— А што вам думаць? Кватэру ж пабудавалі, мэблі накуплялі. На ўсім гатовым пасадзілі.
— А думаеш, усё гэтае гатовае грэе? Мо каб самі зарабілі, самі агоралі, як некалі гаварылі… Што ж ты думаеш, ад лёгкіх грошай дабро вялікае? Ён жа прывучыўся піць, пасля работы не можа, каб не хлебануць дзе. А дзе п’янка, там і на дурное цягне. Цяперашнія ж жанкі не глядзяць, альбы пад руку мужчына папаўся.
— А некалі надта лепшыя былі? Старыя ж расказваюць.
Мар’я ўсміхнулася, паглядзела на старую. Гэта ў яе была мянушка Аборачка. А пайшла з таго, што мужчынам, якія да яе падыходзілі, наказвала: «Як прыйдзеш да сянец, руку прасунь у акенца і пацягні за аборачку». Аборачка тая вяла да замыкла-засаўкі ў дзвярах у сенцах. А сама на тую пару выходзіла ў сенцы спаць, бо ў хаце ад цяжкага духу ў яе галава пачынала балець.
Старая паглядзела на Мар’ю востранькімі вачыма, выгляду не падала, што зразумела, у чый агародчык кінуты камень, і вырашыла аднесці пірагі:
— У цягіерашнім свеце верыць цяжка. Вот і на твайго б хіба хто хоць што сказаў? Век бы і не падумаў! А як прыехала гэтая сібірачка, дык ён там у яе і платы ўсе пагарадзіў, пакуль цябе не было! Мала што ў хаце ўсё абрабіў, дык і ў садок следам пайшоў. Яна дзяцей у калгасны садок устроілася даглядаць. Дык і ён ля яе цэлыя дні, тыя дзіцячыя гушкалкі быццам рамантуе. I адрамантаваў, і нават павыфарбоўваў. Усё роўна як і работы ў старога мужчыны няма больш…
Старая гаварыла моцна, каб чуў увесь аўтобус:
— Я б, на тваім месцы, завязала б ёй на голаў спадніцу і па вуліцы б з крапівою голую прагнала…
— Вот страху вялікага, што памог жанчыне плот загарадзіць. А хіба ж вам ваш Ясь, як усе, хто толькі не лянаваўся, за вяровачку шморгалі, на голаў спадніцу завязваў? — адбрыла старую Мар’я.
Хлопцы, якія сядзелі ззаду, рагатнулі:
— Во даюць, старушкі!
Мар’я не стала чакаць, пакуль старая пачне аскірзацца, бо сварыцца тая ўмела, устала і пайшла бліжэй да д *вярэй. Але злосць бушавала ў грудзях. I з аўтобуснага прыпынку Мар’я шыбавала дадому не пераводзячы духу.
Старая Люба, як угледзела нявестку, па тым, як яна прэ, ніЬы ласіха, напрасткі з аўтобуса па разорцы між бульбоўніку, здагадалася, што да Мар’і дайшлі чуткі.
Мар’я павіталася са свекрывёй, уляцела ў сенцы, выклала з сумкі ў буфет прывезеныя батоны і хлеб, шмарганула нечага ў хату, вярнулася адтуль. Ёй нібы цесна было ў хаце.
— Есці хочаш? У мяне макарона зварана, — прапанавала старая, як быццам нічога і не заўважала.
— Не хачу я есці. А Ян дзе?
— Жне. Ён жа зноў на камбайн пайшоў.
— Жне? А можа, яшчэ і малоціць начамі?
— Можа, і малоціць. Ты сама ў яго папытай. — Старая Люба адказвала роўна, спакойна, хоць у самой трымцела нешта ў грудзях. — Ты менш слухай, што чужыя языкі наплятуць.
— Ага, можа, пачакаць, пакуль клунак звяжа і зусім да гэтае к… пяройдзе? Кніжку туды ад мяне, ад дзяцей занясе?
Мар’я не верыла, што ў Яна няма яшчэ аднае ашчаднае кніжкі, на якой ён назбіраў грошай, тых, што не аддаваў ёй.
— Не пляці дурнога. Якія грошы ў яго?
— Дурную з мяне робіце! Не, я так сядзець не буду! Я іх гэтак развяду, што дзесятаму закажуць! Я ім любоў пакажу!
Мар’я яшчэ пакруцілася па хаце, а потым пашыбавала на двор, з двара на вуліцу.
Прадчуваючы нядобрае, старая Люба выйшла на двор, потым у вулачку. Ціха і душна на дварэ. I людзей нідзе не відно, толькі дзіцячыя галасы чуваць. Дзеці гулялі на вуліцы, і нават гарачыня не перашкаджала ім. I раптам гэтую цішыню ўзарваў трубны Мар’ін голас. Старая Люба не магла разабраць слоў, але крык ператварыўся ў гвалт, умяшаліся другія галасы. Крык чуўся з былое панскае сядзібы, ад дзіцячага садзіка. Мар’я дабралася да сваёй суперніцы і як сава зайца, мабыць, драла яе.
Калі выходзіла з дому, Мар’я яшчэ не ведала, што будзе рабіць. Ногі міжволі самі панеслі да хаты Русакевічаў. I прыглядацца не трэба было: платы і варотцы падрамантаваны, павыкошвана ўсё пустазелле. Мар’я нават ткнулася згарача на двор, але на дзвярах у сенцы вісеў замок. Цераз агароды выйшла на гуменную дарогу і адтуль пакурэла да дзіцячага садзіка.
Час быў пасля абеду. Галя паклала дзяцей спаць, а сама прысела насупраць адчыненага акна ў альтанцы з кнігаю. Змалку яшчэ бацька прывучыў яе чытаць. Было чуваць, як на кухні кухарка Каця і нянечка Волька ціха бразгаюць, мыюць посуд.
Галя ўгледзела жанчыну, мажную, рослую, незнаёмую, якая ад варотцаў заўважыла яе ў альтанцы і павярнула туды.
— Вот ты якая, курва сібірская! Дак гэта ён мяне высадзіў, а цябе пасадзіў у матацыкл? Чаго вытрашчылася? Я табе бельмы твае бясстыжыя выдзеру! Мала табе тых, што па ўсім свеце скаланула, дак ты і сюды дабралася!