Як яно там усё было, ніхто толкам не ведае і не даведаецца, аднак пакуль ішоў чарговы агляд мастацкай самадзейнасці, пакуль Маруся Усцінчына жыла ў Слуцку ў свае цёткі, сама Усцінка некалькі разоў ездзіла туды, кажуць, нават у засадзе сядзела. Гэта злосныя языкі такое гаварылі. А сама Усцінка расказвала, што той рэжысёр гэтак у яе Марыю ўлюбіўся, што ледзь рукі на сябе не наклаў. А таму з-за любві пакінуў і першую жонку з дзіцем, забраў і павёз Марыю з сабою ў сталіцу. I вучыцца ўладкаваў, Усцінка ў горад ездзіла амаль кожны тыдзень. Спачатку з карзінаю, як і было заведзена спрадведку ў вёсцы, а потым Марыя сказала, што гэтак па-вясковаму ездзіць брыдка, і Усцінка купіла сумку. Марыя давучылася, праўда, вялікае артысткі ці спявачкі з яе не выйшла, яна ўладкавалася выкладчыцаю ў вучылішчы.
За гэты час Марыя выгадавалася ў маладую прыгожую жанчыну, якая ведала, чаго варта і што можа яе жаночая прыгажосць. I таму той першы яе лысы і памаўзлівы выпівака ад мастацкае самадзейнасці задаволіць яе ўжо не мог, гэтаксама як і аднапакаёвая кватэрка, якую меў ён пасля разводу з першаю жонкаю.
Марыя падабрала сабе больш перспектыўнага сябра ў жыцці і больш прэстыжнага. Чорнабароды, рослы, дужы, якгрэнадзёр, мастак быў і крыху маладзейшы за яе, і ўдачнік, які адразу ж трапіў у лік перспектыўных і таленавітых. А таму меў не толькі майстэрню, але і кватэру, грошы, выхад у інтэлектуальныя колы. За ім Марыя магла і адзецца як след, каб яшчэ больш падкрэсліць сваю прыгажосць. Яна, вядома ж, стала гарачай аматаркай мастацтва, зычлівай гаспадыняй, якая ўмела сустрэць гасцей, забяспечыць мужу ўсе ўмовы для творчай работы. Таму і на рабоце яна толькі лічылася, нейкія сімвалічныя гадзіны ў вучылішчы мела, а ў астатні час дапамагала мужу. Гэтая дапамога, мабыць, забірала занадта сілы і часу, таму, калі нарадзілася дзіця, Марыя забрала да сябе маці, каб дапамагала ёй. Усцінка з радасцю паехала, бо гасцюючы ў дачкі, яна наглядзелася сапраўднага жыцця, як людзі жывуць на радасць сабе.
Пра гэта жыццё яна расказвала суседкам, паказвала свае новыя абновы. Усцінка мела цудоўную якасць — нават з гадамі цяга прыгожа апранацца і пахваляцца адзеннем у яе не паменшыла. Яшчэ будучы маладой, яна не магла дачакацца, купіўшы мацеры, пакуль пашыецца спадніца. Брала кавалак тканіны, абкручвалася, сашпільвала шпількамі і выходзіла на вуліцу, каб паказацца ў абнове. Цяпер, жывучы ў дачкі, Усцінка многаму навучылася, абгаражанілася і таму зрэдку завітвала ў вёску з падфарбаванымі губамі, з завіўкаю, а потым і з нафарбаванымі кіпцямі. I гаварыць цаляла «па-гарадскому», асабліва на пачатку гаворкі, а потым забывала і шпарыла, як і ўсе, «па-дзеравенску».
Па расказах Усцінкі, жыла яна як сыр у масле качалася, але даходзілі да вёскі і другія чуткі. Прыгожай Марыі спадабалася быць прыгожай і ўсімі любімай. Гэта не магло не дайсці да яе чорнабародага мужа, і ён пачаў адвучваць жонку ад памаўзлівасці зусім не інтэлектуальным, а спрадвечным мужыцкім спосабам. Тут зноў Усцінцы прыгадзілася яе прыродная хітрасць і дальнабачнасць: грошы і за прададзеную хату, і тыя, якія мела ў запасе, Усцінка трымала пры сабе. I таму пасля таго як у даччыной хаце не стала ладу, стала горача, Усцінка неяк вымудравала, пабудавала сабе асобную кааператыўную кватэрку. I ўжо жывучы збоку, яна мірыла дачку з зяцем, дапамагала гадаваць унука. Марыя з гадамі расплылася, растлусцела, і прыгажосці тае ўжо не стала, а таму свайго багатага, раўнівага мужа трымалася і шукаць лепшага не збіралася, хаця не магла і ўтрываць, каб не падгульнуць.
Але зноў гэта ўсё злыя языкі. «Мая ты галубка: людзям жа не можацца, як другому добра жывецца. Аж не спіцца. У мужыка ж адна радасць — каб у суседа конь здох», — гэтак гаварыла Усцінка, калі ў яе спрабавалі выпытацца, як жыве яе Марыя, ці праўда, што не ладзіцца ў яе жыццё.
Не менш затуманенае, чым цяперашняе гарадское, было і вясковае жыццё Усцінкі. Бог даў высокі рост ад бацькі, але ад маці не даў прыгажосці з твару. Не тое што брыдкая яна была, але і не прыгажуня. А прыгажуняй ёй быць хацелася, і жыць хораша хацелася, і адзявацца, — усяго хацелася. Ды не разгонішся за бацькавым багаццем, хоць і не бедна жылі, але не да раскошы было ў іхняй хаце. Вось тады і аб’явіўся у суседнім Стараселлі Тодар Амерыканец. Амерыканец было прозвішча Тодарава, таму што ён падлеткам паехаў з бацькам на заработкі ў Амерыку і вярнуўся адтуль з багаццем. Да гэтага часу ўсе перакананы, што багацця было навезена многа, не толькі адзенне, а галоўнае — золата. 3 гэтага золата хітрая Усцінка мела грошы і да гэтага часу. Людзі гэтак гаварылі, хоць золата таго і тых грошай, вядома ж, ніхто не бачыў і не лічыў.