Выбрать главу

А ёй хацелася дадому. Каб не Янка побач, здаецца б, кінула і каня, пабегла б паперадзе бягом. Гэтак хацелася дадому. А дарога доўжылася, асабліва апошні кіламетр на Касой дарозе, пакуль з лагчыны падымаліся на ўзгорак і конік прыпыняўся ад знямогі.

Яна падварушвала яго ляйчынай, падахвочвала:

— Но-но, маленькі, но!

А з узгорка вёска адкрылася гэтакай, як і была. Быццам нічога і не змянілася. Высіліся шатамі на былой панскай сядзібе векавыя ліпы, на беразе ў Федзевых чарнелася вялікая шапка буслінага гнязда. I сады тыя ж самыя ў людзей, і вішняк. Як нічога і не было.

Тут на пагорку яна спыніла каня, каб аддыхаўся, каб хапіла ў яго сілы дайсці вуліцаю да хаты. I на Яна паглядзела, нават прыкрыкнула, каб крыху зашпіліўся. Нейкую правату сваю і нібы перамогу адчувала яна тады і радасць за тое, што не асталася сядзець пад немцам, што падалася ў партызаны і што цяпер вяртаецца адтуль.

Жанкі выходзілі на вуліцы вітацца. Хто плакаў ад радасці, а хто чамусьці і няёмка сябе адчуваў. А яна рада была ўсім.

А потым угледзела і сваю хату, якая здалася зусім маленькай, урослы зеллем двор. Ушчэнт выламаны і спалены на дровы плот, павыбіваны шыбы ў вокнах. За гэтыя гады, пакуль яна не была, хата нібыта асела ў зямлю.

Замка, які вешала яна на дзвярах ад’язджаючы, таксама не было. Дзверы ў хату расчынены насцеж, і з сянец, і з хаты нават у летнюю спякоту патыхнула пахам варыўні, у якую носяць на ноч вуголле. У хаце закураныя, чорныя, як у кузні, столь, сцены. I гола. Толькі на покуці нечакана вялікі стол, ля сцяны ложак, драўляны, роблены яшчэ самім Іванам. Чамусьці яго не разламалі і не спалілі.

Як у тумане выйшла яна з хаты, села на парозе і нічога не бачыла за слязьмі, здавалася, што чарната на свеце, як тая сажа на столі. Ян стаяў на дварэ пры кані, глядзеў на маці, чамусьці пацягнуў за папругу і зняў з пляча вінтоўку, узяў яе ў рукі, нібы зброя магла дапамагчы.

Яна перасіліла сябе, устала з парога і папрасіла:

— Дай мне з клунка ікону. Яна там, зверху.

Забрала ікону, зайшла ў хату, узлезла на стол і павесіла на покуці.

Калі выйшла на двор, угледзела суседку. Волька цяжка ішла ёй насустрач, абняла, заплакала:

— Нічога, жывая асталася, то і абжывешся. Не ўсё прапала. Я пасуду тваю ўзяла, і радня разабрала тваё дабро. Вернуць людзі дробязь. А зараз пайшлі да мяне, пад’ешце з дарогі. А тады я жанок пазаву, і хату пойдзем табе адмыем…

— А яе што, палілі?

— Ніхто не паліў. Самагонку гналі. Гэта Жыгар, мабыць, адчуў, што ты вернешся, забраў апарат, а так ён тут і стаяў. Па чарзе тут бровар рабілі.

Вечарам яны заснулі з Янам у сваёй хаце, на сваім ложку, на матрацы, напханым свежым сенам.

Праз два дні Яну трэба было ісці на зборны пункт, адтуль на фронт, а ёй — пачынаць жыць з нічога. Праўда, начамі пачалі падкідаць, вярталі людзі то сахор, то цэп, то цабэрак, то табурэтку.

* * *

Старая схамянулася: з пляца, садам, нехта ішоў да хлява. Яна адхіліла рукою гардзіну, прыгледзелася. Ян ішоў, шырока, лёгка, як малады саўсім, прыгнуўся пад нізкую яблыневую галіну, перад хлеўчыком прыпыніўся, азірнуўся, і старая апусціла гардзіну, адхілілася — спалохалася, што угледзіць яе.

Бачыла, як зайшоў у хляўчук, дзе спаў летам на сене. Нашто гэта яму? Стары чалавек, унучку ўжо мае. Што ён сабе думае!

Старая ткнулася ў хату, пастаяла, не ведаючы, што рабіць і чым забавіцца. Аставалася толькі чакаць, пакуль даіць карову, выганяць яе на пашу, пасля пабудзіць Яна…

I крыху са злосцю думала пра нявестку, што так ёй і трэба, што каб другі, то даўно гэтак бы рабіў.

У роздуме прысела на крэсла ў хаце, паклала рукі на калені і гэтак і сядзела, пакуль першы сонечны праменьчык не прабліскнуў у акно.

Ёй гэтак хацелася ўсё жыццё, каб у хаце заўсёды было шчасце, радасць і лад.

8

Ян памятаў на гэтым месцы толькі падмурак з камення. Падмурак урос быльнягом, лебядой, дзядамі. Чамусьці зелле любіць бушаваць на былым чалавечым котлішчы. Варта чалавеку толькі пакінуць жытло, як цераз годдва двор зарастае. Над падмуркам улетку мядова цвілі і пахлі на ўсю вёску векавыя ліпы. Мабыць, яшчэ дзяды ці прадзеды пана Чэчкі садзілі гэтыя прысады. Ян ніколі не цікавіўся, але чуў ад маці, што род пана Чэчкі даўні і багаты, і апошні збяднелы пан з яго дажываў век у іхнім маёнтачку. Знакаміты пан Чэчка быў яшчэ і тым, што яму выбілі вока. Тут, у лагчыне, за маёнткам у крыніцах. Невядома на каго нарваўся гэты даволі бяскрыўдны пан, але мужчына патырчакай гэтак папусціў у яго, што трапіў у вока і яно потым выцекла. Пасля гэтага здарэння засталася звязаная з панам Чэчкам у народзе прымаўка: «У цябе напагатове, як у пана Чэчкі». А справа ў тым, што калі той чалавек напаў на пана, то пан стрэліў з нагана, які ён насіў заўсёды з сабою. Але насіў у кішэні загорнутым у хусцінку, і таму пакуль дастаў і раскруціў, не толькі вока пану можна было выбіць, але і без галавы пакінуць.