Выбрать главу

— Здароў, Янка, — павітаўся з ім Мяцельскі. Ён ведаў яго па школе яшчэ. Двое другіх былі пажылыя мужчыны, неяк грузна, цяжка сядзелі на конях. А Васіль лёгкі, малады. — Няма нікога ў вёсцы.

— Няма, слава богу.

— Гэта добра. Але дабяруцца скора. Усюды дабіраюцца і да вас дабяруцца. Поле тут у вас, дарога ім удзень адкрытая.

Мяцельскі крануў каня шпорай, каб ехаць далей, услед за мужчынамі, якія яго чакалі, але адразу ж нацягнуў павады.

— Пра Маню вашу нічога не чутно?

Пра сястру яны нічога не чулі і не ведалі.

— Не. Ніхто не аб’яўляўся.

— Мужык яе ж райкомавец? Знаеш, што я табе скажу, будуць яны шукаць яго. Добра, калі ўцёк ён і сям’ю схаваў. А так канцы не толькі самому. Так яно, брат, пачынаецца, а што будзе, падумаць страшна. Сваіх сволачаў гэтулькі павылазіла! Будуць шукаць яго, дабяруцца і да вас, пойдзеце пад пятлю як сям’я камуністаў. I ні цябе не пашкадуюць, ні мацеру. Што вам траціць? Бярыце манаткі ў воз і давайце да нас ў зону. А то паб’юць без суда і следства. А ў нас перажывяце, быць не можа, нас немец не возьме. Скажы, Янка, што гэта я табе гаварыў, а мяне прасіў перадаць мой бацька. Твая маці яго ведае. Ты ёй гэтак і раскажы, як я гаварыў. Усё раскажы. I скажы, што мае бацькі забралі гаспадарку, клункі і паехалі.— Ён узмахнуў нагайкай, і конь лёгка і ахвотна пабег даганяць тых двух коннікаў наперадзе.

Пра тую гаворку Ян расказаў маці. Яна разоў некалькі перапытвала, плакала, а ноччу загадала капаць яму, каб схаваць куфэрак са скарбам. За ноч сабрала клункі, запрэглі каня і паехалі на Старыцу, нібы пагарэльцы жабраваць паехалі. Нават хату не забілі. Усё пакінулі, карову толькі налыгалі, карову маці пакінуць не магла. I за раніцу даехалі да лесу. Адтуль дарога ішла на Старыцу, адтуль са Старыцкага лесу прыязджалі партызаны. I ён стаў партызанам, і конь у яго з’явіўся потым, і сядло, шаблі гэтак і не дастаў за ўсю вайну, ды і не патрэбна была яна, шабля, хіба толькі для форсу. Граната ў разведцы надзейней, калі што якое, і аўтамат, і каб патронаў пару дыскаў было заўсёаы пры сабе.

А па іх паліцаі прыязджалі. На дзвюх падводах, перавярнулі ўсё ў хаце, у хлявах, узяць нічога не было. Хату не спалілі толькі таму, што ўпрасілі суседзі — занялася б гарэпь уся вёска.

* * *

Кулеш аж здрыгануўся ад кароткага барабаннага тупату — рыжы хлопчык у белай маечцы з воўкам і зайцам на грудзях ускочыў на адрамантаваны драўляны барабан, з задавальненнем круціў яго і слухаў, як барабан грыміць.

— Ян, пакуль яшчэ не кладуцца яны спаць, папраў ложак гэтаму рыжаму касманаўту. Там, дзе ён, усё грыміць, рвецца, ломіцца!.. — папрасіла Галя.

Малы як пахвалу слухаў пра тое, што пра яго гавораць.

I Ян кіўнуў галавой у знак згоды.

9

— Што ж, таварышы, пачнём наша рабочае паседжанне. Ніхто не пярэчыць?

Мяцельскі ўстаў з-за стала.

— Я сабраў вас, таварышы члены ўборачнага штаба, каб яшчэ раз разам са спецыялістамі зняць апошнія пытанні, унесці ўдакладненні ў наш план уборачнае кампаніі. Прапаную такі план работы: я прайдуся па ўсіх асноўных пазіцыях нашага плана. Нам канкрэтна кожны па сваёй епархіі даложыць. Калі што новае, няўвязкі якія… Адным словам, пачнём.

Гаварыў ён стомлена, нібыта надакучыла гаварыць адно і тое ж. Але пільны яго позірк непрыкметна і ўважліва сачыў, хто і як рэагуе на сказанае. Па гэтай рэакцыі ён хацеў зразумець — як там на самай справе?

— Першае, галоўнае — тэхніка. Камплектацыя, гатоўнасць да выхаду ўсіх звенняў на сённяшні дзень?

— Гатовы хоць сёння, — коратка адказаў інжынер.

— А на пробным выездзе будзе то ў аднаго, то ў другога недарэгулявана, недакручана?

— На тое ён і пробны выезд, каб усё да канца падагнаць. Калі пробны?

— У нядзелю. Будуць з раёна. Памочнікаў падабралі?

— Расстаўлены канчаткова, — адказаў інжынер.

— Каго паставілі да Куляша?

— Жолуда.

— Кулеш згадзіўся?

— Згадзіўся. А што пенсіянеру.

— Ельніцкаму каго?

— Тагановіч з майстэрні…

— Ельніцкаму за тое, што гэты Жолуд яму цягае віно на работу, трэба было і памочнікам пакінуць, — не утрымаўся Кіршчэня.

Старшыня не дагаварыў, на нейкую хвіліну прымоўк, гледзячы ў паперу.

Кіршчэня сядзеў чыста паголены, у клятчатай мультановай рубашцы, у афіцэрскіх галіфэ і вынашаных, але да бляску наваксаваных хромавых ботах. 3 поўным адчуваннем сваёй годнасці ён прадстаўляў рэўкамісію. I хацеў, каб усе зразумелі, што ад яго пільнага вока нішто не схаваецца. Ён быў наперадзе і ўсё бачыў, як і некалі, на коніку, у штанах з леямі, з наганам. На гэтага старога трэба мець жалезныя нервы, каб трываць. У канцы нарада ён возьме слова і ўсім яшчэ дасць рэвалюцыйнага запалу.