Выбрать главу

Касіў Кулеш весела, стараўся як ніжэй падразаць зелле. Касу не шкадаваў. Адчуваў, што Галя глядзіць на яго. Дзіўна, але сам сабе ён здаваўся маладым, дужым.

Галя сапраўды пазірала на паджарага, жылістага Куляша, на яго чорныя ад загару рукі на касе. Ён напамінаў нечым бацьку, гэтакага ж рухавага, цягавітага і ў старасці, нават у апошнія гады, калі хварэў, аставаўся ўсё гэткі ж падцягнуты, з густымі белымі валасамі. Падсекла яго гібель Наташы. Не зламала, не скруціла ўсё жыццё, два арышты, лагеры, а потым і ссылка. А смерць Наташы зламала. Пас-ля яе смерці часта пачаў нудзіцца па дому. Домам ён называў Стараселле, усё расказваў пра вёску і шкадаваў, што не сабраўся і не з’ездзіў на радзіму. Галя тады не думала, што і яе жыццё павернецца так, што яна прыедзе сюды.

Пасля таго як Кулеш выцягнуў з коміна звітае галкамі гняздо, запаліла ў печы, запрасіла яго ў хату на чай. За дзень яна многае ўспела. Нават схадзіла на канавы, прынесла аеру. I цяпер у праветранай хаце свежа і прыемна пахла прывялым аерам, ад гэтага паху хата здавалася абжытай. Схадзіла Галя і ў магазін, закупіла не толькі прадуктаў. Да чаю, заваранага на мяце, выставіла бутэльку каньяку, збянтэжана наліла Яну і сабе:

— Ну, Галя, гэта ўжо не трэба было…

— Яно ж так заведзена. Дзякуй вам, а то прыехала і не ведаю, куды ісці. Дзякуй вам і цётцы Любе.

— То хай табе добра жывецца на новым месцы. Каб дабро было ў гэтых сценах.

Галя толькі губы памачыла. Кулеш з гаворкі ўжо ведаў, што Галя кончыла педвучылішча, рабіла ў школе. Што цяпер, пасля хваробы, атрымоўвае пенсію, адносна і не малую, з улікам усіх паўночных надбавак. I тут збіраецца дзе-небудзь уладкавацца. У горадзе б было, можа, зручней, але ў горадзе ёй жыць не рэкамендуюць.

Спахапіўся Кулеш, калі пайшло на змярканне, заспяшаў дадому. Выходзячы, паспрабаваў зачыніць за сабой дзверы хаты. Яны не зачыняліся.

— Трэба падняць, правіслі. Зайду, як-небудзь…

— Дзякуй вам!

— Прыходзь да нас гуляць. Мацеры пагаварыць з кім будзе, — запрасіў ён Галю, адчуваў сябе не толькі старэйшым, а і гаспадаром, у якога госцю павінна быць добра.

Галя прыходзіла на першым часе пагуляць, пагаварыць з маці. Кулеш падрамантаваў дзверы, потым дапамог узяць машыну і прывезці са Слуцка са станцыі кантэйнер з рэчамі. Дапамог дагаварыцца з будаўнікамі, якіх Галя наняла пафарбаваць шалёўку на хаце, падрамантаваць плот. Непрыкметна, але даволі хутка занядбаная хата ажыла не толькі звонку, але і ўсярэдзіне. Галя наклеіла новыя шпалеры, белай фарбай асвяжыла столь, вокны, купіла новыя люстры, паставіла ў хаце перагародкі. Адразу за дзвярыма атрымалася невялікая кухня, далей прасторны пакой з телевізарам, сталом, таршэрам у кутку. Ля сцяны стаяла паліца з кнігамі (усё гэта Галя прывезла з сабой), а трэці пакой служыў спальняй.

Парадак і чысціня не кі даліся у вочы, не лезлі напаказ і не заміналі, а стваралі ўтульнасць. Кулеш потым здагадаўся, што святочна і ўтульна здавалася яшчэ і ад таго, што ў хаце не было лішніх рэчаў, незахламленая яна. Не заўважаў ён і таго, што з гэтай чыстаты і ўтульнасці не спяшае дадому, знаходзіць, што дапамагчы трэба. Пакуль усё нечакана не перамянілася, і прыходзіць у гэту хату пад зялёным клёнам ён пачаў зусім інакш.

2

Сонна і ціха заходзіў досвітак у вокны хаты. Ад вуліцы перад хатай разложыста стаяў клён з аднаго боку і ніцая бяроза з другога. У ёй, у дупле, ніжэй рала, жыла шпачыная сям’я. Прысады былі непадцярэбленыя, гародчык ад вуліцы зарос густымі бэзавымі кустамі, пад якімі ўлетку раскашавалі, хаваючыся ад гарачыні і выкупваючыся ў пяску куры. Двор урос мураўкаю. Хата яшчэ моцная, пасляваенная, ашаляваная і пафарбаваная, з верандай. Па двары да хлява былі выкладзены з цэментавых плітак сцяжынкі. Вароты зробленыя з дошак, нямодная цяпер жалезная брама. I ў самой хаце справа, як увойдзеш з сянец, бялелася печ, паміж ёй і перагародкай у другую палавіну стаяў стары шырокі драўляны ложак. У кухню выходзіла дзверцамі грубка, якой зімой абагравалі чыстую палавіну хаты. Ад грубкі да коміна ішла бляшаная труба. Перад ёй на тоўстым дроце вісела лёгкая паркалёвая занавеска, якая закрывала запечны закутак. 3 левага боку да дзвярэй вісела на круку, убітым у сцяну, вядро з вадой, сучасная туалетная полачка з люстрам, пад якой на перакладзінцы вісеў вышываны ручнік. Пад палічкай шкафчык на посуд. На ім збанкі, прыкрытыя ручніком. У другім кутку, на покуці, стол, стары, свае работы, ужо паточаны шашалем, з паабдзіранымі катовымі кіпцюрамі ножкамі. Над сталом, на покуці, за фіраначкамі старая, у пачарнелых рамках ікона. Тут жа над сталом старыя ходзікі з паржавелаю гірай-шышачкай. Ды і сам цыферблат, на якім былі намаляваны вясёлыя таўсматыя мядзведзікі ў лесе, таксама, як воспай, пабіла ржою.