Ванька Адасёў, які гэтак заліхвацка дзяліў калгас, потым хадзіў па вуліцы з белай паліцэйскай павязкай, прыгожы, задаволены формай і тым правам, якое яму далі немцы. Уволю было і пад’есці, і выпіць хапала, і жанчыны любілі яго, а паспрабавала б якая не палюбіць.
Ён п’яны часам пагражаў, што ведае, хто падпілаваў мост цераз рэчку. Падпілаваны мост — гэта яшчэ адна прыкмета пачатку вайны у іх. Невядома хто за ноч падпілаваў усе сваі ў мосце над вадой. На кані з возам можна праехаць, але ўжо ні машына, ні тым болей танк па гэтым мосце не пройдзе. А з раёна да вёскі дарога да іх была цераз рэчку, цераз гэты мост, бо іншым шляхам кружыць трэба — было далёка. Але ж падпілаваным мостам не адгародзішся ад вайны. Дык вось, п’яны Ванька пагражаў, што ён выведзе на чыстую ваду дыверсантаў. I, мабыць, нешта ведаў, бо пасля таго як у лясах за полем з’явіліся першыя групы акружэнцаў, як пачалі заяўляцца ноччу нават сюды, у палявую вёску, узброеныя людзі і называць сябе партызанамі, Ваньку Адасёва знайшлі застрэленага. У полі паміж Стараселлем і Азярцом, дзе жыла тады самая Ванькава любоў. Прыпільнавалі яго ля крушні і застрэлілі. I запіску пакінулі на грудзях, яго крывёй напісаную: «Смерть предателю трудового народа». Усё было спісана на партызан, якія прыходзілі з лесу. Толькі як на цяперашні розум, то Ян ведае, што п’яны і пакуль што бяскрыўдны паліцай Ванька тым партызанам не замінаў і не патрэбны ім быў. Забілі Ваньку тыя, хто добра ведаў яго дарогі і хто баяўся таго, што той ведае. А ведаў Ванька тых, хто складаў спіскі на падзел калгаса, можа, ведаў і тых, хто мост падпілаваў, і таму не надта немцы наязджалі ў іхнюю палявую вёску, найбольш свае, паліцаі, на падводах і конна.
Пахавалі Ваньку Адасёва немцы з гонарам, людзей сагналі, на могілках месца выбралі на самым узгорачку. Цяпер ад тае магілы амаль і следу не асталося — ніхто яе не з ім людзі не хацелі хаваць родных.
Пра ўсё гэта думаў Кулеш, рамантуючы дзіцячую пляцоўку на былой панскай сядзібе. Работа няхітрая, і рабіў ён яе з задавальненнем. Пазабіваць дзіркі ў драўляным барабане, паставіць лаўкі, паправіць качэлі. На дзіцячую пляцоўку зазіралі не толькі садзікавыя дзеткі, але і мясцовыя школьнікі. Ды і пасля таго, як зрабілі гэтую пляцоўку, яе, мабыць, ніхто не рамантаваў. Ян падумаў, што, на добры лад, трэба будзе пасля рамонту выпісаць на складзе фарбы і перад выхаднымі днямі пафарбаваць. Як прыедзе ў госці ўнучка, таксама можна будзе прывезці яе сюды пагуляць, хаця гарадскія дзеці па гэтакіх гульнях не сумуюць.
Адрамантаваць дзіцячую пляцоўку Яна папрасіла Галя. I ён згадзіўся. Пакуль працаваў, дзяцей яна павяла ў сад, каб не заміналі пад рукамі, але ён бачыў, што і з саду яна паглядае на яго.
Хто б гэта думаў, што панскі падмурак згодзіцца на такое — на дзіцячы садзік. Але прыйшоў час, дарос калгас і да свайго дзіцячага садзіка. Паставілі на панскі падмурак фінскі домік, абклалі яго цэглай, і выйшаў цёплы домік для дзяцей. Гаспадара толькі на яго не находзілася, вясковыя бабы ў ім даглядалі дзяцей па-вясковаму: накарміць, выпусціць на вуліцу пагуляць, зноў накарміць, спаць па-класці і бацькам аддаць… А Галя бралася дзяцей вучыць.
Кулеш здалёку ўгледзеў старшынёўскую машыну. Чамусьці падумаў, што з Мяцельскім ён сустракаецца кожны дзень, калі не сустракаецца, то бачыць старшыню. Цікава, як ён умее гэтак ездзіць па калгасе, што ўсюды ўспявае паказацца і пабыць?
Машына спынілася насупраць садзіка, Мяцельскі вылез з машыны і няспешна пайшоў да варотцаў, адтуль напрасткі да Куляша.
— Здароў, Ян. Хоць у аднаго рукі дайшлі навесці тут парадак. Я сваім будаўнікам колькі разоў пра гэту пляцоўку напамінаў…
— Напамінаў — не загадваў. Загадаў бы, зрабілі б.
— I гэта праўда.
Мяцельскі ўважліва паглядзеў на Яна, потым туды, далей, дзе гулялі разам з Галяй дзеці. Ян таксама завярнуўся, паглядзеў. Святочна выглядала Галя ў белай кофтачцы і лёгкай яркай паркалёвай спадніцы.