— Табе здаецца. А назаўтра не разагнуцца будзе. Лепш прыдрэмлем, ранічкою ўстанем, то, можа, і дажнём да вечара…
Вячэралі на снапах, па кавалачку сала было, квасам запівалі. I неяк адразу ж аціхала Тэкля, разамлела і задрамала на снапах, і яна таксама пачала ўмошчвацца поруч, каб акрыцца адною світкаю. Але ёй здалося, што недзе, над ціхім полем, за мэндлікамі, чуваць нечыя галасы. Яна наструнілася, прыслухалася. Здалося, што шорхнула пад нагамі ржышча. Яшчэ паслухала, устала, нячутна, як мышка, праслізнула за мэндлік. Моцна тухкала сэрца — пакуль ішла да схованкі, чутно было, што гаварылі хлопцы. Сама не ведаючы чаму не хаваецца, не прытойваецца, яна перайшла да другога мэндліка. Ну, каб хто з жанок застаўся жаць, а то чаго мужчыны тут ночы будуць? Горача было ў грудзях, мякка туліліся коцікі да ног. Зайшло сонца, святлела толькі ў тым краі, біла, званіла ў свой званок нястомная перапёлка. I звінела аж у скронях кроў. Нешта вяло і вяло яе далей, далей. I не магла растлумачыць што, не магла спыніцца. I выйшла ў канец поля, да сенажаці, якая пераходзіла ў купЧстае балота, якое цягнула аж да рэчкі.
Звінела перапёлка, паціху супакоілася сэрца, і чамусьці смутна і горка стала, што няма нікога. I ўжо крыўда на долю, на сіроцтва, на беднасць і нават на маці, якая прымушае іх тут начаваць. Стомлена, бо балела ўсё цела, пайшла назад.
Старая Люба прахапілася са сну, быццам нехта пачуў яе мрою і мог падслухаць, што нядобра падумала пра маці.
Божа, і трэба чалавеку памятаць такое да гэтае пары! Даўно няма маці, паўміралі сёстры.
Старая ведала, што ўжо больш спаць не зможа, калі растурбавалася гэтак сярод ночы, уздыхнула. Цяпер лепш, каб настроіць сябе ўспамінаць добрае: тое, як гулялі дзяўчатамі, тыя вяселлі, вячоркі з прасніцамі. I адразу ж у памяці выплыў Антось, у кажушку з аблямоўкаю, з чубам над вачыма, зімняя ноч, месяц, як ён дагнаў яе, паваліў на смех пад піск і рогат дзяўчат і пацалаваў. Зноў нібыта засаромелася памяць, спатыкнулася. Паўвеку прайшло, як зямлю касцьмі парыць, дзяцей трое на яе пакінуў. От каб цяпер падняць яго, пакгГзаць, як жывуць. Каб і выпусціў з таго свету, то не пазнаў бы чалавек, дзе ён і куды трапіў, падумаў бы, што ў рай перапхнулі. Старая ўсміхнулася. Але да гэтага раю дажыць было. Дзіва толькі, што з памяці і з душы жыццё гэтае не выбіла памяць пра тыя песні, пра тую маладосць — кароткую, як сонечны замчык, светлую плямку ў жыцці.
Нечаму, як успамінала пра тое, пачынала кружыцца галава, і нешта засціла вочы. Гэтак бывала тады, калі пухла з голаду. Здалося, што і цяпер ляжыць на палку, пад коўдраю-падбіванкаю з кудзелі, ужо злямчаную за зіму. Усё плыве, плыве ўваччу. Плача Ян, тады маленькі яшчэ, галодны. Лучына гарыць. Газоўкі нават не мела. Слаба, як з-пад вады, чула: дзверы грукнулі, павіталіся ў хату:
— Ве-ечар добры! Але ж і лядоўня ў цябе!
Яна нічога не адказала на прывітанне.
— Гэта я гляджу, што цябе нідзе не відно… Дай, думаю, зайду, адведаю. Занядужала, ці што?..
— От ляжу… Як прайду крыху, галава кругам ідзе, ні рукі, ні ногі не служаць.
Суседка прайшла, прысела на ложку.
— Дак ты ж, бадай, пухнуць пачала. Ось яно што! Я бо думаю… Як жа гэта ты з дзецьмі так? Што ж ты рабіць будзеш?
Яна не магла гаварыць, туманілася ў галаве, заплюшчваліся вочы.
Волька яшчэ патапталася, пабожкала.
Калі Люба ачнулася зноў, старэйшая яе, Маня, паліла ў печы. Тут жа тупала Волька, памагала ёй. Пасля яны кармілі яе рэдзенькаю падкалоткаю з мукі, зашчымленаю. I маленькі збаночак Волька прынесла.
— Як жа гэта ты з дзецьмі так дапусцілася. Яны-то нічога, а сама гэтак… А што ж яны без цябе? Прападуць.
— Гэта ж я некалі Хранусісе пяцярык давала, як пашню пазычала. Яна мне яшчэ мяшок вінна. Але вот не аддае. А я і думала. Пайшла, а яна на мяне з вілкамі — вочы выму. I Хранусь з-за стала ўстаў: «Кхэ-кхэ, галубка, пра які ты пяцярык? Не чапіся без толку, каб горшага граху не было, кхэ-кхэ». Плакала я і галасіла, а што ты з праціўным зробіш? Зловіць — заб’е, абязвечыць. Хто ж за мяне заступіцца…
— То хай бы Тэкля твая хоць што перакінула дзецям. Сястра ж, не чужая.
— I ў яе хата дзяўчат.
— Хата-то хата, але ж ён з сякераю, і падзаробіць, і гаспадарку мае. Я-то ёй выгавару. А табе на чорта было гэта будаўніцтва ўшчыняць? Хай бы дзеці падняліся. А то ні каровы, ні таго свінчаці. Як жа ты іх пагадуеш? На чорта тады табе і гэтая хата будзе, што ты сама дзерава з лесу цягаеш…