Кулеш ківаў у такт песні галавой, глядзеў на Лазоўскага, які варушыў губамі, нібы хацеў падспяваць, але не адважваўся, ці развучыўся. Жэнік прыжмурана глядзеў удалечыню за возера, на белы будынак калгаснага клуба.
Цяпер ужо нібы перагаворваліся два галасы, расказвалі вечную, няхітрую гісторыю чалавечага жыцця. I затухалі згодна нейкай ціхай і светлай журбой.
Пасля песні маўчалі, як пасля доўгае дарогі.
Потым Корзун прыслухаўся і сказаў:
— Здаецца, мая ўжо разведала. Гарэлку, як карова воўка, за вярсту чуе.
Па дарозе да возера курэў матацыкл.
— Чорта яна цябе з-за гарэлкі пільнуе! Каб якую даярку не завёз сюды, — падкалоў яго Бранавец. — На, чмыхні на дарогу, усё роўна папахваліць цябе сёння.
— Каб мая гэтак, як ведзьма на мятле, лятала, я б яе адмясіў,— пракаменціраваў далей Бранавец і глядзеў, як Корзунава жонка падрулявала да масткоў.
— Ты адно толькі і ведаеш — адмясіць.
Корзун устаў, уссунуў на ногі сандалі.
— Пайду, а то як уварвецца сюды мая алкагольная рэвалюцыя, то будзе і вам!
Жонка тым часам ужо па-мужчынску, рыўком паставіла матацыкл на падножку, завярнулася да вострава, узяла рукі ў бокі. У чырвоным шлеме, у белай кофтачцы без рукавоў, у караткаватай спадніцы і спартыўным трыко — чакала.
Корзун з мосціка, як прэм’ер з трапа, махнуў ёй рукой.
У адказ жонка паказала кулак, зняла матацыкл з падножкі.
Ад матацыкла Корзун памахаў мужчынам рукой, сеў на задняе сядзенне, абняў жонку і, мабыць, ціскануў яе за грудзі, бо яна круцянула на яго галавой, і матацыкл паехаў па поплаве на дарогу.
— Во здор, выбраў сабе, прывёз з-за свету, — не стрываў Антон.
— А чаго? Добрая баба. I яго глядзіць, і ён да яе.
Лазоўскі ўстаў. За ім усталі і ўсе. Механік згроб у сумку астаткі закусі разам з газетамі, забраў бутэлькі.
Бранавец раскатурхаў Васілеўскага, які мірна задрамаў пры парожняй чарцы, павёў яго да матацыкла і пасадзіў у каляску. Лазоўскі таксама паехаў з механікам. Жэнік і Бранавец пайшлі да свае вёскі, а Кулеш — на сваю сцежку.
Душна, ціха вечарэла і яшчэ мацней пачынала пахнуць спелай збажыной.
13
— Ну-у, Пярэсты! А, ваўкарэзіна, лянуешся ногі змяніць! — Жыгар дастаў каня дубцом па нагах, і той нехаця затрухаўся бягом. Колы мякка пакаціліся па паплаўной дарозе. Жыгар паправіў касу, якая была запрэжана і ляжала ў возе. Здаецца лета, цяпло, а зранку ў адным пінжачку і не тое каб халаднавата, але неяк свежа. Як ні гавары, хоць і былое балота, а трымае ў лагчыне вільгаць.
Наводдаль ад дарогі, за электрапастухом, хадзіў калгасны статак. Каб раней, то такую цімафееўку ніхто б не даў каровам таптаць. А цяпер яны пасвіліся па траве ў калена, калі вытоптвалі, пераганялі чараду на суседні калектар, адгароджаны электрапастухом. А на гэтым падсявалі ўгнаенне і нават палівалі, каб трава адрастала. Усё ж пасля меліярацыі на ўробленым людзьмі балоце запасіў на зіму сена і калгас сабе, і людзям хапала, і пашы трымаў вунь якія, што некалі і не сніліся. Ганялі кароў на пустых папарах і хацелі, каб малако давалі.
Пярэсты прабег крыху і зноў перайшоў на свой прывычны роўны ход. Жыгар не падганяў яго, каб не калаціцца ў драбінах, бо поплаў кончыўся і дарога пайшла па цвёрдай зямлі. I адразу ж павеяла цяплом, як ад нагрэтае печы. Жыгар неўзабаве скіраваў каня на вузкую, зарослую піжмай і крываўнікам мяжу, якую невядома нашто пакідалі паміж палеткамі.
Сінія валошкі выйшлі з жыта да сонца. Бярозка абвівала жытнёвыя сцябліны, цягнулася ўгору. 3 другога боку ад мяжы расла бульба. Ліст на ёй пажаўцеў мясцінамі, а сямтам і высахлі сцябліны.
Жыгар з’ехаў у лагчыну, да невялічкага лужка сярод поля. Жыта вымакла ўвесну, і да лужка можна было пад’ ехаць з возам. Толькі зрэдку тырчалі сям-там жытнёвыя сцяблінкі, праменькія, з пустым коласам. Такія лужкі былі на кожным полі. У іх стаяла цёмная балотная вада, дно было гразкае. У самае спякотнае лета лужкі перасыхалі зусім, і гразь камянела, трэскалася. Цяпер трактарамі, калі аралі восенню, лужкі зворвалі амаль зусім, а некаторыя і зусім заворвалі. На месцы гэтых лужкоў шэра бялеўся глей. I ўсё роўна на іх месцы нічога не расло, бо вымакала вясной. А калі трымалася дажджлівае лета, то зноў пачынала брацца асака, трава. У засуху ж, акрамя травы, разараныя лужкі пачыналі зарастаць ваўчкамі і драсёнам.