Калі была маладзейшая, Усцінка сама расказвала жанчынам пра сваё замужжа і пра нелюбоў да мужа.
Як толькі першы вечар Амерыканец падбіўся, каб праводзіць з вячорак, не ўпадобаўся Усцінцы. Быў ён маленькага росту, дробненькі, а тварык — як у дзіцяці, а не ў дарослага чалавека, у мужчыны. Але як і ўсе маленькія ростам людзі, цягне іх знайсці сабе ў пару чалавека высокага росту. Гэтак, мабыць, і ў Тодара было, можа, і таму пагнаўся ён на Усцінку, што не надта на яе хлопцы зазіраліся. А дзеўкі маладыя і прыгожыя не па зубах былі Амерыканцу. Бог ведае як, але Амерыканец пачаў ухажорства не на жарты і ў хату ўжо да іх пачаў заходзіць, а потым і сватоў заслаў.
«Сядзяць яны, мая галубка, выпіваюць, з бацькам маім. А бацька рады, што дзеўку з хаты забяруць, ды яшчэ і за багатага пойдзе. Рады бацька Амерыканцу і гарэлцы. I маці рада. А я, пакуль проста ўхажвалі, дык і нічога, а тады, у той вечар, як падумаю, што мне з гэтакім няўдаленькім век жыць, дык аж сэрца заходзіцца. Выбегу я, мая галубка, у сенцы, а паліто яго пры дзвярах амерыканскае вісіць. I гэтак пахне духамі, адтуль прывезенымі. А я тых духоў ніколі і ў руках не трымала. Стану я і тое паліто нюхаю.
I сэрца крывёй абліваецца, а як успомню тыя пахі, іду назад у хату», гэтак потым пад настрой расказвала сяброўкам Усцінка. Гэта ўжо калі за Амерыканцам абжылася, сілу сваю пачула. I духі ўжо ў яе былі, і строі, як ні ў кога ў вёсцы. Тады Усцінка гонар займела, з носам задраным хадзіла. Амерыканец яе, як муравей той, цягнуў работу дома, а Усцінка прынаравілася, як што не даспадобы, абвязаць голаў хустачкай і легчы на ложак паміраць. Зусім немагушчая была, і чым надалей, тым болей. На работу не хадзіла. Калі была камуна, Амерыканец у ёй рахункаводзіў, а Усцінку прыстроіў дзяцей даглядаць камунаўскіх. Потым у фельчара яна за медсястру лічылася. У фельчара Марозіка доктар адзін час жыў, узмацнілі такім чынам фельчарскі пункт. Да таго доктара Усцінка сама бегала, падпоіць свайго Амерыканца і ноччу праз акно да таго доктара.
«Вой, мая ты галубка, хіба ж мой мужчына? Гэта ж адна Капелька», — смяялася потым Усцінка. Калі ў добрым настроі, то клікала яна свайго Тодара — Капелька. А часцей ніяк не называла, проста «ты» альбо Амерыканцам і звала.
А Тодар разумны чалавек, бачыў усё наскрозь і разумеў. Можа, з-за гэтага і прывучыўся да гарэлкі. Не, не напіваўся ніколі, каб валяцца дзе ці непатрэбнае што рабіць, але піць пачаў памногу, і гэтая гарэлка знутры паціху дачасна і спаліла яго.
Расказвалі суседзі, як Тодар аднойчы падмазваў комін на страсе. Горача было, папрасіў ён Усцінку, каб падала вады напіцца. А яна наліла вады ў бутэльку і шыбанула на страху. I папала па Тодару. Тады ён кулём і скаціўся са страхі. Першае, што трапілася пад руку, была пуга з ядлоўцавым пугаўём. Схапіў ён гэтае пугаўё і пачаў малаціць Усцінку, завалок у хлеў на ток і там лупіў, пакуль ядлоўцавае пугаўё ушчэнт не расхвастаў. Крычала яна на ўсю вёску, але хто палезе ў чужы двор мірыць. Мо тыдні з два Усцінка не паказвалася з хаты і ляжала плахаю, пакуль адышла.
«Гэта ж, дурная, думала, што маленькі. А мужчынская ж сіла. Як ухваціў, мая галубка, за руку, як павалок! Думала, што заб’е, жывую не выпусціць. Дальбог, каб не збіў ён мяне тады, што на ногі стаць не магла, я б яго зарэзала тады ноччу. Ляжала і думала, каб устаць і зарэзаць, але не магла падняцца. Пасля таго панадзіўся ён мяне біць. А я яму гарэлкі не шкадавала, як нап’ецца, саўецца і спіць, а я што хачу, тое і раблю».
Усцінку клікалі, калі да фельчара збіраліся госці. Спірту выпіць у дактароў хапала, а каб пад’есці, то не асабліва разгонішся. На чарговую пачостку яе паклікалі, галоўны доктар з раёна прыехаў Курганчык. Сярэдняга росту, кругленькі, дагледжаны. Пасля чаркі-другое загаварыў Курганчык пра сала з кубла, свежанькае. Усцінка і сказала, што прынясе, калі доктар гэтак сала любіць. 3 хаты выйшла, прыпынілася пры прачыненым акне, а там смяюцца з яе — дурная кабета, сала цягае чарцям лысым. Пастаяла, падумала, аднак сала прынесла, гаспадыні, якая сустрэла яе на кухні,аддала загорнутае ў палатняную анучку, а сама назад, сказала, што Амерыканец яе хваціўся, не можа болыц пабыць з гасцямі. А сама пад акно і глядзіць. Марозічыха проста з пакункам у вялікую палавіну хаты, дзе госці сядзелі. Яны аж у ладкі запляскалі, пра Усцінку і не ўспомніў ніхто. Разгарнула гаспадыня анучку, а там замест кавалка сала цагліна закручана.