Выбрать главу

— Давай падвязу, — прапанаваў ён і не мог успомніць жанчыну. — Вы да каго?

— Да Варвары Русакевіч.

Кулеш здзіўлена запытаўся:

— Наташа?

— Не, Галя. Сястра…

— А-а, ну правільна…

Правільна, Наташа яго равесніца, а гэтая жанчына маладзейшая. I з твару падобная на маці, Наташа больш на бацьку падобная была, крышку скуластая, а ў гэтае твар драбнейшы.

— Сядайце. Сумку ўдоўж пастаўце.

Жанчына нязграбна забралася ў каляску, абцягвала на каленях спадніцу. Кулеш нагнуўся, прыкрыў жанчыну брызентавым фартухом.

— Не гэтак дзьмуць будзе.

Жанчына кіўнула галавой. Ён не мог успомніць яе. Была недзе там далёка маленькая дзяўчынка, Наташына сястра, у беленькай, з сінімі гарошачкамі сукеначцы. Больш нічога не асталося ў памяці.

Кулеш вёз жанчыну да хаты Русакевічаў. Старая Варвара памерла ўжо гады са два таму. Цяпер Кулеш успамінаў, што хату яна завяшчала братавай дачцэ, якая жыла недзе ў Сібіры, куды выслалі Русакевіча. Пра завяшчанне гаварылі, калі калгас хацеў аддаць хату новай прыезджай сям’і. Але таму і не аддаў, што трэба было шукаць гаспадароў.

Хутка дзічэе чалавечае жыллё пасля таго, як не стала гаспадара. Даволі моцная і не такая малая хата Русакевічаў нібы паменшала і прысела ў зараснік крапівы, дзядоў, якія ўзяліся расці на дварэ, пад платамі. Перакасіліся моцныя яшчэ варотцы, пахіліўся, скрывіўся плот. А вытаптаная за многія дзесяцігоддзі сцяжынка ад парога да хлявоў густа зарасла спарышнікам. Як бельмы на вачах, у вокнах віселі пашарэлыя фіранкі.

Жанчына вылезла з каляскі, стаяла, глядзела на хату. На твары ў яе прамільгнуў не то спалох, не то разгубленасць. Яна не пазнавала, старалася і не магла ўспомніць хату, у якой некалі жыла.

Кулеш падумаў, што жанчыне, мабыць, страшна адной ўваходзіць у хату, дзе сыра, пахне цвіллю, цяжкім пограбавым духам, як і звычайна ў даўно не абпаленай, зачыненай будыніне.

Усё ж жанчына спыталася:

— А ключ у каго?

— Ключ? У Валодзі, дзе ж яшчэ, — Кулеш кіўнуў на суседнюю хату. Той даглядаў сад і абіраў яблыкі, на пляцы сеяў траву.

Жанчына няўпэўнена ўзялася даставаць сумку. Куляшу кінуліся ў вочы яе невясковыя, нерабочыя рукі з доўгімі далікатнымі пальцамі.

— Як жа ты ў пустой хаце? Паехалі да нас, прыйдзеш з мацерай маёй, прыбярэш тут, каб можна зайсці было.

— Няёмка неяк, — жанчына адказала няўпэўнена. Ёй не хацелася аставацца адной.

— Садзіся. Я помню бацьку твайго…

Кулеш не дагаварыў, таму што ўспомніў яе сястру.

Маці выйшла на ганак, калі ён заехаў на двор, прыглядалася да жанчыны.

— Не пазнаяце, мама? Русакевічава дачка, тая, што ў Сібіры жыла.

Галя павіталася.

— Гара з гарою не сходзіцца, а чалавек з чалавекам… Гэта меншая? Якраз як Тоня, маці.

Маці глядзела на Галю і некуды далей, бачыла тое, што не мог убачыць ні Кулеш, ні Галя.

— Мы з мацерай тваёй аднагодкі, разам гадаваліся. Вот колькі я ўсё жыву. Пайшлі ў хату, снедаць гатова. Табе ж, Ян, і на работу пара…

* * *

Калі Кулеш прыехаў на абед, Галі ў хаце ўжо не было.

— Схадзіла я з ёй, ключ у Валодзі ўзялі… Парадак там наводзіць. Перасушвае ўсё, прыбірае, мые. Калі Варвара памерла, а газ у балоне дасюль стаяў… Пліту запаліла. У Варвары ж усё асталося. I пасуда, усё. 3 малых год усяго нагледзелася. Яна ж маленькая была, як забралі настаўніка? — маці расказвала. Яна любіла сядзець за сталом, пакуль сын еў.

— Маленькая, — пацвердзіў Кулеш, зноў падумаў пра Наташу. Маці нібы зразумела яго думкі.

— Адна асталася. Бацькі памерлі, і старэйшая сястра прапала. Недзе ў экспедыцыі, з геолагамі хадзіла і не вярнулася. А сама нажылася таксама. Як на каго бог, на таго і людзі. Ты хіба пасля работы вазьмі касу, пайдзі скасі бур’ян там на дварэ. I жэрдку вазьмі, галкі, мабыць, гняздо ў коміне звілі.

— Надоўта яна?

— На саўсім, казала. Кантэйнер сюды адправіла з дабром. Месца ёй сказалі дактары памяняць. А там нікога не асталося. Пенсію яна ўжо палучае. Чалавека, як адзін астаецца, вядзе дадому.

* * *

Пасля работы Кулеш узяў касу, жэрдку з убітым на канцы цвіком, пайшоў да хаты Русакевіча.

Галя здымала з платоў і заносіла ў хату перасушаныя коўдры, прасціны. Куляшу яна ўсміхнулася збянтэжана.

— Навязалася вам на голаў.

У спартыўным касцюме, з касынкай на галаве, завязанай на патыліцы, яна здавалася намнога маладзейшай. Ад работы твар заружавеўся.