— Рана нам яшчэ, хіба на ўзгорках дзе, — сказаў Лазоўскі і падсунуўся бліжэй да газет.
— Цябе пытацца не будуць! Дадуць каманду з раёна, каб зажалі, і зажнём, усе дружна, і першыя тоны здадзім, каб не адстаць ад другіх. Наша дзела цехніка. Усё, мы гатовы, праўда, Фёдаравіч? — Бранавец зірнуў на механіка. — Я свайго сёння завяду, і ён, як звер, дзве такія ўборкі адмалоціць…
— Чаму не адмалоціць? Новенькая «Ніва». На новым любы герой пад сябе рваць, — усміхнуўся Жэнік.
— I мой некалі старым стане.
— Не трэба, хлопцы, наперад… Выедзем у поле, там яно сваё пакажа. Давайце за тое, што кончылі мы рамонты, а пакуль перадышка — вып’ем.
Механік піў паволі, як смакаваў, і бачыў усіх. Бранавец хвацянуў залпам, зараз, Корзун роўна, за два глыткі, Лазоўскі піў паволі, як ваду, Васілеўскі моршчыўся, але не адымаў стограмоўку ад рота, Кулеш адпіў паўчаркі і паставіў.
Закусвалі моўчкі. Першы насцеражыўся механік, калі пачуў вуркатанне «козлікавага» матора.
— Не, гэта не яго… Гэта аграномка.
— Вельмі ты яго баішся! Не было яго, спраўляўся і ты сам, без інжынера. Гэта цяпер напрыдумлялі.— Корзун мачаў цыбулінай у соль.
— Не, чаго… Ён ведае цехніку, самі бачылі. Я што, такі, як і вы, самавучка, пракцік. Паправіць што, запчасткі прывезці. Ён толькі што хоча, каб у нас, як на заводзе, усё было, як на канвееры. I мы да гэтага не дараслі, непрывычныя, ды і не канвеер у нас.
— Няхай неба цэлафанам завесіць, каб дождж не паліў,— усміхнуўся Бранавец.
— Нічога, пабудзе, абатрэцца, я так рашыў. Мы ўсё роўна тут былі і тут будзем. Ніхто без нас нашу работу не паробіць. А таму лепш не заядацца. Разумны чалавек прыжываецца, а не — далей пойдзе шукаць сваё. А нам з вамі,— механік зноў наліў.
Мужчыны згодна кіўнулі галавой.
— Яно пазней мо так і будзе, а цяпер яшчэ далёка нам да такой работы, як на заводзе.
— Чаму далёка? Бач, пасёлак пастрояць адзін, як гарадскі, знясуць нас усіх на цэнтральную, — падкінуў Корзун Жэніку.
— Ты пра гэтыя неперспектыўныя? — папытаўся механік.
— Дзе тых грошай набярэшся, каб усё ўзяць і перавезці. Ты альбо я кінем усё дагледжанае і паедзем? Усё гэта мо калі і будзе, але яшчэ не пры нас. Праўда, на прадсядацеля жмуць, каб домікі строіў. А ён гне, што трэба ферму здаць, каб грошы былі, а пасля можна будзе і тыя домікі ў пасёлку ставіць.
— Прыжмуць, і будуць ставіць, — гмыкнуў Васілеўскі.
— Ты закусвай, Коля, закусвай, — прапанаваў яму Лазоўскі.
Пасля выпітага Васілеўскі неяк размяк увесь, нібы распоўзся.
— А што ты мне рот затыкаеш?
— Пад’еш, а то ап’янееш. — Жэнік таксама падклаў Васілеўскаму хлеб і сала.
На нейкі час мужчыны прыціхлі. Самы малады з іх, з тых пасляваенных пераросткаў, што не паехалі ў горад, Васілеўскі быў і брыгадзірам. Трое дзяцей. Цяпер механізатар. I співаецца з кожным днём.
— Мне плот трэба было паправіць, а то на агарод абваліцца, — сказаў пра свой клопат Лазоўскі.
— Гаспадар, летам плот правіць, — гмыкнуў Корзун.
— Дзеці па папяроўкі лазяць, паламалі.
— Пасядзі дзень без работы, бо саўсім у корч сагнешся. Думаеш, дзеці твае цябе за твае грошы даглядаць будуць? Здадуць у багадзельню. Бач, Кулеш, робіць і робіць, а яго выбранка ўсе яго грошы на анучкі з дачкой, як цераз прамую кішку прапусціла. Паехала да дачкі, а ён сам сабе трусы мые.
— Ён хоць сам сабе мые, але з расшпіленымі штанамі, як ты, пры добрай жонцы, не ходзіць, — заступіўся за Куляша Корзун. — Не даюць табе спакою чужыя грошы.
— Хваціць вам, на рамонце згадзела вас слухаць. Во адвячорак які, хоць ты прыляж ды прыдрамі. Маці некалі казала, усё роўна як і сам бог прыгрэўся на сонцы, — перапыніў іх Лазоўскі.
Яму яшчэ хацелася сказаць, што як прыйшлі яны з вайны, то не было ні тае выгады з работы, ні таго дастатку, як цяпер, не кажучы ўжо пра заработак, а яны рабілі. Ды і як рабілі, ад цямна да цямна, ноч прыхватваючы. На спустошанае прыйшлі, з холаду, з голаду. А і цяпер, здаецца, ніхто лепш за іх не робіць, яны яшчэ рабочая сіла. Цяпер за работу і пашана, і грошы, і ордэны, як Куляшу. За вайну не далі, а за работу зарабіў.
Зялёная дубровачка,
Чаму рана зашумела,
Жоўтым лісцікам зажаўцела?
Заспяваў механік ціха, глыбокім, але нейкім вольным, шырокім голасам. Быццам аднекуль звысоку аглядаў ён і поле, і тую далёкую, аж пры небасхіле, дуброву. Здавалася, што і песня сама наплывала з лёгкае спрадвечнае палявое смугі над слуцкімі палеткамі. Услед ім песню падхвацілі Бранавец і Корзун.