Выбрать главу

— У іх сваё жыццё. Ім там лепш жывецца, і мая Мар’я, бач, задрала голаў і ў горад, як карова ў канюшыну, на старасць год.

— Ты свае Мар’і не знаеш… Яна як панясе дык панясе, — раптам засмяяўся Жыгар.

— Ну, ляйчына як пападзе пад хвост, то панясе. Гэта я ведаю. Гэтага дабра з мяне за век хапіла, — Кулеш згадзіўся весела, быццам усё тое было з некім другім.

Жыгар глядзеў, як Кулеш спрытна завіхаецца са шпрыцам.

— Баба, Ян, цёмная сіла, дна гэтай цёмнай сіле і канца няма. Гэта як пашанцуе каму, і калі любіць яна каго, то і жыццё зжыве, як песню саспявае чалавек. А як не, то ўсё будзе то не гэтак, то не так, то сяк-напераўкасяк. Альбо і зусім разваліцца. Не, бабская натура нязменная. А так жывеш, жывеш, а ўспомніць і няма чаго.

Кулеш паклаў у скрынку з інструментамі шпрыц, паглядзеў на Жыгара і прамаўчаў, падумаў пра нешта сваё.

— А ты хіба адзін, без памочніка? — запытаўся Жыгар, каб перавесці гаворку на другое.

— Жолуда мне далі. Мабыць, перапіўся ўчора, не аб’явіўся пакуль што. Пад абед калі хочаш прыйдзе.

— Прападае мужчына з-за гарэлкі. Хоць бы лячыць яго адправілі.

— Туды яго нельга, ён на туберкулёзным уліку.

— Дык ты сёння за дзень і шумнеш гэтае поле? — папытаўся Жыгар.

— Калі мой ветэран не паломіцца, то сажну.

— Як душа мая чула, што трэба браць падводу і травой дадому везці. А то кароў пусцяць, і прапала маё сена.

— Дадому забраць надзейней, — згадзіўся Кулеш і палез у кабіну.

Жыгар паволі пайшоў назад да свайго лужка. А цікава, калі падумаць пра таго ж Куляша і пра дачку Русакевічаву, як яны любяцца? Зусім як маладзенькія? Хаця і ён, Жыгар, тады быў не намнога маладзейшы, чым Кулеш цяпер. Праўду сказаў Кулеш, што калі не адчуваеш сябе старым, то і не стары. I ён тады не адчуваў сябе старым, пра гэта і не думалася, цела было здаровае і паслухмянае. Усё спраўнае, усё на месцы, а таму пра ўзрост, пра гады і не думалася. Тады яшчэ пляцы не абрэзвалі, па шэсцьдзесят сотак мелі. I тады яшчэ на пляцах сеялі збожжа, часцей жыта, бо хлявы саломаю крылі, і трэба было рамантаваць стрэхі і перакрываць. Сеялі жыта на пляцах на кулі.

I схапіць гэтыя снапы з поля дадому было толькі пасля работы, адвячоркам. Жыгар у той дзень вазіў калгасныя снапы ў гумно і ўжо ехаў ў канюшню выпрагаць каня, калі Мар'я Куляшова ад малатарні ішла. Моцная, у лёгенькай, цеснаватай на ёй сукенцы, з касынкай на галаве і з сахаром у руцэю

— Садзіся, Марыя, падвязу.

— Вы б лепш, дзядзька, каня далі снапы з пляца прывезці.

— Паехалі. Хто ж табе накладзе? Ці я ўжэ гэтакі ўломак.

— Вой, то дзякуй вам! Я думала сама накладу, а Паўлік бы падаў.

— Паўлік твой яшчэ малы снапы цягаць.

Жыгар шлегануў каня ляйчынаю па баку. Мар’я сядзела побач з ім на аглабіне, і ён адчуваў цеплыню ад яе цела.

— А твой ударнік жне ўжо недзе?

— Жне. Камбайн яму далі гэтае лета.

— На камбайне хоць заробіць, не тое што мы тут.

— Павінен зарабіць, а так на чорта гэтакая работа, што і дома не стыкаецца.

— I гэта праўда. Пры гаспадарцы мужчына дома патрэбен.

— Усё з-за гэтага зарабатку гонішся…

Мар’я была быццам незадаволена заробкамі мужа. Ужо пачынала цямнець, але не спала яшчэ дзённая гарачыня. Мар’я лёгка падавала яму на воз снапы, ён глядзеў на яе плечы, на яе рукі, на ўсю яе, налітую спелым жаночым сокам і сілай, і гэта хвалявала яго. Воз наклалі хутка, уціснулі, і калі ўціскалі і Мар’я прытулілася да Жыгара, то плячо было надзіва гарачае і мяккае.

Дадому Мар’я пайшла напрасткі, каб адчыніць вароты на двор і прыгатаваць на таку месца: куды скідаць снапы, а Жыгар паехаў наўкруга па дарозе.

Сонца ўжо чырвона села за небасхіл, але цямнела паволі, як і заўсёды ўлетку.

Снапы Жыгар скідаў прама на ток, а Мар’я стараніла. Потым ужо рукамі падаваў з воза, падносіў іх у гумно. Яны не гаварылі больш нічога, Жыгар толькі адчуваў, што хвалюецца ўвесь, і гэтае хваляванне панавала ў паветры. I яно ішло ад Мар’і. Калі яна брала ў яго з рук сноп і выпадкова дакранулася да яго рукі, гарачыня гэтая ашпарыла. I наступным было адчуванне, што яе вялікая і тугая гарачыня абхапіла ўсяго яго. Жыгар ступіў да Мар’і. I потым то быццам знікаў у ёй, то зноў на нейкія імгненні вяртаўся з небыцця. Здавалася, што гэта было доўга-доўга, і пасля асталася светлая пустата і лёгкасць…

Мар’я ляжала нерухома, бялелася ў прыцемку і не саромелася яго. Яна не вярнулася яшчэ са свайго бяспамяцтва.

Жыгар ціха, асцярожна выйшаў з гумна, выехаў з двара. I пакуль ехаў, стоячы ў возе, адчуваў, што не можа супакоіцца, трымціць кожная крывіначка ў яго целе.