Выбрать главу

— От пайду на пенсію скора, Антон Аляксандравіч, так і рабіць буду, — Мяцельскі ўсміхнуўся. — А можа, успомніўшы маладосць, і курэй папалохаю.

Мяцельскі заўважыў, як асекся пасля яго слоў і нібы паменшаў і так малы Кіршчэня. Ён не чакаў напамінку пратой куратнік, бо за ўвесь час, які прайшоў з таго часу, Мяцельскі гэтак нікому нічога не сказаў. I не таму, што баяўся на першым часе Кіршчэні, калі той быў пры ўладзе ў раёне, а проста памятаў, што абяцаў яму маўчаць, і маўчаў. А сёння не стрываўся, вывела з сябе гэтае жаданне павучаць і патрабаваць. I каторы ўжо год нязменна адно і тое ж самае гаварыць, прыправіўшы толькі знарок перад гэтым вычытаным з газеты дзеля «важнасці бягучага моманту».

10

Тады Кіршчэня яшчэ толькі вярнуўся дадому. На фронт яго не прызвалі, таму што ў Заходняй ён застаўся ваяваць з бандамі. А адтуль удалося выкруціцца і вярнуцца дадому. I таму пасаду брыгадзіра ён не мог не заняць.

Восень ужо была. Сухая, добрая восень. Сама нарыхтоўку здавалі. Зранку абозы павінны былі ісці на горад, а таму на таку працавалі ноччу: веялі, чысцілі, рыхтавалі абоз.

Кіршчэню, як аматару і галоўнаму спяцу гэтых абозаў, Мяцельскі і даручыў работу. У самога справа была неадкладная, а таму, як сцямнела, ён прыладзіў у вішняку апарат і пачаў гнаць самагонку — брага перастойвала, ды і гарэлкі ў хаце не было. За гэтаю работаю яго і застаў упаўнаважаны па мянушцы Нос. Быў ён маленькага росту, худы, кірпаносы. Ездзіў на гнядым коніку, гэтаксама худым, як і яго гаспадар. Празвалі ўпаўнаважанага Носам за тое, што выпіўку ён, мабыць, чуў за вярсту. I не толькі выпіўку, заходзіў у хату, як вожык паводзіў сваім вострым носікам — і не памыляўся:

— А і засквараная капуста пасля чаркі добрая штука.

Засквараная капуста сапраўды была ў чыгунку ў печы.

А пасля сказанага, калі і не было, то даводзілася шукаць тую чарку, без якое Нос не мог есці нават і засквараную капусту.

— Стой, што дзелаеш? — скамандаваў Нос Мяцельскаму, калі Мяцельскі прысеў, каб падкласці ў печку дроў.

— Цьфу! Адкуль вы, Васільевіч?

— 3 неба замест бога. Значыць, не нарыхтоўку рыхтуем, а промысел наладзілі?

— Трэба ж, Васільевіч, са свежага збожжа.

Мяцельскі наліў у шклянку яшчэ цёплае самагонкі:

— Здыміце пробу, Васільевіч.

Носу двойчы паўтарыць не трэба было. Шклянку ён аглушыў залпам, закусіў пададзеным салам з агурком.

— А харашо палучаецца ў цябе, таварыш Мяцельскі.— Ён смачна дажоўваў сала і прысеў на бярэмца дроў непадалёку ад печкі.— I сала харошае. А я прагаладаўся.

— Падзяжурце, пайду ў хату, вазьму пад’есці больш чаго.

Мяцельскі схадзіў у хату, прынёс яшчэ і гуркоў, і сала.

— Я, таварыш Мяцельскі, к табе і не планаваў сёння. Ты чалавек надзейны. Ужо хацеў каня паварочваць на горад, але бачу праз рэчку агеньчык свеціцца. Рашыў, заеду, праверу, што гэта там тлее. Пад'язджаю, пацягнуў носам, панятна стала. А гэта аказваецца сам прадсядацель, замест таго каб арганізоўваць работу, такое дзела робіць.

Мяцельскі яшчэ наліў у шклянку самагонкі.

Маленькі Нос мог не толькі кубкамі піць гарэлку і не п’янець, але і многа есці, што аж не верылася — куды ў гэтакага малога яно ўсё ўлазіць.

— Дык далажы, як у цябе дзялы з нарыхтоўкай? Веюць людзі?

— Павінны веяць. Брыгадзіру сказаў, каб быў там і арганізаваў усё.

— Гэта правільна. Трэба каб лічны кантроль быў. Тады ніякага ўрадзіцельства не будзе.

У меру таго як пад’ядаў і выпіваў, Нос станавіўся лагаднейшы і пачынаў хваліць Мяцельскага. Наогул крыклівы і строгі Нос, гэта ўжо потым Мяцельскі ўспамінаў, не даносіў на старшынь, стараўся абысціся без гэтага. Але што службу сваю правіць, любіў паказаць.

— Знаеш, таварыш Мяцельскі, скажы жонцы, хай тут каравул панясе, а мы з табой давай пройдзем, праверым, як людзі работаюць.

У падпітага Носа акрамя ўсяго яшчэ ўзнікла і прага дзейнасці. Мяцельскі ведаў, што адгаворваць яго — марная справа, а таму паклікаў жонку, каб пабыла пры апараце, а сам павёў упаўнаважанага глядзець работу.

Дзверы ў гумно былі прычынены, за імі слабенька свяціў ліхтар. Калі Мяцельскі адчыніў дзверы, то ўбачыў, што падрыхтаваныя мяшкі складзены збоч ад тока, веялка стаяла прыбраная, а вартаўнік, стары Сымон, які прымасціўся на мяшках у кажуху, з месца далажыў Мяцельскаму:

— Усё ў парадку, старшыня.

— Какой тут парадак! Нарыхтоўка ідзе, абозы! Палітычная важнасць моманту!.. Дзе гэты негадзяй, я з ім разбяруся! Знаеш, што за сабатаж па цяперашніх мерках?