Праз дзён колькі Мар’я перастрэла яго ля кузні, павіталася:
— Можа б, мне касу пабілі, дзядзька, а?
Жыгар убачыў, як блішчаць яе вочы, і зноў ад яе голых рук, ад усяго цела пачуў тую самую цеплыню, якую адчуў у той адвячорак. I зноў захвалявалася ўсё цела, затуманілася ў галаве, нібы вочы яе ўцягвалі ў сябе.
— Не, Манечка, не! У мае гады ніхто мне такога не даруе. Ты маладая, табе можна.
— Як ведаеце, дзядзька! — усміхнулася яна.
I не спяшалася пайсці. I потым яшчэ неаднойчы Жыгар лавіў позірк яе вачэй, затуманена бліскучы, які прыцягваў да сябе.
Жыгар роўна махаў касою. Цяпер ён не адчуваў у сабе нават і следу таго хвалявання. Ён і тады, і цяпер думаў пра тое, што Куляшу не пашанцавала з жонкаю, бо ведаў, чаму і чаго рыкае Мар’я. Але так уладкавана ў свеце, што нічога само па сабе не праходзіць і не даруецца. Здавалася, жыццё пражылі Куляшы, а трэба было з Сібіры ехаць сюды
Русакевічавай дачцэ… I хутчэй за ўсё абаім ім, ёй і Куляшу, радасці мала будзе.
Жыгар да абеду скасіў і наклаў на воз траву, прывязаў яе вяроўкамі, каб не раскідалася, а Куляшоў камбайн спорна снаваў па полі, і жытнёвая палоска ўвачавідкі меншала і меншала.
14
Голас Усцінкі Мар’я пазнала адразу. Ды і чуваць было добра, быццам побач стаяла Усцінка.
— Вечар добры, мая галубка. Ты думала, што я забылася пра тое, што з табой гаварыла? Дамовілася я з маёй суседкаю, запішы яе тэлефон.
— 3 якою суседкаю? — не зразумела спачатку Мар’я.
— Ну, з тою, на танцы разам схадзіць.
— Дзякуй, цётка, не трэба. Якія тут танцы? Трэба паехаць дадому, хоць памыць там што, прыбраць.
— Яно трэба, мабыць, табе паехаць. Я Маню Міхаілаву на днях на Камароўцы сустрэла была. Прадаваць яблыкі яна прыязджала. Дык яна мне расказвала, што вярнулася з Сібіры дачка Русакевіча, настаўніка. Таго, што некалі да нас з акадэміі прыехаў. А Кіршчэня выдаў тады нацдэма.
— Адкуль вы ведаеце, цётка? — папыталася Мар’я. Тое, што вярнулася Русакевічава дачка, яна ведала.
Свякроў расказвала пра яе вяртанне і пра тое, як памагала ёй.
— Гэта тады ўсе ведалі. А хто ж яшчэ? Ён жа акцівістам быў. Усюды ўрагоў тады арыштоўвалі. I яго арыштавалі. Пра гэта я чула тады, як медсястрою рабіла. I Марозік-фельчар, і Курганчык многае расказвалі пра тое, што рабілася. I пра Кіршчэню. Ён жа быў, як каршачок над усімі. Колькі мой Амерыканец яго папагадзіў, папаіў гарэлкаю і кілбаскаю папакарміў! Мая ты галубка, даўно гэта было. А настаўнік — чалавек новы, прыезджы. Дык мне, ведаеш, што Маня расказала? Надта ж твой Ян шчыруе ля гэтае жанчынкі. Яна маладзёна яшчэ і з выгляду. Ды Маня казала, што і ў хаце ў яе ён усё парабіў, і нават у дзіцячым садзіку, дзе яна рабіць асталася, усё паправіў, павыфарбоўваў.
— Вой, вы нагаворыце, цётка?! Унукі ў чалавека ўжэ!.. Мар’я адчула, як гарачыня ашынула галаву. А чаму і не, калі маладая. Паміж сабою яны, здаецца, вечна ці рубам адно да аднаго, ці зусім задам.
— Я ж, мая галубка, нічога не кажу. Табе ж самой відней. Я табе пераказала толькі, што мне Маня сказала. Бабы, яны і нагаварыць усякага могуць.
Мар’і не хацелася больш слухаць Усцінку. «Бач ты, Леначка нутро пачула: і сапраўды Шапакляк чорны», — падумала Мар’я, але ўжо спакою не стала, пачала званіць на работу Веры, каб тая сама забрала з сада Леначку.
У буднія дні на вакзале народу хоць і збіралася многа, але на Слуцк білеты былі, і Мар’я села ў аўтобус адразу ж. Аўтобус мяккі, вялікі, новы, ішоў экспрэсам, і на слуцкім вакзале Мар’і давялося чакаць амаль паўтары гадзіны.
Са Стараселля нікога на аўтобусе не было, толькі дзяўчынкі-школьніцы Кавалёвых ехалі. Ды яшчэ з калгаснага пасёлка. У твар іх Мар’я ведала, але — не болей. Цяпер у калгас наз’язджалася з усяго свету. I яны нікога вясковых не ведаюць, і вясковыя іх не надта.
Мар’і было гэта на руку, не хацелася, каб хто лез з роспытамі ці з расказамі. Яна прыстроілася ля акна і не бачыла, як у горадзе, на выездзе зайшла старая Ясіха.
— Дзень добры, Маня. А я глянула, здаецца, і знаёмы нехта.
Ясіха не чакала адказу, умасцілася побач з Мар’яй.
— Ты гэта з Мінску едзеш? У каторага ж была? Але што я пытаюся! У дачкі. Сын жа ў цябе старэйшы, у начальстве, яму ўсяго хапае. А маці з-за дачкі хіба спакой будзе?
Старая паправіла пад барадой ражкі хустачкі, і вочкі яе востра і пільна зірнулі на Мар’ю.
— I вам жа не сядзіцца, цётка.
— Не сядзіцца. Дзе ж ты, жывы чалавек, уседзіш. усё ж хочацца паправіць ці зрабіць, каб лепш было. Сам ужо пр. сябе не надта і думаеш.