Выбрать главу

— Ціха, дзяцей пабудзіце! — ступіла ёй насустрач Галя, і ў той жа час твар балюча апякло. Мар’я растапырыла пяцярню і паласнула суперніцу па твары.

— Я з цябе кудлы гэтыя завітыя выдзеру!

Галя закрычала ад болю і ад страху, ад неразумення, што адбываецца, баронячыся, сунула рукамі перад сабой і зноў пачула рык:

— А, курва, дык ты яшчэ пальцамі ў вочы цаляеш! А вот табе! Я цябе голую ў людзі выпушчу!

Мар’я рванула на суперніцы кофтачку.

У гэты час з будынка выбеглі Каця з Волькаю, кінуліся да разлютаванае Мар’і:

— Што ты робіш? Чалавека скалечыш!

Жанчыны павіслі ў Мар’і на руках, Галя адскочыла ўбок, прыкрываючыся разарванай кофтачкай. Адчувала, як пячэ ў твар, як солана ў роце ад крыві:

— Сюдою, загуменнем, Іванаўна, бяжыце дадому! Дадому бяжыце! — махала на Г алю рукой старая Волька.

— Я табе ўсе вокны вымалачу! Я цябе, курва, бягом назад у тваю Сібіру запру!

Мар’я бачыла, як суперніца бокам, нібы спатыкаючыся, ішла загуменнаю дарогаю дадому. Мар’я яшчэ спрабавала вырывацца, але вырывацца ўжо не было чаго. I яна крычала, каб усе ведалі. Крычала ўсё, што магла, каб чулі ўсе. Яна ганьбіла і верыла, што ад гэтае яе ганьбы нікому не адмыцца. У вокны на яе спалохана глядзелі дзеці.

* * *

Кулеш заўважыў, што машына, якая адвозіла збожжа, едзе насустрач камбайну, хоць у яго намалочана толькі трэць бункера і ён не падаваў машыне знаку. Машыны звычайна чакалі пры дарозе, пад’язджалі пасля сігналу.

Малады, толькі пасля арміі шафёр, Колік Маталыцкі махнуў Куляшу, каб спыніўся, і, стоячы на падножцы, крыкнуў:

— Дзядзька, едзьце сваю Мар'ю налыгвайце, а то заб’е гэту вашу сібірачку!

Сказанаму Ян паверыў адразу ж, можа, было прадчуванне, што нешта павінна здарыцца, занадта добра і лёгка было яму апошні час, — можа, таму, што Толік гэтакага не мог прыдумаць і пажартаваць з ім.

— Садзіся, жні,— загадаў Кулеш памочніку, які з-за недахопу «гаручага» быў цвярозы, паслухмяны і сумны.

— Паехалі,— не то загадаў, не то папрасіў ён Маталыцкага.

Мар’я паляравала ўжо на вуліцы ля садзіка. Крыху збоч стаялі Каця з Волькай, наводдаль з веласіпедамі і без іх малеча, якая збеглася на крык.

— А во і малады прыляцеў! Я і табе, як гэтай тваёй, вочы выдзеру!

Мар’я ап’янела ад перамогі, ёй нічога не страшна было, тым больш муж, які вечна змоўчваў, яна прагла пакараць яшчэ і яго.

— Дзе Іванаўна? — Кулеш нібы не чуў Мар’і і не заўважаў яе.

— ГІабегла агародамі дадому! Скрывавіла яна яе ўсю, — спалохана адказала Каця.

— Я і табе вочы выдзеру!

Мар’я пайшла на Куляша.

Ён не памятаў, што ў руках у яго стары прывадны пас, з камбайна. Але рука ведала, што трымае.

Удар цераз плячо сагнуў і апёк Мар’ю. Яна аж прысела, міжволі завярнулася ўцякаць, але другі гэткі ж бязлітасны, роўна адмераньі ўдар зноў прыгнуў яе да зямлі.

Замест крыку з грудзей вырвалася толькі тоненькае: воя-я-е-е!

Яна не ўспявала разагнуцца, прысядала ад кожнага ўдару. I боль, і ўдары не давалі пабегчы, паралізавалі, прыгіналі, здаецца, збівалі з ног.

Кулеш гнаў жонку вуліцай і роўна, раз за разам адмерваў, паўтараючы толькі адно:

— Гэта табе за ўсё!.. Гэта табе за ўсё!.. Гэта табе за ўсе!..

Мар’я хісталася перад ім, як п’яная, з боку ў бок, запляталіся ногі, і з грудзей вылятала толькі скуголістае «авой-я-ёй!».

Першая апамяталася старая Волька.

— А божачкі, што ж гэта нарабілася? Колік, бяжы. забяры яго, а то заб’е, дальбог, заб’е!

Маталыцкі дагнаў Куляша, згроб ззаду ў абдымкі. Кулеш не вырываўся, толькі паўтарыў услед жонцы, якая скуголіла і ўкосікі ішла па вуліцы:

— Гэта табе за ўсё!..

I паслухмяна пайшоў з Маталыцкім да машыны. Толькі ля камбайна зноў агледзеўся, што пас трымае ў руцэ, гідліва адкінуў яго ўбок, моўчкі падняўся ў кабіну.

I да самага канца дня не разгінаўся, жаў люта, без перапынку.

* * *

Мар’я дайшла дадому, як п’яная, скуголіла і толькі прыгаворвала:

— Забіў, жыўцом забіў!

Старую Любу яна нібы і не заўважала, снавала па

хаце, збірала сумку, і толькі калі Люба папыталася:

— Куды ж гэта ты? Хоць абмыйся.

— Не буду мыцца. Паеду да дзяцей! Хай бачаць, да чаго бацька іхні дажыўся. Паеду!

Аднак у той дзень да Веры яна не даехала. У аўтобусе крыху аслухалася, адышла, і ў Слуцку зайшла да Шуры Грышкавай, з якой некалі сядзелі на адной парце. Там выказала ўсю сваю крыўду, выплакалася, і каб правучыць Куляша, пайшла ў міліцыю, адтуль у бальніцу, зняла даведку пра пабоі. У суд падаваць не адважылася, ды і Шура адгаварыла. А ў райком напісала і медыцынскую даведку прыклала.