Выбрать главу

Пана Чэчкі пасля рэвалюцыі не чапалі, праўда, гарлапаны накшталт старога Кіршчэні і трох брагоў Баласёў, гэтаксама гультаёў і беззямельнікаў, памыкаліся распатрашыць пана. Людзі не далі і добра зрабілі, бо потым прыйшлі палякі, і тым, хто сваіх паноў патрашыў, крывёй рыгнуць давялося. Аднак пан Чэчка не астаўся чакаць, пакуль скруцяць яму ўсё ж голаў, а падаўся разам з палякамі, і больш пра яго ні слуху ні духу. Нават з немцамі ніхто не вярнуўся з радні пана Чэчкі. А было ў Заселлі, што вярнуўся сын панаў і загадаў людзям знесці ўсё назад, што некалі цягнулі з панскіх пакояў. I неслі, баяліся ўтаіць. Праўда, як прагналі немцаў і гэты самы панскі сын уцёк з імі, зноў прыйшлі і разнеслі, кожны «сваё», нават не пасварыліся.

Дабро з маёнтка пана Чэчкі пакрысе, употайкі расцягнулі. У гаспадарцы ўсё прыгодзіцца мужыку. I разнеслі, не ведалі толькі, што рабіць з кнігамі, іх у пана было многа,

гарэлі ў печы яны дрэнна, а таму ляжалі на падлозе, бо робленыя з дубовага дрэва шафы таксама паразломлівалі на дровы, а хто ўмеў сталярыць — на палічкі. Кнігі з панскіх пакояў выкінулі і спалілі на дварэ, калі ў Чэчкавым доме арганізавалася камуна. Цяпер Ян і не ведае, якую назву яна насіла, бо ў народзе і дасюль яе называюць Чэчкавай. У яе з’ехаліся з наваколля тыя, хто не толькі ў тую камуну верыў, але і хто нічога не меў і не надта стараўся рабіць. У адной палавіне жанчыны жылі, у другой мужчыны. На работу строем хадзілі з рэвалюцыйнымі песнямі, вячэралі летам у панскім садзе за адным доўгім сталом, а вечарам ладзілі танцы,і на іх, на гэтыя танцы і спектаклі, збіраліся з усяго наваколля. Лета было ў камунараў вясёлае, першая зіма крыху сумнейшая, бо ўраджай у той год быў не надта, ды і за песнямі, за паходамі з поля на абед і па вячэру, не ўсё як след убралі. Тое, што ім выдзелілі на заснаванне камуны, камунары праядалі, а памнажаць набытак нешта ў іх не атрымоўвалася, ды і пры блізкім сумесным жыцці пачалі скоса паглядаць адзін на аднаго мужчыны, а бабы часам адна адну і за валасы хапалі. Хто больш хітрэйшы, той, пакуль не позна, даў з камуны цягу, усё ж якая б ні была, а свая хаціна і надзельчык зямлі надзейней. Самыя загартаваныя пратрымаліся яшчэ амаль з год, а потым зніклі, і пасля іх зноў ад былога панскага маёнтка засталіся толькі абшарпаныя голыя сцены, вытаптаныя здзічэлыя кусты і хлеў з расчыненымі насцеж варотамі.

Хлеў гэты служыў потым калгасу, у ім была калгасная канюшня. Згарэў хлеў у пачатку вайны, пасля таго як па вёсках пайшла чутка, што немцы калгасы не распускаюць і не даюць разбіраць па дамах калгаснае дабро.

У Стараселлі калгас разабралі хутка. Актывіста Кіршчэні не было, ніякае ўлады таксама, немцы ехаць не спяшаліся сваю ўладу ўзаконьваць. Дзяліў калгас Ванька Адасёў, гуляка, забіяка, рослы, гарбаносы малады мужчына. Ян памятае, як сядзеў ён у канторы за старшынёўскім сталом, падпіты, вясёлы, задаволены сваёй уладай:

— Бальшавікі адбальшавічыліся, а чорту лысаму, які прыйдзе з немцам, пакідаць дабро не будзем! Распісвайся, цётка, забірай сваё дабро. I зямлю падзелім, як да калгасаў.

Ванька дзяліў, седзячы са спіскам, але спісак складаў не ён сам. Гаварылі, што і рахункавод тут прыкла>' руку, і стары Мурзік, які аціраўся пры канторы і быў у праўленні, і Жыгар сваё слова падаткнуў. Яно і відно было, што некаторым і коні лепшыя, і карова, і збруя. I не толькі ім, але і сваякам іхнім.

Маці не пускала Яна на гэтую дзялёжку, і пайшоў ён па сваё дабро, калі наказалі з канторы, каб прыходзіў.

— Ідзі, калі клічуць. Не па сваёй волі. Пабралі людзі, і ты бяры, не правуйся. Што там будзе, бяры і ідзі ціхенька.

Прававацца не надта і направуешся з Ванькам. Калі хто спрабаваў заікнуцца, што яго абдзялілі, Ванька гігікаў, ягонае вока драпежна мружылася, і ён раіў:

— А ты ў сельсавет ідзі і на мяне паскардзіся!

Калгас размялі за тры дні, як і не было яго.

А як пайшлі чуткі, што немцы не чапаюць калгасы, заняліся ў ноч пад навальніцу дымам панская канюшня і панскі дом. Ян добра запомніў гэтую рабінавую ноч. Аж слаліся маланкі на самую зямлю, хацелася прыгнуць галаву і зраўняцца з ёй. Не спала ўся вёска не толькі ад навальніцы. Не спала з-за пажару, які заняўся над былым панскім дворышчам. Усе ведалі, што гарыць, але ніхто не біў у рэльсу, ніхто не бег тушыць. Ні гвалту, ні руху ў вёсцы, быццам вымерла яна. Вецер дзьмуў ад вёскі, і таму не страшна было, што яна зоймецца гарэць. Падпальваў разумны чалавек — усё прымеркаваў. I страшней за самую навальніцу, за маланку было гэтае зарыва, якое высвечвала чорныя нізкія хмары над зямлёй. Цяпер, праз многа гадоў, пасля ўсяго бачанага і перажытага, пасля таго, як нагледзеўся, як гараць запаленыя цэлыя вёскі, Ян усё ж найярчэй памятаў той пажар. У яго свядомасці гэта адклалася як пачатак вайны. Вайна пачалася ў іхнім Стараселлі з таго пажару. Бо і маці, якая хадзіла па двары і малілася, паўтарала: «Вот і да нас вайна дайшла!»