— Паўлітру вып’еш? Зіна цябе і ў хату не пусціць, у вяргінах пад плотам начаваць будзеш!
Васілеўскі скрывіў губы і нехаця пачаў раздзявацца, пазіраючы паўз лясок на бераг возера, нібы чакаў адтуль паратунку.
На возеры не было нават і дробненькае хвалі. Туга пахрумстваў намыты вадой мылец ля самай вады. Адзінокая аблачынка на небе, нібы невялікая белая купіна, нерухома стаяла на адным месцы ў вылінялай васільковай сінечы неба.
Бранавец першы зайшоў у ваду, разганяючы яе санлівы спакой, моцна плюхнуўся і паплыў, коратка ўзмахваючы рукамі. Ад яго не хацеў адставаць і Корзун. Ён далёка ўперад выкідаў свае белыя доўгія рукі.
Жэнік увайшоў у ваду паволі, спаласнуў грудзіну, лёг асцярожна і паплыў уздоўж берага.
Васілеўскі пацепаў плячыма, тупаў на мелкім паўз бераг, як кулік, дакурваў цыгарэту і пазіраў на дарогу.
Лазоўскі таксама ўстаў, раздзеўся, зайшоў у ваду, некалькі разоў прысеў, намачыў голаў і пачаў намыльваць яе.
Кулеш паплыў таксама паўз бераг «па-сабачаму», высока падымаючы над вадой голаў.
— Во дае сабачы брас, — рагатнуў Бранавец, перавярнуўся на спіну, — паказваў і сваю сілу, і свой спрыт. Але яму мала было плаваць спакойна.
— Што агінаешся, спаласніся хоць, а то стаіш, як цявіна абвіслая! — дабіраўся ён да Васілеўскага.
Той толькі махнуў рукой. Бранавец не вытрываў, выйшаў на бераг, згроб Васілеўскага папярок тулава, бягом панёс на глыбейшае і шыбануў у ваду. Калі сышліся кругі, Васілеўскі так і не паказаўся з вады. Бранавец спалохана стрыгануў вачыма наўкруга, нібы выбіраў, куды кінуцца ўцякаць, спыніўся вачыма на Лазоўскім і на Куляшу.
— Нырай, асмалак, маць тваю! — крыкнуў на яго Корзун, які з усяе сілы гроб рукамі да таго месца, дзе Бранавец укінуў у ваду Васілеўскага. Але Бранавец толькі пазіраў усё на Лазоўскага і на Куляша, адступаўся да берага.
— Нырай! — яшчэ раз раўнуў на яго Корзун.
I якраз у гэты час за метраў дваццаць паказалася з-пад вады галава Васілеўскага, ён фыркнуў, як кот, і мякка, спакойна паплыў у возера.
— Хопіць, а то дагуляецеся, — толькі і знайшоўся сказаць з палёгкай Кулеш. Бранавец першы пайшоў да берага. Ачомаўся крыху, страсянуў галавой:
— Бач, здыхляк, як плавае!..
— А ты, герой, мо і трусы ўжо абмачыў,— не прамінуў Корзун, выходзячы на бераг.
— Я ж не ты, здор, які не тоне..
Падплыў да берага і Жэнік. Па чарзе шаравалі адзін аднаму спіны, мылі галовы. Потым расчэсваліся, абсыхалі на сонцы.
Васілеўскі ўсё плаваў, потым прыпыніўся, прыслухаўся, нават галава яго прыпаднялася над вадой, і хутка паплыў да берага. Мужчыны таксама пачулі далёкі трэск матацыкла. Бранавец рагатнуў:
— Во падла, гарэлку чуе! Глянь, як грабе!
Яны засмяяліся, гледзячы, як спяшае Васілеўскі. Да масткоў тым часам пад’ехаў на матацыкле механік.
Тоўсты, у расшпіленай да пупа клятчатай рубашцы, крыху касалапы, уперавалку з нагі на нагу, у адной руцэ ён нёс пакаўную гаспадарчую сумку, другой выціраў узмакрэлы потны лоб.
Сумку паставіў пад вярбой, а сам, на хаду раздзеючыся, зачэкаўся да вады.
— Во дзе дабрыня, хлопцы!
Пот цёк у яго па лысіне, але механіку гэта не замінала спяшаць, гаварыць:
— Давай, Васілеўскі, рассцілай газеты, а я паплаваю троха.
Ён смела плюхнуўся ў ваду і лёгка паплыў.
— Бач, які гладкі, як асянчук. Трыбух нагадаваў, хату выбудаваў, машыну купіў і начальнікам стаў.— Бранавец востра кінуў вокам на механіка.
— А табе хто не даваў? Трэба было вячэрнія дзесяць канчаць, а не гарэлку жлукціць і баб шчупаць, — Корзун не даваў яму спуску.
— А маць яго… Хоць пагуляў, а цяпер можна, як каню, у баразну станавіцца і валачы. Або яго навука ў механікі вывела? Во гэтая рыжая карова, — ён кіўнуў на сумку. — Каму толькі не дагаджаў. Цяпер, каб як след мы на жніво выйшлі, грошы і на нас найшоў, на возера прывёз…
— Але ж, падла, аднае гарэлкі набраў. Каб віна, то кожнаму па адной на рыла было б.
Васілеўскі абураўся на механіка па-свойму. Ён разаслаў газету, разрэзаў сала, расклаў пер’е цыбулі, адчыніў дзве кансервавыя бляшанкі, парэзаў буханку хлеба, паставіў дзве шклянкі. Адвінціў пластмасавы бітончык, панюхаў:
— Бярозавы…
— А ты думаў, самагонкі табе, — сцепануў плячом Бранавец.
Лазоўскі сядзеў, прытуліўшыся плячыма да вярбы. Кулеш прылёг на траву, прыслухоўваўся да цішыні і да сябе самога. Не часта астаецца часу вось так проста паляжаць, даць адпачыць целу і прыслухацца да цішыні.
— Калі будзе гэтак жарыць, то нам толькі ўспявай ухваціць усё з поля, — гаварыў механік, расчэсваючы рэдзенькія валасы, на хаду адзеючыся. — У панядзелак пробны выезд, а там і зажнём…