Выбрать главу

Касцюк працягнуў руку, узяў з вазачкі аловак. Першая хваля гарачнасці прайшла. Урэшце, якая розніца, дзе сустрэнуць гэтую дэлегацыю. Яго пытанне вырашана, засталося пару фармальнасцей. Пасада намесніка міністра не горшае, што можа свяціць раённаму кіраўніку, які заседзеўся. Наверсе будуць рады, калі дэлегацыя трапіць у надзейную, «абкатаную» гаспадарку. Але чаму ён успомніў пра Мяцельскага? Такіх, як ён, большасць. Яны даюць і мяса, і малако, хоць не навідавоку і не грымяць, яны навучыліся жыць і выжываць.

Касцюк кінуў аловак у вазачку, і ён глуха стукнуў аб пластмасавае дно.

— Не хочаш — як хочаш! Калгас справа дабравольная. Я хацеў як лепш.

Сакратар устаў, даў зразумець, што гаворка скончана. Мяцельскі спакойна падаў руку. Касцюк глядзеў услед старшыні і ўпершыню заўважыў, што ў Мяцельскага цяж-кая старэчая паходка. I падумаў пра тое, што ён рабіў, кіраваў тут і ведаў: пойдзе адсюль далей, будзе ў горадзе дажываць. А Мяцельскі, калі пачынаў, і цяпер ведае іншае — на месцы будзе да канца, і нават пасля смерці астанецца там, дзе пражыў.

Коратка і патрабавальна зазваніў тэлефон. Касцюк узяў трубку.

— А, дзень добры. Вырашана, будзем прымаць у «Кастрычніку»? Усё ў парадку будзе. Вялікая дэлегацыя? Сем чалавек… Ну, гэта не рэспубліканскі семінар.

* * *

Мяцельскі тым часам выйшаў з прыёмнай, спусціўся на першы паверх, выйшаў у невялікі скверык перад райкомам, перайшоў вуліцу да стаянкі машын.

— Здароў, Мяцельскі! Што нос апусціў? Падліў газы першы?

Сухі ішоў насустрач Мяцельскаму і ўсміхаўся, здалёк падаваў руку для прывітання. Прозвішча сваё ён апраўдваў: вастраносы, лысы і тонкі, ён падскокваў, як верабей. Равеснік Мяцельскага, калгас вечны «серадняк», на пясочках. Прывык, што начальства больш крытыкавала, чым хваліла, таму яго і баяўся, перад выклікам хваляваўся і тым, хто выйшаў з начальніцкага кабінета, спачуваў шчыра.

— Здароў, Сухі. Чаго тут скачаш?

— А Свісцёлік мой недзе закруціўся. Во гарыць шкура. Мо дзе ўжэ прадаўшчыцу ў падсобцы шчупае. Каб яго ўжэ ажаніць як…

Свайго жулікаватага шафёра Толіка Сухі інакш і не называў, як Свісцёлік. Гэтакі ж шустры, як і яго начальнік, Толік то спазняўся, то некуды спяшаў.

— Мо па «Арбіту» табе паехаў?

— I да цябе дайшло. Апазорыў на старасць на ўвесь раён. Сёння і Касцюк не лае, а смяецца, як сустрэў. Пайшлі ў рэстаран, па бакалу піва вып’ем!..

Сухому не стаялася на месцы. Мяцельскаму таксама захацелася піць, але ісці і слухаць скаргі Сухога на начальства сёння не было жадання. Ды якраз аб’явіўся і Толік, тармазнуў гэтак, што ветрам знесла пыл на старшынь.

— Рызіну новую паставіў, дык трэба жыўцом драць? Дзе быў, курашчуп няшчасны? Я тут стаю, чакаю!..

— Я ў магазін… — прывычна пачаў апраўдвацца Толік, але Сухі яго не слухаў:

— Найдзі ты яму, Мяцельскі, дзе якую стрэмку, каб яйца ўшчаміў. Дык вып'ем?

— Я ж не п’ю.

— Ну, як знаеш. Паехалі, Свісцёлік!

Шафёр падміргнуў Мяцельскаму, узяў з месца рыўком — Сухі любіў, каб яго вазілі з форсам, і за гэта цаніў свайго Свісцёліка, пра якога з ягоным старшынёй па раёне хадзілі і былі, і небыліцы. Апошняя быль была такая. Вясною Сухі вазіў па калгасе сакратара Ігнатаву, дзябёлую старую дзеўку, якая правярала, як ідзе падрыхтоўка да пасяўной.

Захацелася Ігнатавай і ў самую далёкую вёску, дзе адны пенсіянеры асталіся. Пенсіянеркі перабіралі ў капцы на пагорку бульбу. Сухому за час язды з яго хворымі ныркамі было зусім неўмагату, а Ігнатавай захацелася пагаварыць са старымі, распытацца, як жывуць. Ад злосці Сухі бубніў на свайго Свісцёлкіна, што ў машыне не аказалася ніводнай цыгарэты.

Як толькі спыніліся ля капцоў і Ігнатава пайшла да баб, Сухі адразу ж прытуліўся за сваім «козлікам» ля задняга кола. I толькі ўздыхнуў з палёгкай, як машына ўзяла з месца і ён астаўся з бабамі і Ігнатавай сам-насам са сваёй работай, якую ўжо спыніць не мог. Ад разгубленасці і злосці ён не здагадаўся нават адвярнуцца, а соваў услед машыне фігу і прыгаворваў:

— Во табе, Свісцёлік, во табе!..

Успамінаючы гэта ў машыне, Мяцельскі засмяяўся, і шафёр запытаў:

— Чаго гэта вы, Сямёнавіч!

— Успомніў, як Свісцёлік Сухому па цыгарэты паехаў… А ці можна дзе халоднага піва выпіць?

— Зробім. На піўзавод закруцімся.

У буфеце было надзіва немнагалюдна. Мяцельскі залпам выпіў палову куфля, адарваўся ад пітва і адчуў у роце толькі горыч. Піць больш не хацелася.