Мяцельскі недагледзеў, і Нос успеў перабраць. Цяпер не мела ніякага сэнсу тлумачыць яму, што на заўтрашнюю адпраўку збожжа прыгатавана дастаткова. Цяпер Носам кіравала гарэлка і «важнасць палітычнага моманту».
— Ідзём, ты мне пакажаш гэтага сабатажніка, і я лічна з ім разбяруся! Ён мне наладзіць работу ў начную змену!
Калі падышлі да Кіршчэневай хаты, Мяцельскі пагрукаў у дзверы раз-другі, пачуў, як у сенцы выйшлі, і Марыля папыталася:
— Гэта ты, Антон?
— Не, гэта я, упаўнамочаны! Дзе ваш муж?
— На таку. Там жа пашню веюць. Там яго шукайце.
Мяцельскі паспеў шмаргануць упаўнаважанага за рукаў, каб ён больш не гаварыў нічога з Кіршчэніхай.
— А дзе ж гэты твой сабатажнік? Мы яго з-пад зямлі павінны дастаць>і ён нам павінен арганізаваць работу!
— Знойдзем, знойдзем.
Мяцельскага пачынала разбіраць злосць і на Кіршчэню, якога не аказалася дома, і на Носа, які водзіць яго апоўначы па вуліцы. Мяцельскі чуў ад мужчын, што Кіршчэня падглядвае да маладое і адзінокае Любы Залескай. Гэтаму ён не верыў, думаў, што пацвяляюцца. Але цяпер вымушаны быў ісці да Любінай хаты.
У дзверы грукалі некалькі разоў, у хаце ніхто не адзываўся, потым нібы там чуваць была нейкая ціхая валтузня, і ўжо пасля Люба запыталася сонным голасам:
— Хто там?
— Гэта я, — падаў голас Мяцельскі.— Тут упаўнаважаны прыехаў, брыгадзіра шукаем, а Кіршчэня як скрозь зямлю праваліўся.
— Адкуль я знаю, дзе ваш Кіршчэня, — няўпэўнена і спалохана абазвалася з-за дзвярэй Люба.
Нос недачуў, што яна сказала, па партызанскай звычцы грукнуў ботам у дзверы, мацюкнуўся:
— Ты нам дзвер адкрой, потым гаварыць будзем! Я гэтага сабатажніка з-пад зямлі дастану!
Дзверы не адчыніліся, але з сянец па жэрдках у хляву нешта зашумела, загрукала, потым пачуўся трэск і курыны вэрхал у хлевушку, лапаценне крылляў.
Ад нечаканасці аслупянеў Мяцельскі, але падпіты Нос не разгубіўся і тут гіаказаў прыклад: выхапіў з кабуры наган, кінуўся да хлява з пагрозлівым:
— Рукі уверх, варышка! Страляць буду!
— Васіль, не страляйце, гэта я, Кіршчэня!
Брыгадзір асцярожна вылез праз дзверы з хлевушка і ў начным прыцемку Мяцельскаму было відаць, як ён ад нечага гідліва агрэбаецца і абтрэпаецца. Мяцельскі ўявіў, як імчаў Кіршчэня па жэрдках у хляве, каб вышмыгнуць з Любінай хаты, як падаў разам з прагнілаю страхою ў куратнік і які выгляд у яго зараз. Відаць нічога не было, але свежым курыным памётам ад Кіршчэні патыхала.
Можа, падпарадкуючыся нейкай мужчынскай салідарнасці ці таму, што сам Кіршчэня прасіўся напаўголаса, Нос таксама злавесна зашыпеў на яго:
— Пад суд падвяду, сабатажніка! Пачаму абоз не гатовіш? Табе таварыш Мяцельскі паручыў, а ты зрываеш заданне. Знаеш, што цяпер за ўрадзіцельства? Падымай людзей і што б работаў з імі ўсю ноч? А раніцай я праверу абоз!
— Васіль, дык я ж глядзеў у гумне, там бабы нядаўна толькі кончылі…— пачаў Кіршчэня.
— Ты чуў, сабатажнік, што табе сказана? Падымай людзей, а то заўтра будзеш адказваць за ўрадзіцельства.
— Ёсць, таварыш упаўнаважаны, — Кіршчэня крыху аслухаўся і зразумеў, што Нос п’яны. Носа ён таксама ведаў і частаваў яго не адзін раз.
— Мы былі ў гумне, глядзелі. Заўтра сам абоз падрыхтуй! I мы з таварышам упаўнаважаным падыдзем.
— Усё зраблю. Толькі ж ты, Васіль, барані бог, нікому!
— А мне што.
— Я цябе прашу!
Кіршчэня жанок не будзіў, абоз яны з Мяцельскім адправілі раніцай. Нос, які далёка за поўначы дапамагаў Мяцельскаму «несці вахту» ля апарата, ледзьве дайшоў да ложка. Кіршчэня раніцай быў дзелавы, рухавы, і як Мяцельскі ні прынюхваўся, нічым ад яго не пахла. I толькі калі Кіршчэня запытаўся:
— Чаго ты да мяне прынюхваешся? — Мяцельскі не вытрымаў і зарагатаў.
Любоўныя прыгоды Кіршчэні хутка скончыліся, таму што ён зноў усплыў на хвалю, атрымаў пасаду страхагента, і ўжо цэлы раён быў пад яго ўладаю.
Да канца нарады Кіршчэня праседзеў моўчкі, і Мяцельскі падумаў, што каб у ранейшыя часы, то ён, мабыць, не дараваў бы яму гэтага і сігналізаваў бы туды, куды трэба.
11
У Стараселлі Усцінка першая адважылася на тое, на нгго не адважыўся ніхто са старэйшых людзей: прадала хату, збыла ўсю гаспадарку і паехала ў горад да свае Марусі. Маруся ўся ўдалася ў маці, якая і звала яе не інакш, як «мая прыгажунька». Прыгажуньцы сваёй з малых год Усцінка купляла сукеначкі, завязвала банцікі, вадзіла за сабою на вечарынкі і вучыла спяваць і танцаваць. I ўсім гаварыла: «3 мае прыгажуні толькі арцістка і будзе». I Маруся спявала ў пачатковых класах, у школьнай самадзейнасці, потым і ў клубе. Прыгожая, чарнявая, у бацьку з твару і стройная, рослая, як і Усцінка, Маруся ўжо ў чатырнаццаць гадоў выглядала прыгожаю, сталаю дзеўкаю. Поспех у самадзейнасці Маруся мела бясспрэчны, яе нават вазілі на раённыя агляды самадзейнасці. I вядома ж, знаўцы мастацкай самадзейнасці міма сваіх рук прапусціць дзяўчыну, якой хацелася поспеху і ад жадання якога кружылася галава, не маглі. Але не была б Усцінка хітраю Усцінкаю, каб і з гэтага не знайшла выйсце сабе на выгоду.