілевіч весела засмяяўся.

Мяцельскі пачырванеў ад злосці — парторга яму падсунулі, Васілевіч папярэджваў.

— Ёсць адна вакансія. На старшыню.

— Ласкавыя душы і так ужо здзекуюцца, што я да вас на стажыроўку прыстроіўся і чакаю, пакуль Мяцельскі загнецца. I да вас дайшло?

— Не, не дайшло. Плюй, не слухай дурняў. А я сур’ёзна.

— Тут на такую гаспадарку, як ваша, во колькі сядзіць у канторах, чакае. А я яшчэ зялён, чужьг. Не пусцяць. Трупамі палягуць.

— Пусцяць, калі я захачу.

— Усяму свая пара і свой час, Сямёнавіч.

Васілевіч неяк сурова паглядзеў на Мяцельскага. Той і сам разумеў, што не да месца і не ў пару пачаў гаворку, падаў руку і пайшоў на другі паверх, да кабінета першага.

3 гэтым аграномам з упраўлення жыццё звяло Мяцельскага выпадкова некалькі гадоў назад. Васілевіча тадьг прымацавалі адказным да яго калгаса. Гэта Мяцельскага мала хвалявала, хто будзе прымацаваны і што будзе дакладваць пра яго. А той год яго перад жнівом прыхапіў апендыцыт. За ўсе гады старшынёўства гэта было першае жніво без яго.